— Не,— адказала Каця.— Я і не пыталася... Ён апошнімі днямі позна прыязджае дамоў. У іх у фірме нейкія непрыемнасці.
Каця, прыгожанькая і смешная, падобная на ляльку, з абвязаным тоўстай хусткаю горлам ляжыць на канапе пад пледам. Побач — столік з лекамі і табурэт, на якім свеціцца экранам маленькі пераносны камп'ютэр.
Дзяўчынкі да болю ў вачах нагуляліся ў розныя камп'ютэрныя гульні. Надакучыла глядзець мультфільмы па відэамагнітафоне.
— Давай выключым усё,— прапанавала Аксана,— і запалім лямпу.
Так і зрабілі. За акном — шэрань змяркання. Пахмурна, дажджліва. А ў пакоі — утульна свеціцца лямпаначнік. Калі паварушыцца, па кутках і на столі таксама варушацца цені. Дзяўчынкі адны. Толькі раз за вечар у пакой зазірнула Каціна матуля, зусім маладая, як старшакласніца. Яна была з завітымі мокрымі валасамі і трымала перад сабою растапыраныя пальцы — сушыла лак на пазногцях.
— А, гуляеце? — толькі і спытала яна.— Ну, гуляйце...
Яна выйшла, а тады ўспомніла штось, вярнулася зноў:
— Як ты сябе адчуваеш, Кацярына?
— Я зусім здаровая, мама!
— Тэмпературу памерай.
— Толькі што выцягнула градуснік: трыццаць шэсць і восем.
— Вось бачыш, яшчэ высокая. Трэба ляжаць...
Матуля выйшла, асцярожна локцем прычыніўшы дзверы. Каця чамусьці ўздыхнула. Аксана прысела да яе на канапу.
Дзяўчынкі прытуліліся адна да адной і абедзве маўчалі. Аксана згадала тату: дзе ён цяпер? Мусіць, яшчэ ў дарозе. Імчыцца недзе па цёмнай шашы «рафік», стукаюць у шкло кроплі дажджу... Потым яна падумала пра Кацю. Каця багатая, прыгожая. У яе ўсё ёсць. Бацькі нічога не шкадуюць для яе. Але ўсё адно яна часта бывае такая задумлівая, сумная. І дзіўна: Аксана ніколі не зайздросціла яе багаццю, ніколі нават у думках не хацела памяняцца з ёю месцамі.
Аксана ўспомніла вечар у Паплавах, калі бацька расказваў гісторыю параненага французскага афіцэра, палілі куродым, а Чэсь такімі дзіўнымі вачыма глядзеў на яе... А на другі дзень пачаставаў чмяліным мёдам. Не, усё гэта цікавей, неяк цяплей, жывей за самыя прыгожыя камп'ютэрныя гульні.
— Заўтра я вылечуся,— сказала Каця, нібы ўгадаўшы яе думкі,— і тата ўрэшце адвязе нас да тваёй бабулі. Хутчэй бы!
— Не! — спалохалася Аксана.— Заўтра ты, калі ласка, яшчэ не вылечвайся! Я ж нічога не паспела, так і не схадзіла ў архіў... Пахварэеш яшчэ дзянёк?
— Добра,— пакорліва згадзілася Каця.
У пярэдняй пачуліся галасы. Неўзабаве ў пакой заглянуў Кацін тата. Сёння ён вярнуўся рана і быў вясёлы: відаць, справы ў фірме пайшлі на лад. Высокі, маладжавы не па гадах, з бародкаю. Бародку ён адпускаў не для зручнасцей паходнага жыцця, як Аксанін бацька, а для прыгажосці.
— Не спіце яшчэ? — весела паціраючы рукі, сказаў ён.— А чаму гэта толькі лямпа ў вас? А «відзік» чаму не глядзіце? А ў камп'ютэр чаму не гуляеце?
І, не чакаючы адказу, прысеў на канапу. Паклаў дачцэ на лоб далонь:
— Як ты?
— Зусім здаровая.
Аксана знайшла пад пледам Каціну нагу і сціснула яе. Але сяброўка нічога не зразумела.
— Дык што — заўтра можна везці вас? Я якраз вольны да абеду. Паспею адвезці і вярнуцца.
— Не, Ігар Валянцінавіч! — запярэчыла Аксана.— Каця яшчэ слабая, хай паляжыць дзянёк... — і, карыстаючыся яго добрым настроем, папрасіла: — Ігар Валянцінавіч, раскажыце, як да вас патрапіў талер? Той, што вы Каці падаравалі?
— А, талер,— Ігар Валянцінавіч наморшчыў лоб.— Гэты талер яшчэ з вайны, застаўся пасля майго таты, а Кацінага, значыць, дзеда...
— Чаму ты раней не казаў нічога? — спытала Каця.
— Гм, раней... Ці зразумела б ты? Ды я і сам наўрад ці змог бы расказаць як след... Непрынята было такое расказваць, гэта магло б табе пашкодзіць. Справа ў тым, што дзед у час вайны жыў у акупаваным немцамі Мінску. А ўжо адно гэта ставілася тады ў віну чалавеку. Пасля вайны яго арыштавалі, як ворага народа, і ён загінуў у лагерах. І хоць пры Хрушчове яго цалкам рэабілітавалі, усё адно — пляма сям'і «ворага народа»...
— А як да яго патрапіў талер? — нецярпліва спытала Аксана.
— Бацька працаваў у архіўным музеі і крадком выносіў адтуль усё, што мог,— каб не дасталося немцам. Маці расказвала — пры вобыску ў нашай кватэры знайшлі многа каштоўных гістарычных дакументаў і экспанатаў. А гэты талер нейкім цудам захаваўся.
— Значыць, ён сапраўдны,— прамовіла Аксана.— Адзін з тых трох...
Ігар Валянцінавіч паглядзеў на яе, потым — на Кацю.
— Так, адзін з тых трох,— пацвердзіў ён.— Вас, бачу, зацікавіла гісторыя французскага афіцэра, бяроста, скарб і таму падобнае? Дык ведайце, дзяўчаткі,— гэта лухта. З гэтай гісторыяй разбіраліся вучоныя, цэлыя экспедыцыі пошукавыя ладзілі — не знайшлі.
Читать дальше