Аксана, якой гэты загадчык з яго балбатлівасцю і ўсяведаннем чамусьці адразу не спадабаўся, маўчала. «Каго ж ён нагадвае мне?» — думала яна і ніяк не магла ўспомніць.
— Паехаў бацька? — спытаў загадчык.
— Так, ўчора.
— І дзе вы цяпер?
— Адна жыву... Не — у Каці,— вырашыла не хлусіць на гэты раз Аксана.
— Ну што ж,— сказаў загадчык.— Вас, як я зразумеў, цікавіць гісторыя напалеонаўскіх скарбаў? А чаму цікавіць, калі не сакрэт?
— На лета нам далі заданне: апісаць гісторыю якогась помніка. Я выбрала помнік у Паплавах. Там жыве мая бабуля.
— Ага. Ведаю і вашыя Паплавы, і той помнік,— задумліва прамовіў загадчык. Тады, нязграбна вывернуўшы худую руку, неяк не ўзяў, а падчапіў са стала папку, падаў Аксане: — Тут вы знойдзеце ўсё пра ваш помнік, і нават больш. Вось толькі з сабою даць не магу. Сядайце, калі ласка, сюды, за шафу,— паказаў ён на другі край свайго шырокага стала,— працуйце. Сшытак, ручка ёсць?
— Ёсць.
Аксана абмінула стол і тут, за шафаю, убачыла прыхінутую да сцяны мыліцу. «Сябра Барыса Рыгоравіча — інвалід з дзяцінства, яму цяжка хадзіць»,— успомніла Аксана бацькавы словы.
Яна дастала з пакета сшытак, ручку. З заміраннем сэрца разгарнула папку.
Загадчык схіліўся над сваімі паперамі.
— Калі што будзе незразумела — пытайце,— сказаў ён, не падымаючы галавы.
Раздзел 36. АРТЫКУЛ
У папцы ляжалі ксеракопія нейкага часопіснага артыкула і, асобна сашчэпленыя, тры лісткі, на якіх коратка апісвалася гісторыя горада Бярозы і яго ваколіц.
Аксана ледзь не ўскрыкнула ад расчаравання. А дзе ж копія бяросты, дзе калі не самі талеры, дык хоць бы малюнкі іх?!
Але нельга было выдаваць сябе. Яна ж робіць «заданне на лета». А для задання матэрыялу тут, сапраўды, больш чым дастаткова.
Дзяўчынка пачала чытаць артыкул і захапілася. Нават выпісала пачатак, каб паказаць потым сябрам:
«Мінула амаль 180 гадоў, як скончылася інтэрвенцыя французаў у Расію. Гэтая тэма ў гістарычнай літаратуры лічыцца найбольш распрацаванай. Тым не менш пра скарбы, вывезеныя французамі з Масквы, не перастаюць спрачацца і сёння. У перыядычным друку легенда пра «скарб Напалеона» атрымала «права грамадзянства» нароўні з агульнапрызнанымі: ордэна Тампліераў (у Францыі), інкаў (у Паўднёвай Амерыцы), англійскіх піратаў (у Карыбскім моры), нацыстаў Гімлера (у Штырыйскіх Альпах) і іншымі. Склалася думка, што скарбы ёсць, яны вялізныя і шукаць іх трэба ў межах Беларусі. Хапае і энтузіястаў. На працягу некалькіх гадоў арганізаваныя брыгады і адзіночкі вялі пошук у Сямлёўскім возеры (бліз Вязьмы), у возеры каля гарадскога пасёлка Крупкі, на рацэ Бярэзіна і нават у Літве. Раён пошуку пашыраецца да няпэўнасці, але энтузіязм не згасае. Шукаюць зімой і летам. З'явіліся элементы авантурызму. Газетныя нататкі пра «скарб Напалеона» выразаны амаль ва ўсіх бібліятэках Мінска (уключаючы і бібліятэку імя Леніна). Ствараюцца новыя брыгады, з'яўляюцца новыя версіі, расце нездаровы ажыятаж. Але ніхто як след не ведае, на што можна разлічваць пры ўдачы і дзе яе шукаць...»
«Аўтамабілі з маскоўскімі нумарамі ўсё яшчэ і сёння круцяцца кожнае лета каля аршанскіх і барысаўскіх азёр. Усім карціць знайсці скарб з золатам і срэбрам. Пошукі пастаўлены на навуковую аснову. З кожнага возера бяруць пляшку вады і на спектраскопах у Маскве правяраюць наяўнасць атамаў золата і срэбра. Дзе яго больш, там абавязкова павінен быць скарб...»
Далей ішоў раздзел пад загалоўкам «Легенды пра скарбы». Адна з легендаў была ўжо знаёмая Аксане: французскі афіцэр, пахаваны ў Паплавах разам з рускімі салдатамі — пазелянелая медная пласцінка, два талеры іспанскага чакану, кавалак бяросты з крыжыкам унізе і слова «СLAD»...
«І гэтая загадка пакуль не разгадана,— канчаўся раздзел.— Зямля ўмее хаваць свае таямніцы».
Дзяўчынка звярнула ўвагу, што ў артыкуле чамусьці ні слова не сказана: а дзе цяпер гэтыя дзве манеты і копія бяросты?
— Скажыце,— парушыла яна цішыню,— хто аўтар гэтага артыкула?
— Я,— адказаў загадчык.
— Можна вас папрасіць... Пакажыце, калі ласка, мне талеры, пра якія пішаце ў сваім артыкуле. І копію бяросты.
Загадчык не здзівіўся. Ён развёў маленькімі, скалечанымі рукамі:
— З вялікай радасцю паказаў бы — але няма!
— Як няма? — сумелася Аксана.
— Так. На вялікі, велізарны жаль. Усё знікла ў вайну. Што згарэла, што прапала, што немцы вывезлі... Няма!
— Але тата казаў, у вайну знік усяго адзін талер! А другі, і копія бяросты, захоўваюцца ў архіўным музеі...
Читать дальше