— Што, не захацела тады, у Чэрвені, атрымаць дваццаць даляраў? На жаль, цяпер позна. Шкадуеш?
Аксана прамаўчала. Вярнуўся Ігар Валянцінавіч, сказаў коратка:
— Сапраўдны. Што ж, трымайце,— і перадаў свой талер лысаму.
Лысы падкінуў манету і злавіў яе.
— Цяпер, спадзяюся, усё? — спытаў Ігар Валянцінавіч.
— О'кей, не хвалюйся,— адказаў лысы,— рабі свой бізнес. Мы любім згаворлівых людзей і не чапаем іх.
Абодва, не развітаўшыся, зніклі.
Ігар Валянцінавіч стаяў і глядзеў на зачыненыя дзверы.
— Падыдзі,— прашаптала Аксана сяброўцы.
Каця смела наблізілася да таты, пацягнула за рукаво:
— Табе патрэбен гэты талер, тата?
Ігар Валянцінавіч няўцямна зірнуў на дачку. Відаць, ён думаў ужо не пра «гасцей», не пра талер, а пра свой бізнес.
— Што? — перапытаў ён.— Не — навошта мне талер?.. На, вазьмі. Толькі трымай пры сабе. Ці мала што — раптам ім спатрэбіцца яшчэ і гэты?
— Не спатрэбіцца,— сказала Аксана.
Ігар Валянцінавіч паківаў ёй пальцам:
— Аксана, я цябе папярэдзіў! Не сунься ў гэтую гісторыю!
— Добра, Ігар Валянцінавіч,— пакорліва згадзілася дзяўчынка.— А можна, мы патэлефануем?
— Вядома, можна. Толькі нядоўга, мне яшчэ трэба абзваніць некаторых важных людзей...
Аксана, гледзячы ў паперку, заціснуўшы трубку між шчакою і плячом, набрала нумар.
— Гэта Аксана,— сказала яна, дачакаўшыся «алё».
Якое ж было яе здзіўленне і нават расчараванне, калі яна пазнала ў трубцы голас... настаўніка гісторыі Барыса Рыгоравіча! Адразу знікла ўся таемнасць гэтых шасці лічбаў, на якія Аксана так спадзявалася яшчэ хвілін колькі назад. Ёй нават захацелася пакласці трубку.
— Я цябе слухаю, Аксана! Што здарылася? — дапытваўся між тым настаўнік.— Ты ў Мінску?
Аксана прыкрыла далоняю трубку і запытальна зірнула на Кацю, якая стаяла побач. Але што магла параіць ёй наіўная Каця?..
— Нічога не здарылася, Барыс Рыгоравіч,— ціха сказала Аксана.— Хоць, зрэшты, здарылася... У нас непрыемнасці. Мы заблыталіся.
— Што такое?
— Я не магу сказаць па тэлефоне.
— Адкуль ты звоніш?
— Ад Каці Аляшкевіч.
— Дзе гэта?
— Сухарава.
— Дык гэта ж зусім блізка! А я жыву на «Захадзе», вы можаце зараз пад'ехаць або падысці. Тут ад вас два прыпынкі аўтобусам, ці пешкі праз лес. Каця павінна ведаць.
— А якая ў вас кватэра?
— Я пачакаю каля пад'езда, бо вы не зможаце патрапіць у дом — там замок з кодам...
Раздзел 40. КВАТЭРА НА «ЗАХАДЗЕ»
Каця добра ведала свой раён. Праз лес, які клінам урэзваўся ў гарадскія пабудовы, дзяўчынкі хутка дабраліся да шырокай, даўжэзнай вуліцы Лабанка. Адсюль пачынаўся мікрараён «Захад3».
Стаяў ясны дзень. Зусім распагодзілася. Пахла блізкім лесам і мокрай травою. Неба было чыстае і сіняе, сонца старанна высушвала з асфальту рэшткі дажджу.
— А там, за лесам, ёсць возерка,— паказала Каця.— Можа, сходзім?
Аксана ад нечаканасці аж спынілася:
— Якое возерка, Каця?! Нас чакаюць! Мы страцілі талер, заблыталіся, нічога не ведаем — а ты... Зразумей, Барыс Рыгоравіч — гэта адзіная магчымасць разабрацца ў гэтай гісторыі!
— Я проста так сказала,— апраўдвалася Каця.— Лета на дварэ...
— Лета яшчэ ўсё наперадзе, нагуляемся. Скажы, няўжо табе нецікава? — спытала Аксана.— Толькі шчыра. Няўжо нецікава разгадаць тайну талераў, бяросты, знайсці скарб, атрымаць за яго грошы?
— У таты і так іх многа,— наіўна адказала сяброўка.
Аксана гмыкнула:
— Хіба грошай бывае многа? Іх заўсёды мала. Дый тут іншае зусім: гэта будуць нашыя грошы, і нічые больш. Можна будзе купіць сабе, што захочаш, паехаць куды хочаш...
— Мне і так усё купляюць, і возяць, куды я захачу.
— І падабаецца табе гэта?
— Падабаецца,— прызналася Каця.— Толькі не заўсёды.
— Вось бачыш. Свае грошы — гэта зусім іншае, гэта самастойнасць, воля...
— Аксана, я проста так пра возера сказала! Мне цікава шукаць скарб, я ж не супраць і буду з табою да канца.
— Далёка яшчэ ісці?
— А мы прыйшлі,— Каця кіўнула на цагляны дванаццаціпавярховы дом пры самым лесе.
Проста ля пад'езда раслі дубы, вольхі, елкі. Сярод дрэў віднеўся зялёны дах альтанкі.
Калі дзяўчынкі наблізіліся, з альтанкі выйшаў і падаўся ім насустрач невысокі сівы чалавек, адзеты пахатняму: у клетчатай кашулі, зашпіленай на ўсе гузікі, у спартыўных, адвіслых на каленях штанах з белчырвонабелымі лампасамі, у стаптаных пантофлях на босую йагу. Гэта быў Барыс Рыгоравіч.
Дзяўчынкі ніколі не бачылі настаўніка ў такім выглядзе. Пераглянуўшыся, яны ледзь стрымаліся, каб не пырснуць смехам.
Читать дальше