Барыс Рыгоравіч зразумеў прычыну іхняе весялосці. Ён пераступіў нагамі ў сваіх пантофлях і збянтэжана сказаў:
— Прашу ў паненак прабачэння — не паспеў пераапрануцца... Як толькі вы пазванілі, адразу спусціўся ўніз.
Цяпер дзяўчынкі далі волю смеху. Паненкі! Першы раз у жыцці іх так называюць!
Настаўнік таксама засмяяўся:
— Бачу, што ў паненак не такі кепскі настрой, як я быў падумаў. Прашу! — паказаў ён на дзверы пад'езда.
Да гэтага дня дзяўчынкі бачылі настаўнікаў толькі ў школе і ні разу ніводнага настаўніка — у звычайных побытавых абставінах. І Аксана, і Каця думалі, што настаўнікі жывуць неяк інакш, чым усе людзі. Таму цяпер яны звярталі на ўсё асаблівую ўвагу.
У калідоры скрынка паштовая абпаленая... У ліфце кнопкі таксама чорныя, абпаленыя... І сцены ўсе спісаныя словамі, у тым ліку і брыдкімі.
Барыс Рыгоравіч угадаў думкі сваіх вучаніц.
— І ў нашым доме, як і паўсюль,— уздыхнуўшы, сказаў ён.— Чалавека можна навучыць усяму, можна зрабіць з яго выдатнага мастака, скрыпача, матэматыка, касманаўта, бізнесмена... Але навучыць яго элементарнай побытавай культуры немагчыма. Гэта даецца або ад нараджэння, або не даецца зусім... Ну, мы прыехалі.
Маленькая аднапакаёўка Барыса Рыгоравіча нагадвала не кватэру, а хутчэй бібліятэку ці кнігарню. Аксане, якая не так даўно была ў архіўным музеі, на імгненне падалося, што яна нейкім чынам перанеслася туды. Стосы кніг ляжалі нават у маленькай — тром чалавекам не павярнуцца — пярэдняй, пад вешалкаю для адзення. У пакоі кнігі займалі цэлую сценку — ад падлогі да столі. Ляжалі яны і на часопісным століку, што стаяў пасярод пакоя, і на двух мяккіх крэслах, і на маленькім тэлевізары ў кутку, і на шафе...
Барыс Рыгоравіч хуценька прыбраў кнігі са століка і з крэслаў.
— Прабачце, мілыя паненкі,— развёў ён рукамі.— Дужа нечаканым быў ваш званок, таму нічога не паспеў... А гаспадыні ў мяне няма, самі бачыце! — сказаў ён вясёлым голасам, аднак на яго высокім чыстым ілбе адразу з'явілася сетка зморшчынак.— Развялася са мною гаспадыня, і цяпер далёка адсюль... Словам, сядайце, будзьце як дома, а я зараз гарбаткі зраблю.
Толькі цяпер дзяўчынкі здагадаліся, чаго ў гэтай кватэры не хапае — жаночай рукі. І ўсё адно з Барысам Рыгоравічам было лёгка, як і ў школе на ўроках.
Настаўнік, відаць, цудоўна арыентаваўся сярод сваіх кніг. Выцягнуў адну з паліцы, падаў Аксане:
— Вось, пагартайце пакуль. Вас гэта павінна зацікавіць.
Сам адчыніў шафу, пакапаўся там, узяў штосьці пад паху, выйшаў.
Раздзел 41. РАСКАЗ АКСАНЫ
Тоўстая кніга называлася «Аб чым распавядаюць манеты». Аксана адшукала раздзел «Манета і скарб», забыўшы на ўсё, упілася вачыма ў тэкст.
— У таты ёсць такая кніга,— абыякава сказала Каця.
— Не, пачакай, паслухай! — усклікнула Аксана і зачытала: «У адрозненне ад археалагічных матэрыялаў, якія здабываюцца шляхам планамерных раскопак, ператварэнне скарба ў знаходку — вынік супадзення незлічоных шчаслівых выпадковасцей... Таму грамадзянскі абавязак кожнага, хто знайшоў скарб ці даведаўся аб яго адкрыцці,— сабраць максімальную колькасць манет, зберагчы посуд, ці хаця б яго абломкі, для перадачы яго ў бліжэйшы дзяржаўны музей. Раскраданне скарба або нават самыя нязначныя «выняткі» з яго складу з'яўляюцца парушэннем заканадаўства...» Як табе гэта?! Мы столькі б'емся, рызыкуем сваімі жыццямі — каб знайсці золата і адразу аддаць яго нейкаму чужому дзядзьку, які не вылазіць з кабінета якоганебудзь архіўнага музея!
— Пакуль мы не знайшлі ніякага золата,— заўважыла Каця.
— Абсалютна правільна,— сказаў Барыс Рыгоравіч, які зайшоў у пакой і ўсё чуў.
У руках настаўнік трымаў паднос, на якім дыміліся кубкі з гарбатаю, стаяў сподачак з варэннем, ляжала горка шакаладных цукерак.
Але найбольш уразіла дзяўчынак, што Барыс Рыгоравіч паспеў пераапрануцца. Ён быў у сваім шэрым касцюме, знаёмым ім яшчэ па школе, нават гальштук не забыўся павязаць. Вось дзіўны чалавек! А яны думалі:. ён жартаваў, калі называў іх паненкамі і прасіў прабачэння за свой выгляд.
Барыс Рыгоравіч паставіў паднос на столік, зноў выйшаў і вярнуўся са старэнькім куханным табурэтам — для сябе.
— Усё, частуйцеся! — весела прапанаваў настаўнік, падсеўшы да століка.
Каця адразу ўзялася за варэнне.
— Гэта праўда, Барыс Рыгоравіч, што скарб належыць здаваць дзяржаве? — спытала Аксана і пацягнулася да шакаладных цукерак.
— Па закону — так,— пацвердзіў настаўнік.
Читать дальше