— Вось няхай самі і шукаюць. Нам жа лепш — нашую работу робяць.
— Зрэшты, малым шэнціць... А што, калі, дапусцім, знойдуць раней за нас трэцюю манету?
— На здароўе. Знойдуць, запішуць у сшытак. Мы даведаемся праз Курта, пакажам ім даляраў пяць — дзесяць, яны нам гэтую манету ў зубах прынясуць. А не прынясуць... аа! — пазяхнуў лысы,— давядзецца крыху напалохаць... Рака блізка, няшчасныя выпадкі бываюць кожнае лета. Лодка можа перакуліцца, у вір можа зацягнуць...
Сева зноў спалохаўся:
— Ты мяне ў гэта не ўблытвай! Калі што — не ведаю ні цябе, ні Павука, адразу змываюся!
— Сказаў жа, я бяру ўсё на сябе... Ааа! — лысы ізноў пазяхнуў.
Абодва замоўклі. Праз нейкі час Сева захроп. Лысы круціўся, шэптам праклінаў камароў. Урэшце да храпу далучылася тонкае пасвістванне носам. За сцяною шамала саломаю, уздыхала, бы чалавек, каза.
Міхал паўзком дабраўся да дзвярэй, азірнуўся. «Геолагі» спалі. Ён ціхенька прачыніў дзверы, выскачыў на светлы ад яснага месяца двор і з усіх ног кінуўся дамоў.
Раздзел 25. «КАНКУРЭНТЫ»
У хаце гарэла святло. Ніхто не спаў: бацька, маці і нават меншы Міхалаў брат сядзелі ў верандзе, чакалі. Брат дзюбаў носам. Маці кінулася да Міхала:
— Ты ведаеш, якая цяпер гадзіна?
Адкуль ён мог ведаць? Міхал паціснуў плячыма, стараючыся трымаць нявінны выгляд.
— Дзе ты ходзіш? Мы тут Бог ведама што перадумалі!
— На рыбу хадзіў...
— Я была ў Змітра, была ў Чэся! Яны спяць ужо, сказалі, не бачылі цябе!
«Вось дурні, не маглі прыдумаць штосьці...»
— Я знайшоў... харошае месца,— сказаў Міхал.— Не хацеў дзяліцца з імі, адзін вырашыў...
— І дзе рыба?
— Не клявала.
— Табе цяжка было хоць папярэдзіць?
Бацька падняўся з табурэткі, пазяхнуў:
— Добра, не сварыся ўжо так на яго, маці... Прыйшоў — і добра.
— Табе ўсё добра! Сам і распусціў яго...
Маці, аднак, крыху астыла. Паківала дальцам:
— Апошні раз!
Міхал хуценька распрануўся, упаў у мяккі ложак. Нават есці не хацелася... Заснуў бы забіты.
Назаўтра з раніцы хлопцы сустрэліся каля рэчкі. У будан не палезлі — стаяла такая пагодка, што грэх было прапускаць сонца. Распрануўшыся, ляжалі на спінах на пяску, загаралі.
Сёння быў Міхалаў дзень.
— Тады Сева пытае,— расказваў ён, міжволі перабольшваючы небяспеку, якая ўчора вісела над ім:— «А з падшыванцамі што рабіць?» А лысы дастае нож... вялікі такі нож, з бліскучым лязом, доўгім, вострым...
— Як ты мог убачыць нож? — перабіў Чэсь.
— Значыць, убачыў! Не верыце — магу не расказваць.
— Ды верым, верым! Што далей?
Міхал памаўчаў, успамінаючы. Версію з нажом развіваць не стаў:
— Ладна, не важна... Галоўнае, цяпер ведаем: гэта такія ж геолагі, як мы — бойскаўты. Шукаюць яны скарб. Дзед Макар з унукам — з аднае з імі кампаніі, а галоўны ў іх — нейкі Павук. Ведаюць яны мала, гэты Павук не паказаў ім нават бяросту. Згоды між імі няма. «Геолагі» толькі і мараць знайсці золата і, ні з кім не дзелячыся, «зрабіць ногі» за мяжу.
Змітрок пасміхнуўся:
— Перш чым знайсці золата, ім патрэбна знайсці тры манеты. А манеты ўсе — у нас.
— Ну, папершае, пакуль не ўсе, а толькі дзве. Падругое, яны, «геолагі», на ўсё пойдуць, нават на злачынства, каб раздабыць Аксанін талер. Помніце, яна расказвала пра Чэрвень? Яе трэба папярэдзіць, і я сам вазьмуся за гэта.
Чэсь падняўся на ногі і сказаў хутка:
— Не, я вазьмуся за гэта!
Міхал насмешліва ўставіўся на яго:
— І як ты збіраешся гэта рабіць? Ты што, ведаеш яе адрас ці нумар тэлефона?
— А ты ведаеш?
— Для мяне прасцей простага даведацца. Пайду да бабулі і спытаю. Свае людзі. А ты зможаш пайсці і спытаць? Ды яна, глядзі, цябе яшчэ на парог не пусціць, нагадае, як «ты ўнучку тапіў тым летам!»
Чэсь, пакрыўджаны, не адказаў.
— А што з Куртам? — нагадаў Змітрок.— Трэба, відаць, знішчыць сшытак...
— Наадварот! — Міхал падзяліўся з сябрамі планам, які прыйшоў яму ў галаву яшчэ тады, уночы, калі ён хаваўся ў хлеўчыку пад сенам:— Не толькі не знішчым, а будзем рабіць запісы кожны дзень і класці сшытак на самае прыкметнае месца! Зразумелі? Мы ж можам пісаць розную лухту і так іх заблытаем, што яны не рады будуць ні гэтаму сшытку, ні свайму інфарматаруКурту!
— Сапраўды...
— Здорава прыдумана! — вымушаны быў пахваліць і Чэсь, забыўшы на крыўду.— Напрыклад, запішам: «Скарб ляжыць на могілках пад дубам». Курт прачытае...
— Не,— умяшаўся Змітрок,— лепш запішам: «Скарб на дне Бярэзіны, у глыбокім віры...»
Міхал спыніў іхнія фантазіі:
Читать дальше