«Адзін — Сева, другі — лысы,— імгненна ўсплылі ў памяці Аксаніны словы.— Ехалі за намі да самых Паплавоў!..» Як жа яны раней не здагадаліся?! «Геолагі»... Усё нешта шукаюць... Пыталіся, чые соткі каля помніка... А Чэсь талер знайшоў на тым месцы...
Сева — высокі, у джынсах і белай кашулі — пакратаў замок на дзвярах хаты.
— Дзе яго нялёгкая носіць? Сказана ж было, увечары прыедзем!
— Пачакаем,— адказаў лысы. Паглядзеў праз акуляры на сонца, прымасціўся на сваім любімым месцы — перакуленай лодцы.
У хляве, калі звыкліся вочы, было не так і цёмна. Заходзячае сонца сачылася праз шчыліны дзвярэй, праз няроўна падагнаныя дошкі фаціяту, праз дзіравы, крыты руберойдам дах. Каб не губляць часу, Міхал адважыўся абследаваць хлеўчык — ці няма дзе другога выхаду?
Пасярэдзіне, ад дзвярэй да сцяны — вузкая паласа глінянага току. Злева складзена сена. Цяпер, увесну, яго засталося мала, усяго на які метр ад падлогі... Справа — сцяна з нячэсанага бярвення, са шчылінаў тырчыць мох... У сцяне—дзверцы, гэта катух для казы з казлянём. Да сцяны прыстаўлена лесвіца.
Міхал асцярожна падняўся, зазірнуў на вышкі. Вышкі пустыя, голыя жэрдачкі, ні снапоў, ні сена... Хоць, калі б захацеў, у тым цёмным кутку можна схавацца...
Міхал злез, агледзеў левую частку хлеўчыка, дзе сена. Таксама сценка з такога ж нячэсанага бярвення, але невысокая, акурат у край з сенам. Калі б сена было больш, пад самы дах, можна было б залезці наверх і паспрабаваць выламаць пару тонкіх дошак з фаціяту, выбрацца на дах свінюшніка... А так — высока. У кутку на сене штосьці бялеецца. Міхал памацаў — падушкі, коўдры, посцілка...
На таку зваленыя ў кучу рыбацкія прылады: таптуха, венцеры, брэдзень, «крыга»... Да сцяны прыстаўлены штук дваццаць даўжэзных сухіх вудзільнаў, побач — вёслы... На ўбітых у сцяну цвіках вісяць сеткі, і долу валяюцца сеткі...
З двара пачуўся голас. Міхал зноў сігануў да прачыненых дзвярэй, прыляпіўся да шчыліны.
— А, госці дарагія!
Дзед Макар, і «геолагі», і Курт... У Міхала прабеглі па спіне дрыжыкі. Вось дык выбраў час «рабіць рэвізію» ў хлеўчыку!.. Вось табе і нікога няма дома. Чэсь са Змітрам таксама добрыя, не змаглі неяк папярэдзіць... Цяпер думай, як адсюль выбрацца!
— Акурат падгадалі прыехаць,— казаў дзед Макар.— Усё гатова!
— Што гатова? — спытаў Сева.
— Лодка, сетачка, жыўцы, чарвякоў накапалі... Усё, як дамаўляліся.
— Я і забыў ужо.
— Ну, як жа: вы мінулы раз прасілі, каб я рыбалку вам з'арганізаваў...
Умяшаўся лысы:
— Ды не, мы жартавалі. Не да рыбкі цяпер. Работы многа, заўтра ўставаць з раніцы.
— Начаваць у мяне будзеце?
— Будзем.
Вось дык патрапіў! Што ж рабіць? Няўжо яны так і будуць тырчэць тут, у двары, да самай ночы?.. Няўжо не зойдуць у хату, хоць бы павячэраць?
Міхал ліхаманкава абдумваў, як быць. Нават калі яны зойдуць у хату — з вокан праглядаецца ўвесъ двор... Яго, Міхала, калі ён паспрабуе толькі высунуцца з хлява, адразу ўбачаць і пазнаюць. Значыць, трэба дачакацца прыцемкаў. Нядоўга засталося, сонца хутка сядзе. У хлеўчыку ўжо цёмна.
Каля веснічак замэкала каза — прасілася ў двор.
— Вова, загані!
Міхал замітусіўся. Ток увесь адкрыты. Перш падскочыў да лесвіцы, што вяла на гарышча, тады перадумаў, палез на сена, дзе была пасцель «геолагаў».
Курт ляснуў зашчапкай, прыкрыкнуў на коз. Загнаўшы, чамусьці пастаяў яшчэ, бы прыслухоўваўся да нечага. Тады выйшаў.
Праз секунду Міхал ужо стаяў на сваім «назіральным пункце» каля дзвярэй.
— Дзед, а чаму дзверы ў хлеўчык былі адчыненыя? — гукнуў Курт.
Дзед Макар з Севам заходзілі ў хату. Дзед прыпыніўся:
— Мо ты сам і не зачыніў.
— Зачыняў, я помню.
—Дык што, злодзеі залезлі? — засмяяўся дзед.— Што там браць? Ну ідзі глянь, ці ўсё на месцы.
Ах, каб на цябе!.. Ізноў трэба хавацца! Толькі не ў куток — гэты праныра ўсё разгледзіць... На вышкі — позна, дый таксама небяспечна... Праз край ніжняй сценкі звешвалася сена, амаль да самага току. Не доўга думаючы, Міхал апусціўся на карачкі, падпоўз пад сена, лег. Стаіўся, як мыш.
Але Курт чамусьці не пайшоў правяраць. Магчыма, адчуваў штось і проста спалохаўся.
«Набрацца нахабства — і выйсці зараз да іх! — думаў Міхал.— Скажуць — злодзей, мала таго, што «тэлевізар» украў, дык яшчэ па чужых хлявах лазіць! І як потым хлопцам расказваць? Спалохаўся, не вытрымаў... Не, трэба цярпець, ляжаць тут хоць да раніцы... І не проста ляжаць, а слухаць. Калі яшчэ такі выпадак надарыцца?»
Аднак да дзвярэй падыходзіць больш не адважыўся. Падцягнуў кучу старых сетак, падмасціў пад сябе. Хоць мулкавата, але ўсё зручней, не на голым халодным таку.
Читать дальше