— Я паспрабую,— кіўнула Аксана.
— Змітрок — тое ж самае. Сходзіш у гарадскі краязнаўчы музей, даведаешся пра ўсё падрабязна, паспрабуеш выпрасіць у іх копіі. Мы з Чэсем будзем круціцца тут, на месцы, і чакаць вас. Усё ясна? Хто яшчэ што хоча сказаць?
— Я,— Аксана, як на ўроку, падняла руку.— Калі мы ехалі з татам сюды, у Чэрвені на аўтастанцыі ў мяне хацелі адабраць талер. Я... проста дастала яго з кішэні. А яны заўважылі.
— Хто яны?
— Два мужчыны. Аднаго завуць Сева, а другі — лысы. У іх яшчэ машына. І яны ехалі за нашым аўтобусам да самых Паплавоў.
— Я думаю, нічога страшнага,— сказаў Міхал.— Калі гэтая гісторыя з талерамі такая вядомая, дык нічога дзіўнага, што многія цікавяцца ёю... Аднак пільнасць не пашкодзіць. Надалей ні Аксана, ні ты, Чэсь, ніколі не даставайце манеты без патрэбы. І яшчэ: каб не ўзнікала да нас падазронасці, будзем гаварыць: «Нам далі на лета заданне — збіраць матэрыялы пра гісторыю Паплавоў». Усё зразумела?
— Зразумела.
— Тады — купацца! — весела закончыў Міхал.— Каля берага вада ўжо цёплая.
Хутка спусціліся ўніз. Аксана раптам спынілася:
— Не, я не магу. Я забыла купальнік.
— Збегай, мы пачакаем.
— Ды ў Мінску забыла! Думала, яшчэ холадна купацца, і не ўзяла...
Чэсь здзіўлена зірнуў на яе.
— Хочаш — адыдзі ніжэй, за паварот,— сказаў ён.— Мы не будзем падглядваць, чэснае слова.
— Не, другім разам пакупаюся.
Міхал са Змітраком, на хаду скідваючы адзенне, кінуліся да ракі. Чэсь затрымаўся. Дастаў з кішэні падарунак, працягнуў Аксане:
— Гэта мёд. Табе.
— Сапраўды? — яна хуценька разгарнула паперу і ўбачыла зусім чорны, круглы, бы яйка, шарык. Гэта былі соты, поўныя бурштынавага духмянага мёду.
— Няўжо ад тых восаў?! — уразілася яна.
— Ад восаў. А ты не верыла... Не, жартую! — засмяяўся Чэсь.— Гэта бацька ўчора знайшоў на лузе. Чмяліны мёд.
— Што ў вас за сям'я, адны пчаляры нейкія...
Аксана раптам успомніла, што яна непрыгожая, і замоўкла.
— Дзякую,— суха сказала яна.— Пабягу, збірацца трэба. Да сустрэчы праз тыдзень.
— Аксана! — паклікаў Чэсь услед.
Дзяўчынка спынілася:
— Што?
— Не, нічога... Пакуль!
Раздзел 20. ЛЕТА
Апошні тыдзень здоўжыўся, як ніколі. І вось нарэшце — лета! Канікулы! Цэлых тры месяцы: чэрвень, ліпень, жнівень! Нават самі словы гэтыя гучаць, бы музыка. За адно лета ты сталееш на цэлы год. Ты не без лёгкага суму здаеш у школьную бібліятэку падручнікі, да якіх так прывык за дзевяць месяцаў. Хаваеш на дно шафы стары дзённік і стос сшыткаў з дыктантамі і сачыненнямі. У першы ж дзень канікулаў абуваеш кеды або красоўкі, адзяеш якіянебудзь шорты, зробленыя са старых джынсаў, майку — усё гэта будзе з табою цэлае лета, абносіцца, палюбіцца... І ў гэтай зручнай, лёгкай апратцы, якую не баішся запэцкаць ці падраць, ты радасна пераходзіш мяжу і ўступаеш на тэрыторыю іншай краіны, з кароткаю назваю Лета. Краіны яркага сонца, цёплых дажджоў і навальніц, грыбных туманаў, краіны футбола, ранішняй і вечаровай рыбалкі, арэхаў і ягад, паходных вогнішчаў, краіны цікавых кніжак і першага кахання, краіны загадак і адкрыццяў...
Міхал з Чэсем вылезлі з рэчкі, пакідаючы за сабою на мокрым узбярэжжы глыбокія вузкія сляды, якія адразу ж напаўняліся вадою. Упалі на гарачы пясок. Адразу ж скура ў абодвух пачала пакрывацца цыпкамі. Па целе прабягалі дрыжыкі.
— Сёння... трэцяга... чэрвеня,— сказаў Чэсь непаслухмянымі ад холаду вуснамі,— а ні Аксаны... ні Змітра.
— Затое... Курт... заявіўся дзень у дзень,— гэтаксама азваўся Міхал.— Сёння я бачыў... коз пас на выгане...
Дзед Макар трымаў казу з казляняткам; заўсёды яны пасвіліся і прыходзілі дамоў самі, а тут Курт, відаць, дзеля «спартыўнай цікавасці», раптам загарэўся за імі глядзець.
Міхал з Чэсем даўно выканалі сваё «заданне». Ці, лепш сказаць, яны яго не выканалі. Нічога не ўдалося дабіцца. Школьны «гістарычнакраязнаўчы куток» аказаўся шафаю з вялікім навясным замком. Шафа стаяла ў глухім канцы калідора, і на яе ніколі не звярталі ўвагі. Маладая, толькі што з універсітэта, настаўніца гісторыі доўга не магла зразумець, чаго ад яе хочуць.
— Нам на лета задалі заданне,— тлумачыў Міхал,— даведацца як мага больш пра гісторыю нашага пасёлка.
Пачалі шукаць ключ ад замка. Ён аказаўся ў школьнай прыбіральшчыцы бабы Ніны. Адамкнулі — у шафе, паверх груды запыленай, пажоўклай макулатуры ляжала папка з надпісам — «Нашы славутыя землякі». У папцы — некалькі газетных выразак пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнцаў гэтых мясцін.
Читать дальше