— І гэта ўсё, увесь музей? — расчаравана спытаў Чэсь.
Настаўніца чамусьці пакрыўдзілася:
— А што вам яшчэ трэба?
— Штосьці больш даўняе, звязанае з гісторыяй,— сказаў Міхал.
— Гэта і ёсць гісторыя вашага пасёлка,— адказала настаўніца.— Што вам яшчэ?
Умяшалася баба Ніна. Яна, з ключом у руцэ, стаяла побач і чакала, калі папку пакладуць на месца і зноў можна будзе начапіць на «школьны музей» замок.
— А вы схадзіце да Ірыны Леанідаўны,— параіла яна.— Старая настаўніца, ужо дзесяць гадоў на пенсіі. Да яе ўсе ходзяць, каму гісторыя трэба.
Схадзілі да Ірыны Леанідаўны, якая жыла адна, у хаце ў самым канцы Паплавоў, пад лесам. Настаўніцы не засталі дома. Суседка патлумачыла нам, што яна паехала ў госці да сына, вернецца недзе праз тыдзень.
Усё. Заставалася толькі адно — чакаць Аксану, Змітрака, а цяпер ужо і настаўніцу Ірыну Леанідаўну.
На чацвёрты дзень канікулаў прыехаў, урэшце, Змітрок.
— Нічога не атрымалася,— спакойна аб'явіў ён.— Краязнаўчы музей не працуе, зачынены на рамонт.
— І на колькі?
— Яны самі не ведаюць. Сказалі — надоўга. Там будынак стары, ледзь ліпіць, усе сцены патрэскаліся.
— І ты моўчкі завярнуўся і пайшоў?
— Не. Пачаў прасіць: кажу, мне на лета задалі заданне па гісторыі Паплавоў, пра помнік...
Зміцер замоўк, успамінаючы.
— Ды не цягні ты! А яны?
— Параілі з'ездзіць у Паплаўскую школу, у вашую, значыць. Там, сказалі, добры школьны музей.
— Добры,— пасміхнуўся Чэсь.— Бачылі мы той музей... А можа, нам не ўсё паказалі, Міхал?
— Навошта ім штосьці хаваць,— адказаў Міхал.— Хутчэй за ўсё, тая адзіная папка і ёсць уся «гісторыя».
Раздзел 21. ШПІЁН
За пасялковай крамаю быў сметнік. Тут хлопцы знаходзілі скрынкі для ўпарадкавання будана. А за сметнікам — пустэча, зарослая па краях быльнягом і крапівою, у цэнтры вытаптаная капытамі кароў, якіх гналі праз гэтую пустку на пашу. Сюды Курт выводзіў сваіх коз.
Козы не звярталі на пастуха ніякай увагі, хадзілі, дзе хацелі, а Курт з важным выглядам, з пугаю ў руцэ тупаў следам, пакрыкваючы на іх. Відаць, яму, гарадскому хлапчуку, бачылася ў гэтым занятку нават нейкая рамантыка. Ды і што яму яшчэ рабіць? Плаваць не ўмее, у кампанію не прымаюць... Хвалёныя геолагі, што абяцалі яму працу, паехалі ў Мінск.
Чэсь, Міхал і Змітрок сядзелі каля крамы, на траўцы. Яны пацягвалі з бутэлек цёплую «Фанту» і абмяркоўвалі Курта і яго коз. Дзіўна было, як ён зусім не саромеецца. Не баіцца яшчэ адной мянушкі, якая можа прыліпнуць да яго. Хоць што яму губляць, усё адно ніхто не сябруе з ім... Чэсь аж пашкадаваў яго.
— Вова! — крыкнуў ён, каб завязаць гутарку.— Колькі даляраў ты ўжо зарабіў? На «Фанту» хопіць?
Курт ляснуў пугаю — навучыўся! Спакойна адказаў:
— Прыедуць геолагі — зараблю. І не толькі на «Фанту», «Фанты» я вашай не бачыў, шчасце такое!..
— Калі яны прыедуць? Калі каза на выгане свісне? — не сунімаўся Чэсь.
— Не чапай, ну яго,— сказаў Міхал.
Курт прыжмурыўся:
— Прыедуць, калі вы скарб свой знойдзеце! «Шукацелі»... Бяросту яны шукаюць, талеры... Лепш «тэлевізар» вярніце! — і, азіраючыся, хутка падаўся бліжэй да агародаў.
Міхал з Чэсем аж падавіліся «Фантаю».
— Чорт вазьмі — Змітрок, як гэта разумець?! — Міхал, кашляючы, схапіў Змітра за каўнер чысценькай кашулі.
— Адпусці,— спакойна, цвёрда папрасіў Змітрок.— Вось так... І вось што я вам скажу: калі не будзеце верыць мне, застанецеся ўдвух.
— Напалохаў!
Чэсь раптам пакруціў галавою, прамовіў з дакорам:
— Усё зразумела... Не чапай яго, Міхал. Ты сам ва ўсім вінаваты.
Міхал задыхнуўся:
— Я?!
— Ты. Ты ж заўсёды любіш парадак, каб усё было падрабязна распісана... Ну, здагадаўся?
Міхал уставіўся на Чэся дзіўнымі вачыма, трасянуў чупрынаю.
— Сшытак,— падаўлена сказаў ён.— Гайда ў будан!
У будане ўсё нібыта ляжала так, як хлопцы і пакідалі ў апошні раз. Але Міхал да драбніц ведаў тут месца кожнай рэчы. Ён адразу кінуўся ў куток.
— Сшытак разгортвалі... Спінінг знік, нож паляўнічы... Астатаяе, здаецца, усё на месцы.
— Добра, што манету тут не пакінулі,— сказаў Змітрок.
Чэсь нагадаў:
— Вось адкуль ён ведаў, што мы хацелі разбагацець — помніце? І што да геолагаў прыйдзем прасіцца.
— Але чакайце,— сказаў Міхал.— Значыць, ён ужо даўно ведае, дзе будан?
Цяпер надышла чарга пачырванець Змітраку.
— Гэта я вінаваты, хлопцы,— пакорліва схіліў ён галаву.— Я шукаў вас тады, калі з горада прыехаў, і ў будан лазіў... А Курт мяне высачыў.
Читать дальше