Мяне цягнула ў Крым, дзе я ніколі не быў, да пальмаў, кіпарысаў, мора, на магілу Багдановіча, мне хацелася, каб і «мой цень лёг на гэтыя святыя камні»... А тут? Што я, не бачыў гэтага бульбоўніку, буракоў, гэтага лесу, які падлез пад самыя соткі і ў якім я, здавалася, ведаў кожнае дрэўца?..
I толькі калі надышоў доўгачаканы апошні дзень (сімферопальскі цягнік спыняўся на пару хвілін на станцыі каля самай вёскі), мне зрабілася неяк настальгічна, сумна; зусім новымі вачыма я аглядаў двор, загоны, куратнік, да якога так і яе дайшлі рукі, — глядзеў і шкадаваў, як жывое... Я вось паеду, шмат што ўбачу, а гэтае ўсё так і будзе тут. Мне захацелася расцягнуць гэты настрой развітання, прайсціся па знаёмых мясцінах, а калі ўдасца, дык і палавіць рыбкі.
Матка была ў ягадах, але я вырашыў не пакідаць ніякай запіскі. Навошта? Гадзін у дзевяць-дзесяць вечара вярнуся, хопіць часу сабрацца, пачытаю да ночы, а потым у цягніку буду адсыпацца. Я пераапрануўся ў сваё старое вайсковае адзенне, капануў чарвякоў, запінуў у кішэню скручаную вудку і пайшоў па любімым сваім маршруце — на Ткачовае балота, якое кіламетры за чатыры.
Было гадзін шэсць вечара. Грэла мяккае сонца, лёгка і прыемна ішлося лясной, не выбітай машынамі дарогай; я злавіў, нарэшце, свой рытм: час больш не скакаў, яе цёгся да раздражнёнасці нудна, я плыў неяк суладна маім крокам. Пахі ляснога долу, верасу і чарнічніку былі ў суладдзі з птушыным шчэбетам, з нязыркім сонцам, з шорганнем кедаў па зямлі — і доўгачаканая гармонія прыходзіла і ў думкі. Я адчуваў сябе: вось я ёсць, я — жыву, усё цудоўна, я вучуся, а значыць, на некалькі гадоў ці нават назаўсёды выбраў сабе жыццёвую лінію; я прайдуся па гэтым цудоўным лесе, палаўлю карасёў, а потым цягнік паімчыць .мяне да дзівосных берагоў, пра якія столькі наслухаўся і начытаўся...
Неўпрыкмет я дайшоў да таго месца, дзе трэба было паварочваць на балота, але нідзе не аказалася ні сцежкі, ні ходу, ні следу. Я чуў, што балота амаль высахла, але каб так, што нават дарогі да яго пазарасталі... Паўсюль быў самы звычайны лес, з ягаднікам, з высокімі кустамі буякоў. Не без страху — помню, колькі тут было гадзюк, — падзёрся я праз гэтыя буякі і неўзабаве набрыў на палянку, дзе мы колісь, малымі, калі ездзілі «лісапетамі» на рыбалку, палілі вогнішча і абедалі. Пазналі не вочы, а ногі, яны самі спыніліся. Вось тут некалі быў бараг, ад гэтай бярозы пачыналася вада, і мы закідвалі адсюль вуды... Цяпер толькі высахлы суцэльны мох пад нагамі паказваў, што я не заблудзіўся, што некалі тут было балотнае дно. Я пайшоў па гэтым імху далей, бярозкі пакрысе радзелі, трава гусцела, усё больш пачало трапляцца сухастояў, аж пакуль не ўбачыў авальную, дыяметрам у кіламетр, нізінку, усю ў купінах, парослую асакою і сям-там крывымі нізенькімі дрэўцамі. Ад такога вялікага некалі балота засталася, як у нас называюць, пеля. 3 усіх бакоў ціснуў на гэтую пелю лес, наступаў, займаў яе тэрыторыю, і было відаць — яшчэ некалькі гадоў, і пелі — хана.
Я выламаў дзве раўнейшыя алешынкі: адну пад вудзільна, другую каб апірацца, і па купінах, падмінаючы пад ногі асаку, хвілін за пятнаццаць дабраўся да вады. У самым цэнтры пелі была невялікая праваліна, мініяцюрнае, але, відаць, вельмі глыбокае возерка, у якага берагамі былі купіны. Але варта было мне спыніцца, пару разоў злёгку прытупнуць, як падманныя берагі гэтыя зачмокалі, расквасіліся, неяк аселі і ногі па костачкі аказаліся ў іржавай, халаднючай вадзе. Добра, што метраў за колькі, каля самай вады, расла цімалая алешынка з астраўком вакол каранёў. Дабраўшыся да яе, я гэты астравок абтупаў, падвесіў на галіну сетку пад рыбу, прытапіўшы палавіну ў вадзе, прывязаў да свае палкі вудку — і гатоў.
Вада была нават не цёмная, а чорная, як нафта, зацягнутая каля берагоў трохліснікам і жабурэннем, але ў цэнтры чыстая. Я начапіў чарвяка і кінуў, праўда, няўдала, у самае жабурэнне; да таго ж, відаць, грузік быў цяжкі, бо пацягнуў за сабою пярыну-паплавок. Я выцягваць... і ледзь не зляцеў сам, цудам паспеўшы неяк ухапіцца за алешынку... Сарвалася! I не абы-што!..
Папраўляючы чарвяка, я дрыжачым голасам мармытаў:
— Вось дык цяжкі прузік... Гэта ж зусім, аказваецца, і не грузік...
На гэты раз я закінуў з вывертам, далей, наколькі дазваляла палка, у прасвет паміж трохліснікамі. Пярына як падала, так і патанула. Я счакаў, падсек і па вадзе, не могучы падняць, падцягнуў да астраўка нешта чорнае, якое страшна было і цягнуць. Гэта быў балотны карась, нейкая помесь з лінём, — у іх чорная, дробненькая луска, самі доўгіія, тоўстыя, з маленькімі чорнымі вочкамі. У нас іх толькі сушаць на таранку, бо балотны пах ад іх не высмажваецца і не выварваецца... Такіх я лавіў некалі, і багата, але такога вось таўстуна — упершыню.
Читать дальше