— Да сядзь ты... Вось так будзе лепш...
— ...Гэта проста міг, секунда! Успыхнула і растала. А гадоў праз пяць-дзесяць-дваццаць -калі ласка: вось пакой, выпіўка, шпалеры зялёненыя, сядзім мы тут і філасофствуем на тэму: «ДЗЕ МЫ БАЧЫЛІ ЎСЁ ГЭТАЕ». А мы ўсё гэтае бачылі, можа, тады, калі яшчэ ў матчыных чэравах...
Я не слухаю далей. Выходжу на цёмны балкон, абапіраюся на мокрыя пад дожджыкам парэнчы і думаю. Душна-душна... За горадам грыміць слабы гром.
«У мяне ёсць пяць рублёў; зараз я вярнуся і скажу, што пайду дадому; не адпусцяць — дзве гадзіны ночы, а я тады скажу, што пайду ў прыбіральню, ціха абуюся, выслізну з кватэры, а там — вуліца, ноч, а там дожджык і машыны-таксі... Ніхто не зразумее і не ацэніць майго пяцірублёвага шчасця. Я з падзякаю, з павагаю да чалавека, які праедзе дзеля мяне трошкі па адной шырокай вуліцы і па дзвюх вузенькіх, — з пачуццём павагі і замілавання аддам яму апошнія свае пяць рублёў, як талстоўскі айцец Сергій перадаваў срэбную манетку сляпому жабраку, брату свайму ў Хрысце... Мара мая каштуе пяць рублёў, і я іх маю! У маім інтэрнацкім пакоі ёсць асобны, свой душ; я залезу пад яго, буду рабіць струмень то цёплы, то халодны; я буду раскашаваць, круціцца пад гэтымі струменямі, як рыба ў час нерасту, як уюн увечары пасля дажджу. Тут стаіць у мяне збіты з пасылкавых скрынак «стол», у слюдовым мяшку ляжыць папера, аловак... Я зачынюся, я вазьму сабе толькі дзве, ну, дазволю тры цыгарэты, і на гэты раз я напішу апавяданне. Пра што? Мне ўсё адно. Мне абсалютна ўсё роўна, надрукуюць яго ці не, будзе яго хтосьці чытаць, калі надрукуюць, ці абыякава прагартае... нікога для мяне зараз няма, ёсць толькі я, які ў зачыненым пакойчыку душа хоча проста пісаць нешта такое, што хацелася б прачытаць у іншых; каб пасля чытаць самога сябе, як чужому чалавеку... Я ўяўлю, што гэта чужое апавяданне, якое вельмі сугучнае маім думкам і настрою і таму блізкае...
Калі-нікалі чалавеку хочацца прыгатаваць сабе якую-небудзь ежу самому; напрыклад, хочацца яму яечні, і ён падсмажыць яе і з'есць у ахвоту – і толькі такой стравы, аказваецца, яму і хацелася, і ён ведае, што ні ў адной сталавальні яму не зра-білі б якраз так; што ніякая жонка ці палюбоўніца, хай яна будзе хоць залатая, не пакрышыць яму цыбуліну якраз вось так — цэлымі вялікімі долямі — і не падсмажыць яйкі якраз так, як хацелася, — ледзь-ледзь, каб толькі ўбіць на патэльню і адразу ж зняць...
Я буду гатаваць тое, што мне цяпер хочацца есці, што дыктуе мне цяпер голад і густ. Я назаву сваю «страву» проста — напрыклад:
«АДЗІН ЛЕТНІ ДЗЕНЬ».
Раніца. Мне — трынаццаць гадоў, і я вяртаюся з лесу з поўнай сеткаю грыбоў. Іду пожняю, паўз могілкі, і доўгім аблупленым дубцом ніжу наперадзе, разбіваю бліскучую расу і мокрае белае павуцінне. Следам зморана цягнецца рабенькі шчанюк, сам сабе ціхенька скуголіць, але варта мне нагнуцца, каб пагладзіць яго, пішчыць і адбягае. Нават бурчыць. Ён злы на мяне: вядома, я яшчэ ў прыцемках успароў яго, маленькага, з цёплага сена ў хляве, пасля ў лесе нацкаваў яго на вожыка, аб якога ён пакалоў і лапы, і нос, а цяпер пужаю свістам дубца. Да ўсяго, ён галодны.
Наперадзе — вёска, а за могілкамі, трошкі ўлева, поўна дач. Нехта грукае там малатком, а рэха адгукаецца і за спіною, у лесе, і наперадзе, у вёсцы, — адбіваецца ад нечае хаты. Дачы фігурыстымі церамамі раскінуліся па ўсім полі за могілкамі, пад самы лес, прыголса пабліскваюць на сонцы сваімі рознаколернымі акенцамі, а здалёк гэты відарыс нагадвае святочкы гарадскі парк з рознымі каруселямі, будачкамі-атракцыёнамі, чортавым колам і пабітым аўтобусам-цірам.
У адным з гэтых церамоў — Божа мілы, як радасна і шчасліва пра гэтае ўвесь час ведаць! — жыве такое белагаловае, адзетае ў зялёнае з чырвоным, адных са мною гадоў, але якое тварам і голасам такое падобнае на дарослую гарадскую дзяўчыну!.. Завецца яно чамусьці Анжэла, а вечарам гэтае прыгожае і белагаловае можна ўзяць за руку, прыціснуцца да яго і слухаць сур'ёзны, павучальны галасок: «Знаеш, когда парень с девушкой начинают вспоминать, как они знакомились, разные подробности или ещё что-нибудь в этом роде — у них не будет будущего...».
Я сабе пад нос спяваю:
...Нават рэхам не гукае —
Адлятае... адплывае...
Вось і следу ўжо няма.
Ужо гадзіны з тры, пакуль цягаўся па лесе, гэтае сядзіць у маёй галаве — не пачаткам ці канцоўкаю нейкага верша, а так, ад таго, што жнівеньскай раніцаю я іду дадому і пазіраю на вёску і на дачы. А можа, і не ад таго. Адзін мой сябра, Васіль, любіць падманваць дачнікаў; ён знарок залазіць у маладую бярозавую пасадку, дзе пасаромеецца расці людскі мухамор, і на ўвесь лес раве: «Ва-а-анька! Сю-у-юда! Грибы есть!» Так і крычыць, па-гарадскому. Я не хачу сказаць, што дачнікі такія ўжо дурні, але гэта ўсё ж не мясцовы люд, — і з трэскам, з перагукваннем чалавек колькі прэцца ў пасадку. А Васіль верашчыць: «Машенька-а-а! Грибов-то здесь сколь-ко!», а рэха носіць па ўсім лесе, і вось цяпер я спяваю:
Читать дальше