Я зразумеў, што напароўся на неруш, на месца, дзе, можа, некалыкі гадоў ніхто не рыбаліў. Карасі амаль не супраціўліся. Хутка мне надакучыла механічна іх выцягваць, і я пачаў забаўляцца: знарок спазняўся падсякаць альбо несалідна, як чалавек, што ні разу ў жыцці вуды ў руках не трымаў, шморгаў, калі паплавок не паспяваў нават легчы на ваду... Бралася бездакорна. Неяк і не заўважалася, што сонца ўжо села, што ад купінаў падымаюцца камары і, самае галоўнае, што за туманам ужо не відаць нават узлеску. Але было яшчэ зусім светла.
Пасля кожнага закіду я казаў сабе — гэтая, і ўсё, і, злавіўшы, думаў — ат, колькі там ісці. А такі клёў не так часта ў жыцці выпадае.
I вось гэты азарт, які робіць чалавека глухім да ўсяго, ледзь не пагубіў мяне. Вядома, я чуў і камароў, і цмоканне рыбы ў сетцы, і крумканне жаб, і іншыя гукі вечаровага балота, але здуру не даваў ім вялікай увагі, не дужа прыслохоўваўся і быў расслаблены. Між тым ужо хвілін колькі за спінаю чуўся нейкі не балотны, чалавечы нейкі гук — быццам хтосыці набіраў у рот паветра і з сіпеннем выпускаў праз сціснутыя зубы.
3 купіны проста на мой астравок перапазўала метровая чорная вяроўка — добра помню, што без усялякіх жоўтых вушак.
— Ц-с-сІ
Нас падзяляла паўметра.
Я цяпер веру, што ёсць у гэтых гадаў нейкі гіпноз, і я проста аказаўся паралізаваны, бо стаяў і не мог зварухнуцца; але потым — забіце, калі ведаю чаму! — зрабіў самае горшае, што можа зрабіць чалавек адзін на адзін з гадзюкаю — я тупнуў.
Відаць, проста яшчэ не прыйшоў той мой час. Край астраўка, які і так ледзь ліпеў, на маё шчасце раптам у адзін міг адламаўся, і я наўзнач боўтнуўся ў чорную, халодную прорву. Ногі не дасталі дна і блізка. Адразу ж і рукамі, і плячыма, і шчокамі я адчуў густую, вязкую мякаць. Агіда ды плюс халоднал вада і памаглі мне скінуць гіпноз. Я схапіўся мокрымі пальцамі за пук травы, за мяккі бераг, які адрываўся, бы гліна, але вось намацаўся корань, па якім я досыць лёгка выкарабкаўся на свой корч. Ззаду булькала растрывожаная пеля, нясло балотным смуродам, на мне вісела жабурынне, карэньчыкі, камякі гразі, з парэзаных пальцаў цякла кроў, але тое, што я толькі цяпер убачыў, змусіла мяне забыць і на гэта, і нават на гадзюку, якая, можа, сядзела дзесьці побач.
Туман — густы, сівы — уладна насунуўся на балота і схаваў не толькі ўзлесак, але і бліжэйшыя кусгы. Толькі пад нагамі нешта можна было яшчэ раагледзець. Дарыбачыўся!.. Я схапіў сетку з уловам — кілаграмаў восем — і злосна, рашуча ступіў на свой след. Я не паспеў ні спалохацца, ні адскочыць, як шухнуў па самыя пахі. Пад рукамі захадзіла ўжо знаёмая мяккая кашка. «А зоры тут ціхія... Спакойна, цяпер трэба толькі не ўтапіцца!..» Патрошку мне ўдалося выцягнуць палку, якая старчака ўвайшла ў твань амаль уся, і хоць, пакуль выцягваў, трохі ўсмактаўся глыбей, але ўдалося пакласці палку ўпоперак. Здаецца, лягла на купіны. Падцягваючыся рыўкамі, я неяк спіною вылузаўся аж да пояса, потым ірвануўся штосілы і аберуч ухаіпіўся за сваю алешынку. Выпаўз.
«Як жа я прайшоў?! Я ж сюдою прабіраўся! Спакойна, тут адно — не трэба панікі!»
Я, як мог, абчысціўся, абмыўся ржавай вадою і пачаў аглядацца. На тым шляху, якім я дабіраўся да астраўка, цяпер чарнела гразёю ямка, і ў гэтай гразі, нікуды не ўцякаючы, ляніва плюхалі мае карасі. Ну, нічога. Ісці, дзякуй Богу, ёсць кудою — на ўсе два бакі: злева — пеля, прама — ямка...
На гэты раз я пайшоў асцярожненька, прабуючы купіны, тыркаючы наперад палкаю. Раптам метры праз тры купіны зніклі і адкрылася роўная, зарослая зялёнай траўкаю, дарога. Палка лёгка прабіла гэтую дарогу і боўтнула.
Вось гэта было ўжо сур'ёзна.
Я ўявіў сабе план гэтай пасткі, і на лбе выступіў халодаы пот. Я стаяў у самым цэнтры пелі. Вакол досыць шырокай паласою, дзе адкрытая, дзе закрытая зверху машком, была багна. Яна была ў форме падковы з вельмі вузенькім прасветам паміж краямі. Сюды мне неяк удалося прайсці гэтым прасветам, а цяпер ямка, з якой толькі што вылез, злучыла краі.
Магчыма, былі яшчэ хады, магчыма, было нейкае вузкае месца, якое можна было пераскочыць ці нават пераступіць — але калі б гэта было ўдзень! А цяпер, калі не бачыш далоні перад носам?..
Яшчэ пра гадзюку можна было падумаць, што так, выпадак... Але калі ўсё разам, адно на адно — гэта ўжо нешта больш сур'ёзнае, недаацэненае; быццам некаму не хочацца мяне адсюль адпускаць...
Ужо не было відаць ні вады, нічога. Я сядзеў пад алешынкаю, на астраўку, аб'едзены камарамі, атупелы, і мне здавалася, што гадзюка ззаду пракусіла мне спіну і смокча кроў. Я ўстаў — калі была б гадзюка, адчуў бы цяжар, — памацаў. Тоўстая п'яўка, як шына, скручаная ў шар, цёплая, рабрыстая... 3 нагі адарваў яшчэ дзвюх.
Читать дальше