— Я бачу адно выйсце. Яны тады шоўкавыя, калі мужчына вышэйшы... У сэнсе, калі ў яго ёсць выбар. Яшчэ інакш – калі ён не так моцна, як, скажам, ты, кахае. Яшчэ лепш – калі ніяк не кахае. Трэба паставіць тваю жонку ў залежнасць ад цябе...
— Як?! Навучы! Век Бога за цябе буду маліць, калі яна цябе разлюбіць і да мяне вернецца!..
— Добры ты, Адам...
XIV.
Бывае, перад якойсьці малой ці вялікай радасцю: сустрэчай з каханым чалавекам, пераездам на новую кватэру, паступленнем у інстытут, пакупкай нечага новага, даўно жаданага — успомніцца раптам такая дрэнь, штосьці такое кепскае, якое некалі з табою здарылася, і так шкада сябе зробіцца ранейшага, так захочацца вярнуцца ў той чорны дзень, каб падбадзёрыць сябе таго: «Не сумуй — усё мінецца, усё будзе добра! Я ведаю, я — з будучыні!”.
Тома ішла на спатканне з каханым, упершыню за ўсё жыццё па-сапраўднаміу каханым чалавекам; яна ведала, што, хутчэй за ўсё, гэта будзе іхняе апошняе спатканне, як здагадвалася і пра тое, чым яно можа скончыцца, — але ні на міг ні аб чым не шкадавала, бо даўно ўжо здрадзіла мужу ў душы.
Быў ліпеньскі ранні вечар. Вуліца пахла цяплом, таполевым пухам і ледзь улоўна, прыемна — цеплавозным дымком і мазутам. Тома ішла марудна, знарок адцягваючы сустрэчу, і — упершыню за апошнія гады вярталася думкамі да сваіх чорных дзён, суцяшала і шкадавала сябе...
Што й казаць — мала добрага ўспаміналася. Бацька іх — Тому з меншай сястрою — кінуў яшчэ малых, матка піла, плакала, лаялася, біла іх... Ужо ў шостым класе сяброўкі неяк пазвалі яе на гуляінку “на хату», дзе была музыка, выпіўка, хлопцы са старэйшых класаў, і яна — дзіця дурное — піла, і курыць вучылася, і лезла, ап'янелая, да ўсіх цалавацца, а потым звалілася пад стол і прыйшла да памяці толькі раніцаю — голая, на падлозе... Яна нават не ведала, калі і хто яе ссільнічаў. Сяброўкі папярэдзілі, што хай толькі паспрабуе каму сказаць — галаву адарвуць. Яна толькі горка пасміхнулася — матка зрабіла б тое самае, калі б даведалася, яшчэ хутчэй за сябровак.
Вось Магілёў, бібліятэчгны тэхнікум, інтэрнатаўскі пакой, п'яны Коля валтузіцца з Томінай сакурсніцай на суседнім металічным ложку; Тома лезе з галавою пад падушку, круціцца, затыкае пальцамі вушы, але ўсё роўна чуе, чуе ўсе... Вось сакурсніца паехала на выхадныя, прыходзіць п'яны Коля і моўчкі, з размаху б'е яе па твары — прыдурак, яна б і так, без біцця, ад аднаго страху дала б рабіць з сабою ўсё, што яму хочацца!.. Колю з ёю не спадабалася, на наступную ноч, калі прыехала сакурсніца, Коля прыводзіць сябра, і вось ужо два металічныя ложкі жывуць, і ўжо не схаваешся пад падушку, а дыхаеш потнай чужой падпахаю... Ад такіх успамінаў не тое што да Грышко ці да Шкапіча пабяжыш, а да чорта лысага... I Тома цяпер шкадавала сябе тую, і суцяшала, і гладзіла ў думках сябе па галаве: «Не сумуй — наперадзе ўсё добра! Будзе замуства, будзе сапраўднае каханне, толькі дажыві фізічна!»
Грышко чакаў яе каля клумбы ў прывакзальным скверы. «Томачка, я забяру цябе з сабою ў Мінск!» Яна ўбачыла, што ён п'янаваты, але замест абурэння яна адчула, што такі Грышко — яшчэ больш зямны, яшчэ больш блізкі ёй.
Доўга не гулялі, пайшлі ў хатку. Люстра і стол з «нацюрмортам» прыемна ўразілі Тому, як не так даўно кватарантку. Трохі выпілі; Грышко пераліў цераз край у сваю чарку каньяк і доўга падпальваў карычневую плямку на стале, а калі яна загарэлася, калі ажыў і пачаў лізаць яе сіні язычок, сказаў: «Сіняя кветка!»
У большай хаце Тома першая села на ложак, скінула басаножкі і пачала распранацца; толькі шэптам папрасіла Грышко, каб памог расшпіліць ёй на спіне станік. Калі ён расшпільваў, Томе пачулася, што ў шафе штосьці шкрабецца.
— Мышы!— засмяўся Грышко.— Начамі спаць не даюць.
Седзячы з нагамі на ложку, ужо ў чым маці нарадзіла, яна раптам заўважыла, што Грышко як бы і не думае распранацца, стаіць у джынсах, толькі кашуля расшпіленая на два верхнія гузічкі.
— Ну? — працягваючы рукі, пяшчотна і патрабавальна спытала яна.
І зноў, падалося, рыпнула чортавая шафа.
— Я зараз, — Грышко пакусваў вусны. — Скажы, што ты цяпер адчуваеш?
— Мне цудоўна, я як у казцы...
— Мужа не згадваеш?
— Што мне муж, калі ў мяне ёсць ты, мой мілы, каханы, адзіны...
Яна ўсё яшчэ нічагуткі не разумела.
— Уяўляю, які твой муж быў бы шчасліівы, каб яго так любілі.
— А ты, мілы? Ты хіба не шчаслівы цяпер?..
— Ды мне да лямпачкі.
У яе раптам пачалі цямнець і павялічвацца зрэнкі вачэй.
— Ты... смяешся?
Читать дальше