Гэтая гісторыя ня мае заканчэньня - тым больш, што спрэчкі вакол мэтазгоднасьці перазахаваньня й аўтэнтычнасьці «Эратычнага дзёньніка» працягваюцца й дагэтуль, але дакладна вядома адно: Ё.Б-лядзкі й ягоная сакратарка больш ня сьпяць у адным ложку...
Палескія Рабінзоны
Часам здараецца, што, здавалася б, цалкам бяскрыўдныя героі дзіцячае літаратуры, зрабіўшыся зданямі, ператвараюцца ў змрочных маньнякаў-забойцаў. Так здарылася й з героямі любімай шматлікімі пакаленьнямі беларускай дзятвы кніжкі «Палескія рабінзоны».
У Тураўскім раёне Гомельскай вобласьці, вядомай дзікай прыродай, цнатлівымі норавамі жыхароў і моцным радыяктыўным забруджаньнем, адбылася сэрыя загадкавых, жорсткіх забойстваў. Злачынствы былі падобнымі адно да аднаго - бескарысьлівыя й пазбаўленыя здаровага сэнсу.
Відавочна, спраўцамі кожнага разу былі адны і тыя ж людзі. У пушчах Палесься зьнікалі цэлыя турыстычныя групы, ня кажучы ўжо пра аматараў-адзіночак. Празь некаторы час ахвяраў знаходзілі прывязанымі калючым дротам да дрэваў, скалечаныя трупы са сьлядамі жорсткіх і вытанчаных катаваньняў былі затаптаныя ў багну, але сьледчых пракуратуры дзівавала, што й грошы, й дакументы, й турыстычныя прылады заставаліся некранутымі. Зьнікалі адно сякеры, нажы, вяроўкі, штопары, відэльцы, паляўнічыя стрэльбы - усе рэчы, прыдатныя для адмысловых забойстваў ды мудрагелістых катаваньняў. Сьледчыя пракуратуры доўга не маглі даць рады, бо злачынцы нікога не пакідалі жывымі.
Але аднойчы пасьля таго, як у палескіх балотах бясьсьледна зьнікла дэлегацыя МАГАТЭ, на пошукі былі кінутыя вайсковыя падразьдзяленьні. Жаўнеры знайшлі напаўжывога перакладчыка, які перад сьмерцю распавёў наступнае: у начы на іх лягер напалі двое невядомых, па выглядзе - падлеткаў.
Падлеткі зьвязалі дэлегацыю МАГАТЭ элекрадротамі ад вымяральных прыбораў і запатрабавалі прызнацца ў тым, што дэлегаты - шпіёны санацыйнае Польшчы толькі на той падставе, што намёты былі польскае вытворчасьці. Злачынцы лупцавалі дэлегатаў МАГАТЭ доўбнямі, абцягнутымі скурай вожыка й прымушалі паказаць мейсца, дзе закапаныя радыёстанцыя, парашуты й выбуховыя рэчывы. А паколькі ніхто зь небаракаў-навукоўцаў, натуральна, ня мог паказаць гэтага мейсца, падлеткі пачалі забіваць ахвяраў аднаго за адным страшнымі доўбнямі. Пашэнціла аднаму перакладчыку: ён скеміў прызнацца, нібыта ён ёсьць праўдзівым шпіёнам санацыйнае Польшчы, выконвае сакрэтнае даручэньне маршалка Фоха, а шпіёнскі спшэнт закапаны на балотнай высьпе. Падлеткі зьлітаваліся над ім і пакінулі канаць, прывязаным да дрэва калючым дротам. Тым ня меней прачэсваньне лесу вайскоўцамі не дало станоўчых вынікаў.
Такі стан рэчаў існаваў працяглы час, пакуль нарэшце сын пракурора не прызнаўся бацьку, што ва ўсім вінаваты іхні выкладчык беларускае літаратуры, які напачатку навучальнага года наладзіў са сваімі вучнямі сьпірытычны сэанс па выкліканьню ўлюбёных літаратурных вобразаў - Палескіх Рабінзонаў. Сьпірытычны сэанс быў наладжаны пад час экскурсыі ў радыёактыўную пушчу. Перад зьляканымі падлеткамі зьявіліся двое камсамольцаў з рамана Янкі Маўра з доўбнямі, абцягнутымі вожыкавай скурай. Напалоханыя дзеці й настаўнік кінуліся наўцёкі, а новаствораныя літаратурныя пачвары заняліся сваёй звыклай, вызначанай сюжэтам справай - пошукамі й ліквідацыяй шпіёнаў і дывэрсантаў.
Высьветліўшы акалічнасьці гэтае справы, пракурор выклікаў дэзактыватараў, і яны дэматэрыялізавалі Палескіх Рабінзонаў.
Гэтая гісторыя яшчэ раз пацьвярджае, што прапаганда жорсткасьці й гвалту на старонках дзіцячае літаратуры, памножаная на Чарнобыльскую навалу, можа даць непрадказальныя па сваіх наступствах вынікі.
Гэтыя істоты надасьведчаным аматарам зьяўляюцца найбольш цяжкімі для распазнаньня. Для спэцыяліста ж выявіць вядзьмарку - ня ёсьць вялікая праблема.
Па-першае, сапраўдныя вядзьмаркі ніколі не адкідаюць ценю; па-другое - не адбіваюцца ў люстэрку.
Цяжкасьці распазнаньня палягаюць на тым, што вядзьмаркі хітрэйшыя за звычайных людзей; тэарэтычна, кожная кабета можа стаць вядзьмаркаю, але для гэтага неабходная адпаведная адукацыя й натуральныя схільнасьці.
Наконт узьнікненьня гэтых звышнатуральных істотаў ёсьць некалькі вэрсыяў. Паводле адной, пераход у вядзьмарскі стан адбываецца паступова, і крэўныя разам зь сяброўкамі не заўсёды звыкаюцца з новаю якасьцю, сьпісываючы яе на конт пагаршэньня характару. Паводле другой - зьмена адбываецца раптоўна, калі кабета ўступае ў сьціслы кантакт з Д'яблам. Некаторыя навукоўцы сьцьвярджаюць, што вядзьмарства перадаецца ў спадчыну.
Читать дальше