Міколка Паравоз
Ужо ў самім імені-мянушцы папулярнага героя Міхася Лынькова закладзены характар здані часоў пашыранай мэханізацыі. Дарэчы, гэтая традыцыя ў савецкай беларускай літаратуры мае досыць моцныя карані - згадайма хаця б Максіма Танка.
Пасьля ўключэньня твора «Міколка Паравоз» у школьную праграму вобраз хлопчыка-шкодніка трывала ўвайшоў у сьвядомасьць чытачоў. Многія пакаленьні дзетак-беларусаў меркавалі, што Міколка Паравоз - чыста мастацкі вобраз, але падзеі, якія нядаўна разгарнуліся ў Воршы, на літаратурнае радзіме здані, пацьвердзілі вышэйзгаданую тэорыю матэрыялізацыі падобных пачвараў.
У 1991 годзе ў Воршы, самым буйным чыгуначным вузьле Беларусі, распачаліся страйкі. Спачатку мяйсцовыя ўлады меркавалі, што гэтыя страйкі стыхійныя, але неўзабаве сакрэтныя агенты транспартнай міліцыі прыйшлі да высновы, што чыгуначнікаў і насельніцтва да непадпарадкаваньня ўладам падбухторвае зламысьнік. У красавіку на стол начальніка транспартнай міліцыі паклаўся рапарт аднаго з сакрэтных агентаў, у якім паведамлялася наступнае:
«25 красавіка ў краме каля чыгуначнага вакзалу сабралася вялізная чарга па гарэлку - выключна жанчыны, бо іх мужыкі ў гэты час біліся ў дэпо зь міліцыянтамі. У чарзе зьявіўся хлопчык у старарэжымнай чыгуначнай фуражцы, які здолеў пераканаць натоўп, што гарэлкі ў краме ня будзе, бо ўсе прадукты нафтаперапрацоўкі зь Беларусі вывозяцца ў Расею, а таму трэба ісьці на чыгунку й садзіцца на рэйкі, па якіх празь некалькі гадзін мусіць прайсьці цягнік на Маскву, наладаваны мяйсцовымі моцнымі напоямі. Жанчыны паддаліся на правакацыю й выйшлі на чыгуначнае палатно за горадам».
У гэты самы час да горада пад'язджаў урадавы спэццягнік з тагачасным прэм'ер-міністрам - першы чалавек дзяржавы накіроўваўся супакойваць мяйсцовы пралетарыят. Але машыніст быў змушаны спыніць цягнік, не даязджаючы да Воршы, бо шлях перакрыў натоўп разьюшаных цётак. Прэм'ер-міністр зірнуў у вакно: у натоўпе насупраць вагона, наверсе чыгуначнага адхона стаяў хлопчык у старарэжымнай чыгуначнай фуражцы й паказваў яму голую дупу. Прэм'ер-міністр зьніякавеў і вырашыў не выходзіць да народу, пакуль зламысьнік ня будзе злоўлены. Але ахова, апынуўшыся на адхоне, аніякага зламысьніка ня ўбачыла. Вярнуўшыся да старшыні выканаўчае ўлады дзяржавы, начальнік аховы зь нямалым зьдзіўленьнем убачыў праз шкло, што сярод ягоных падначаленых стаіць зламысьнік і сьвеціць голай дупай. «Matka Boska Wostrabramska!..» - перахрысьціўся начальнік аховы, які, нягледзячы на партыйны білет і КГБісцкае пасьведчаньне, у душы заставаўся праўдзівым каталіком і, дарэчы, паходзіў з адной вёскі з прэм'ер-міністрам. Як толькі шкло было апушчана, здань зьнікла. І толькі тады старшыня выканаўчай улады наважыўся выйсьці да народу, каб уласнаручна раздаць прывезеную гарэлку. Пайшла ланцуговая рэакцыя - цёткі занесьлі гарэлку сваім мужыкам, тыя, як і мае быць, напіліся, а міліцыянты расьцягнулі непрытомных па выцьвярэзьніках ды пастарунках, маючы, нарэшце, на гэта законнае права. Так, дзякуючы намаганьням урада, клясавае выступленьне аршанскага пралетарыята, падбухторанага літаратурнай істотай, было спынена.
Але вярнуць здань на старонкі літаратурнага твора было ўжо нельга: Міколка-паравоз, пазбаўлены магчымасьці рабіць вялікія шкоды, пачаў рабіць драбнейшыя. Ён зьяўляўся пры любым надвор'і на тым самым адхоне перад кожным цягніком з дэлегацыяй з Усходу, нязьменна дэманструючы то адну, то другую інтымную частку цела. Па начох ён падсьвечваў сабе чыгуначным ліхтаром. Відаць Міколку Паравоза было толькі з вагона. Каб зьліквідаваць гэтую ганьбу слыннага чыгуначнага горада, мяйсцовыя ўлады абвясьцілі конкурс. Перамог праект аднаго Дызайнэра, згодна зь якім уздоўж чыгуначнага палатна ўсталявалі рэклямныя плякаты чакалаты «Сьнікерс». І як не вычвараецца цяпер Міколка Паравоз, але ніхто з пасажыраў не заўважыў ягонае дупы на тле гіганцкіх смажаных гарэхаў цялеснага колеру...
Такім чынам, нават кічова-абрыдлівая рэкляма кандытарскіх вырабаў можа паспрыяць паляпшэньню нораваў у краіне.
Гаўляйтар і Пакаёўка
Некаторыя зданезнаўцы памылкова адносяць гэтыя істоты да віду гістарычных, але на самой справе яны зьяўляюцца чыста літаратурнымі, хаця й маюць сваіх рэальных прататыпаў - гаўляйтара Беларусі Кубэ й ягоную пакаёўку, таварыша-тэрарыстку Мазайнік. Гісторыя іх драматычнага суіснаваньня зафіксаваная ў сьвядомасьці чытачоў дзякуючы намаганьням пісьменьніка-міфатворцы савецкага пэрыяду Янкі Новака ў рамане «Зэгар спыніўся а дваццацьчацьвертае гадзіне», і таму пераказ інтрыгі не ўваходзіць у задачу гэтае сур'ёзнае навуковае распрацоўкі.
Читать дальше