Навукоўцы даўно заўважылі, што істоты, якія дзейнічаюць у будынках, дзе адбываліся рэальныя падзеі іх зямнога жыцьця, няздольныя нанесьці людзям вялікае шкоды. Але калі арэал іх існаваньня зьнішчаецца, здані й пачвары, у тым ліку й літаратурныя, вырываюцца на волю й нясуць у сьвет сваю крыважэрнасьць і пазбаўленую сэнсу гнюснасьць.
Так адбылося з Гаўляйтарам і ягонай Пакаёўкай.
Яны міралюбна й лагодна існавалі ў старасьвецкім менскім будынку па былой Дамініканскай (цяпер - Энгельса) вуліцы, дзе на той час мейсьціўся Саюз пісьменьнікаў БССР. Прыбіральшчыцы, вахцёркі й вартаўнікі даўно прызвычаіліся да таго, што па начох Гаўляйтар і Пакаёўка штораз узнаўлялі кульмінацыйную сцэну сваіх жыцьцяў: Пакаёўка падкладала ў гаўляйтэраў ложак замест сябе гадзіньнікавую бомбу. Але напрыканцы сямідзесятых гістарычны будынак быў разбураны: спатрэбілася пляцоўка для пашырэньня корпуса ЦК КПБ, а для Саюза нісьменьнікаў быў пабудаваны новы дом, куды з усяго спшэнту, што некалі належыў гаўляйтару-нябожчыку, перавезьлі адзін толькі раяль «Бэхштайн». Ня маючы куды падзецца, здані схаваліся ў музычны інструмэнт, і такім чьшам трапілі ў новы будынак.
Адчуваючы настальгічную тугу па Фатэрлянду, гаўляйтар Кубэ пачаў зьяўляцца ў каміннае залі, дзе намаганьнямі мяйсцовых пісьменьнікаў быў зарганізаваны бар-більярдная. Паўпразрысты Гаўляйтар грэўся каля агню ў парадным муньдзіры з усімі мэдалямі, а Пакаёўка гэтым часам майстравала чарговую бомбу. Паколькі прывіды рабіліся збольшага бачнымі апоўначы, калі мяйсцовыя аматары кія ды чаркі напіваліся да паўпрытомнасьці й танчылі на більлярдзе, то ніхто зь іх не зважаў на дзіўнага фацэта ў фашыстоўскім муньдзіры й ягоную сяброўку; да таго ж, здань Кубэ някепска гаварыла па-беларуску.
Так працягвалася даволі доўга, пакуль у бар-більярдную не завітаў аўтар несьмяротнага рамана «Зэгар спыніўся а дваццацьчацьвертае гадзіне», таварыш Янка Новак. Таварыш Новак, пісьменьнік-чэкіст, як і мае быць, напіўся так, што зблытаў мужчынскую прыбіральню з жаночае, дзе ў смуроднай кабінцы засьпеў сваю літаратурную гераіню за майстраваньнем чарговай гадзіньнікавай бомбы. Не разумеючы сутнасьці зьявы, пісьменьнік-чэкіст пачаў заляцацца да зматэрыялізаванага плёну ўласнай фантазыі. Як ні дзіўна, але таварыш Янка Новак меў посьпех; ён і здань забавіліся так, што цалкам забыліся на падрыхтаваную бомбу, якая, згодна з назовам несьмяротнага рамана, выбухнула роўна а дваццацьчацьвертае гадзіне, пашкодзіўшы каналізацыю. Помсьлівы Гаўляйтар, які ня мог дараваць Янку Новаку зламыснай фальсыфікацыі, зацягнуў аблепленага фэкаліямі кантужанага пісьменьніка-чэкіста ў бліжэйшы міліцэйскі пастарунак і, прычапіўшы яму на грудзі Жалезны Крыж, пакінуў пад дзьвярыма, прыхапіўшы з сабой службовае пасьведчаньне таварыша Янкі Новака.
Пісьменьніку-чэкісту выпала доўга тлумачыць, якім чынам і за што ён атрымаў фашыстоўскую ўзнагароду, ня кажучы пра тое, што яму давялося сваім коштам рамантаваць разбураную прыбіральню. А што тычыцца зданяў Гаўляйтара й Пакаёўкі, то яны зьніклі толькі пасьля таго, як раяль «Бэхштайн» і бар-більярдная былі асьвенчаныя сьвятарамі трох хрысьціянскіх канфэсіяў.
А таму япгчэ раз варта нагадаць пісьменьнікам-міфатворцам пра адказнасьць за праўдзівасьць літаратурнага выкладаньня гісторыі Бацькаўшчыны.
Максім Кніжнік
Як ужо згадвалася, літаратурныя здані вядуцца ня толькі ў Беларусі, але й па-за яе межамі. Арэал існаваньня вызначаецца беларускім культурніцкім асяродкам, але ён узьнікае ня толькі каля беларускіх школаў, бібліятэкаў ды асьветніцкіх цэнтраў, але і каля магіл беларускіх пісьменьнікаў, якія параскіданыя па ўсім сьвеце - ад мора да мора - а таму здані, якія час ад часу зьяўляюцца ў мейсцах пахаваньняў, ані ў якім разе ня трэба блытаць з могілкавымі, бо яны маюць цалкам іншыя схільнасьці ды ўпадабаньні.
Мясьцінай, сьвятой і жаданай для кожнага сьвядомага беларуса, стаў крымскі курорт Ялта зь Лівадзійскімі могілкамі, дзе пахаваны Максім Багдановіч, вядомы ў культурніцкіх асяродках як Максім Кніжнік. А таму было б дзіўна, калі б у Ялце не зьявілася літаратурная здань славутага паэта.
У апошнія гады ў каляпісьменьніцкіх колах разгарнулася кампанія за перанос труны з прахам Максіма-кніжніка на Бацькаўшчыну. Пазалетась для складаньня каштарыса па эксгумацыі выправілася ў Ялту ініцыятыўная група прыхільнікаў гэтай антыхрысьціянскай акцыі на чале з камэндантам Музэя-кватэры паэта Ё.Б-лядзкім. У першы ж дзень ад вартаўніка, якому беларускі ўрад яшчэ ў даваенныя часы даручыў даглядаць магілу (гадаваць кветкі й падфарбоўваць пяціканцовую зорку на тыпавым помніку для чырвонаармейцаў). Ё.Б-лядзскі пачуў, што неаднаразова ў сьне да вартаўніка прыходзіў Максім Кніжнік і папярэджваў, што калі хто яшчэ хоць раз падфарбуе на ягонай магіле камуністычны сымболь, то вартаўнік страціць ня толькі жыцьцё, але й шмат што іншае. Ё.Б-лядзкі, як праўдзівы католік, ня мог даць веры, што нябожчык можа зьяўляцца пасьля сьмерці, але на ўсялякі выпадак вырашыў спраўдзіць словы вартаўніка. Адшукаўшы магілу, камэндант Музэя-кватэры й ягоная сакратарка ўбачылі, што зорка сапраўды даўно не аднаўлялася, а празь яе абрысы, з-пад аблушчанае фарбы праступае выява Пагоні. Зрабіўшы абмеры магілы, каб вызначыць аб'ём земляных працаў, яны вярнуліся ў гатэль «Арыянда» й залеглі ў ложак. Уначы Ё.Б-лядзкі пачаў задыхацца, а прачнуўшыся, убачыў перад ложкам цень, у якім з жахам пазнаў прывід Максіма-кніжніка. Ё.Б-лядзкі паспрабаваў пабудзіць сакратарку, але паненка спала як забітая. Прывід паэта сувора папярэдзіў камэнданта Музэя-кватэры, каб той не чапаў ягонае магілы, а перад тым, як зьнікнуць, перадаў суразмоўцу сшытак - свой «Эратычны дзёньнік» і загадаў абавязкова яго апублікаваць. Кінуўшы разьвітальны позірк на распранутую паненку, здань Максіма папярэдзіла, што ў Ё.Б-лядзкага ніколі ня будзе эрэкцыі, калі той не выканае волі паэта.
Читать дальше