З раніцы зьляканы маладзён панёс свой вайсковы трафей да вэтэрынара, але той доўга ня мог даць рады, бо падобнай жывёлы ніколі не сустракалі на тутэйшых абшарах. Параіўшыся, мужчыны палічылі за лепшае ўсыпіць сабачку. Пачалі з хляраформу, але дзіўная істота, прасядзеўшы мо з гадзіну ў шкляным слоіку па лыткі ў сонным, так і не сканала. Тады разьюшаны вэтэрынар, схапіўшы вялікія нажніцы для кастрацыі, перарэзаў азіяцкую поскудзь напалам, і ледзьве не самлеў - пачвара ўяўляла сабою адну толькі скуру, у сярэдзіне якой целяпалася густая й яшчэ цёплая чалавечая кроў.
Сьледчыя вайсковае пракуратуры, якія зацікавіліся гэтай справай, высьветлілі наступнае:
У некаторых, непраходных для цяжкой савецкай тэхнікі, раёнах Афганістана з паганскіх часоў і дагэтуль захаваўся культ сабак. Азіяцкія ведзьмакі могуць адасабляць і кансэрваваць душы зьедзеных у культавых мэтах чацьвераногіх сяброў. Па патрэбе гэтыя душы ўдзімаюцца ў злупленыя сабачыя скуры - так зьяўляецца на сьвет жахлівы крывасмок. Суседнім народам здаўна вядомы хітрыкі падступных ведзьмакоў; такія монстры на мусульманскім Усходзе маюць назву Афганскі Пацук.
Гэтая гісторыя яшчэ раз даводзіць слушнасьць усім вядомых вайскова-палітычных дактрын, паводле якіх Беларусь мусі захоўваць нэўтральны статус і ня ўдзельнічаць у каланіяльных войнах суседзяў.
Прывід сібірскага ката князя Паскевіча
Здаўна ў Гомельскім парку культуры й адпачынку, пераробленым зь сядзібы кпязя Паскевіча-Эрыванскага, увагу наведвальнікаў вабіць вялікі валун з выбітым на ім надпісам «Лордъ». Як сьцьвярджаюць гісторыкі-зданезнаўцы, пад гэтым каменём пахаваны ўлюбёны сыбірскі кот магната. Пры жыцьці кот Лорд праславіўся тым, што ня толькі спраўна лавіў мышаў і нават пацукоў у палацы гаспадара, але й ўдзельнічаў ва ўлюбёных забавах Паскевіча - у паляваньнях на дробную жывёлу й на прыгонных палешукоў. Дарэчы, заслугоўвае ўвагі й сама тэхналёгія паляваньня, распрацаваная фаварытам расейскага імпэратарскага двара: егер, сядаючы на каня, браў ката на рукі, і калі наганяў сваю ахвяру, кідаў хатняга драпежніка ёй на плечы. Кот са злосным вуркатаньнем умомант перацінаў артэрыю й цягнуў яшчэ цёплую здабычу да гаспадара. Так працягвалася да тых часоў, пакуль кот не натрапіў на палешука-сыфілітыка, і празь некаторы час сканаў у жахлівых пакутах. Удзячны князь пахаваў свайго ўлюбёнца на высокім беразе Сожа, каб пад час шпацыраў з паненкамі па парку мець нагоду для прыемных успамінаў і вытанчанай гаворкі.
Пасьля прыходу да ўлады бальшавікоў, нашчадкі князя былі расстраляныя, а сядзіба перароблена на асяродак выхаваньня юных ленінцаў - нашчадкаў прыгонных палешукоў. Новыя гаспадары паводзілі сябе ў новых, цалкам нязвыклых варунках шыкоўнага палаца, як і мае быць: паскудзілі ў саксонскі фарфор, покуль ён быў цэлы, прадавалі на рынку спшэнт, што застаўся ад былых уладальнікаў, а на грошы, прыдбаныя ад гандлю, куплялі мэдычны сьпірытус. Між іншым, дзеткам вельмі спадабалася ладзіць свае алькагольныя оргіі (да сапраўднага сэксу яны яшчэ не дарасьлі) на валуне-надмагільлі ўлюбёнца былога гаспадара.
Дзеці зьнікалі й раней, але для выхавацеляў у часы паміж ваенных ліхалецьцяў гэта падавалася цалкам натуральным. Аднак ў 1954 годзе, калі раптоўна зьнік сын прысланага з Тамбова партфункцыянэра, пачалося афіцыйнае расьсьледаваньне. Гэтым разам да паказаньняў непаўналетніх пьяніц прыслухаліся, а яны паказвалі наступнае:
Спачатку дзіцячыя забавы ішлі як звычайна: юныя ленінцы пілі, білі пляшкі аб надмагільле, займаліся мастурбацыяй, частавалі адзін аднаго падабранымі на паркавых алеях недакуркамі. Але аднойчы сын тамбоўскага партфункцыянэра вырашыў навучыць новых сяброў улюбёнай забаве расейскіх падлеткаў, а менавіта: «Хто зробіць сікунамі ў зямлі глыбейшую сьвідравіну?» Відавочна, перамагаў спрактыкаваны ў гэтай звышазартнай гульні расейскі юнак, але атрымаць асалоду з гэтага ён так і не пасьпеў: з-пад зямлі высунулася калматая лапа, наматала струмень на кіпцюры й зацягнула пераможцу пад камень. Зьляканыя дзеці кінуліся наўцёкі.
Сьледчыя напачатку не далі веры пачутаму, але на ўсялякі вьшадак адвярнулі надмагільле. Дол поўніўся дзіцячымі касьцьмі - старымі й з прырослымі яшчэ сьвежымі кавалкамі мяса. На чалавечых рэштках ляжаў некрануты цьвільлю вялізных памераў кот, уткнуўшыся пысай у адгрызаную галаву прапагандыста расейскіх народных гульняў. На жаль, далейшы лёс гэтай жудаснай пачвары невядомы: службы бясьпекі, зьмясьціўшы сваю знаходку ў сьвінцовы кантэйнэр, зьвезьлі яе ў Маскву, а матэрыялы сьледзтва засакрэцілі.
Читать дальше