– Давай! – кажу.
Заплаціў я 60 грошаў, забраў хлеб і выходжу на вуліцу. Іду і так сабе падсумоўваю: гэта ж я за дзевяноста грошаў, што значыцца меней чым за рубель, купіў чатыры з паловай кілаграма хлеба і нават у чарзе не стаяў. Не магу я гэтага зразумець. Няйнакш капіталістычная прапаганда. Мушу высветліць гэтыя справы.
Паколькі мне было нязручна з хлебам па горадзе цягацца, я пайшоў у казармы. А там рух вялікі. Хлопцаў поўна. Некаторыя з гораду папрыходзілі і цуды пра глупства польскіх паноў апавядаюць. Аказалася, што тут не толькі хлеба, але і сала, і каўбасы можна набыць колькі хто хоча. І некаторыя кажуць, што тут заўсёды так было. Але я не магу ў такое паверыць. Гэта ж любому зразумела, што калі прадаваць колькі хто хоча, дык нехта выкупіць усё, а іншыя будуць з голаду падыхаць.
Увечары я ўсяліўся ў свой пакой. Вучыцелька (тая, што па-руску гаворыць) дзверы мне адчыніла і паказала пакой.
– Можаце быць упэнены, што тут чыста, – сказала яна. – А мыцца можна ў лазенцы.
Правяла яна мяне ў пакой ля кухні. Там ёсць файная ўмывалка і вялікая ванна. Зірнуў я на ўсё і так сабе падумаў: “Трэба было б забіць цябе на месцы за ўсё гэта! Колькі ж нашых братоў, сялянаў і рабочых, з голаду паздыхала, каб ты, паразітка, магла ў такой ванне раскашаваць!” Але ёй я гэтага не сказаў. А яна сакоча, краны круціць і паказвае мне, як усё працуе. Дык я тады кажу ёй:
– Парадак. Аўтаматычны карабін больш хітрасцяў мае, і тое рады даю. А ваша ванна – гэта проста глупства!
Пайшоў я ў свой пакой і ўсё агледзеў. Але хадзіць было нязручна, бо дываны перашкаджаюць. Выйшаў я на балкон. А там поўна кветак у гаршках. Зірнуў на горад. На вечар ужо ўзялося. Чую, нашы байцы Кацюшу спяваюць. Вось і я за імі падцягнуў. А потым як засвістаў, дык так мне сумна зрабілася. І Дуняшка прыгадалася. Якая б ні была, але ўсё ж такі баба, і сваю прыемнасць з ёю меў. Вырашыў, што пісьмо ёй напішу. Пайшоў у пакой, святло запаліў і маёй сімпатыі вось такое пісьмо выштукаваў:
“23 верасня, 1939 года.
Горад Вільнюс.
Найкаханая Дуняшка!
Пішу Табе гэта пісьмо з самага цэнтру польскага буржуазнага кубла. Магутным ударам нашага жалезнага, чырвонага кулака мы скрышылі польскіх, фашысцка-капіталістычных генералаў і вызвалілі з-пад буржуазнага ўціску енчучы ў кіпцюрах тыранаў польскі, рабоча-сялянскі народ і ўсе іншыя народнасці, бязлітасна зганьбаваныя і эксплуатаваныя крыважэрнымі панамі.
Я ішоў на чале ўсёй Чырвонай Арміі і біў фашыстаў і іхніх паслугачоў, пакуль яны ў паніцы не паўцякалі. Кватаруюся я ў гожым доме, уласнік-капіталіст якога ўцёк. Тутэйшыя буржуйкі нацягалі мне кветак і заслалі ўвесь пакой дыванамі. А ўсё з-за страху. Штодзённа плаваю ў ванне. Ванна – гэта вялікая балея, зробленая з жалеза, у якую наліваецца вада, і ўвесь чалавек, нават з нагамі, можа ў ёй змясціцца.
Можаш ганарыцца сваім Мішкам, каторы, з гонарам крочачы пад штандарам Леніна-Сталіна, змёў вялікі звярыны адпор польскіх захопнікаў і вызваліў усе енчучыя ў кайданах народы.
Пісаць мне можаш у Вільнюс, бо пэўна яшчэ нейкі час мы будзем тут. Дакладны мой адрас ёсць на канверце.
Моцна сціскаю тваю далонь і далучаю
камсамольскае прывітанне.
Лейтэнант гераічнай Чырвонай Арміі
Міхаіл Зубаў”.
Скончыў я пісьмо, зняў боты, каб за дыван не чапляліся, і праходжуся так сабе. Трох танкістаў насвістваю. Пакуль не пачуў: нехта ў дзверы грукоча.
– Уваходзь, – кажу.
У пакой увайшла дзяўчынка гадоў дзесяці. Спрытная такая. Бачна адразу: буржуйскае насенне. Вочы па кутах лётаюць. Пэўна, шпегаваць яе даслалі, каб падгледзела, што я раблю.
– Мамуся, – сказала яна, – на гарбату вас запрашае.
Мяркую сабе: ісці, не ісці? Але пайшоў. Было цікава паглядзець, як буржуйкі чай п’юць. Прыходжу я такім чынам да іх сталовага пакою. Бачу: белы абрус на стале ляжыць, а на ім поўна розных каштоўных начынняў. Сыр на талерку пакладзены, малако ў збанку, вяндліна нейкая, цукар у цукерніцы. Толькі хлеба мала было. Таму я сказаў: “Пачакайце секундачку”. І выйшаў. Вярнуўся ў свой пакой і думаю: “Кіло хлеба ўзяць ці цэлы бохан?” Аднак раптам яны шмат зжаруць? І мне есці таксама захацелася. Узяў вялікі бохан, прынёс да іх і паклаў на стол. “Гэта, – паведаміў я, – для агульнага карыстання”.
– Але навошта? – гаворыць адна. – Хлеба ў нас шмат, толькі не наразалі ўвесь, каб не засох.
– Нічога, – кажу я. – Прашу не саромецца і есці колькі хто хоча. Я ў стане і два такія боханы набыць!
Читать дальше