– Тут гаспадара няма. Дом магістрацкі. Быў адміністратар, але яго ў войска прызвалі. На нямецкі фронт пайшоў. А кватэрную плату мы заўсёды плоцім у магістрацкую касу.
Паказалі яны мне свае пакоі. Ніколі ў жыцці я такой раскошы не бачыў. Папросту распуста! Дываны нават на падлозе ляжаць. І кветкі розныя. І птушка жывая, падобная да вераб’я, але толькі цалкам жоўтая, у клетцы пасвіствае. І розныя там столікі, паліцы, палічкі, шафы, шафкі, табурэткі, стулля, крэслы… Там былі і такія рэчы, што чорт ведае як іх назваць! Але нічога. Я раблю выгляд, што ўсё гэта мяне зусім не здзіўляе, і быццам не разумею таго, што трапіў я ў капіталістычнае логава эксплуататараў працоўнага люду. У самае гняздо буржуйскай змяі.
Аказалася, што тыя тры бабы ў трох пакоях пражывалі! Вучыцелькі!!!… Але нічога: савецкая ўлада іх выкрые. І “дворніка” таго таксама. Няхай пачакаюць трошкі. Для ўсіх адпаведнае месца знойдзецца.
Дамовіўся я з “вучыцелькамі”, што вечарам усялюся. Аддалі яны мне кутні пакой з балконам. Спыталіся ў мяне, ці шмат я рэчаў маю. Але я ім кажу: “Якія баявы афіцэр можа рэчы мець? Нічога не маю. Дык жа вайна”. Тады яны сказалі, што дадуць мне пасцель. Я згадзіўся, але падумаў сабе: на чорта яна мне трэба?
Развіталіся мы дужа спакойна і культурна, і пайшоў я аглядаць горад. Іду па вуліцах і бачу, што ў сапраўднае буржуйскае логава трапіў. Публіка на вуліцах прыбраная, як на баль. Кожны ў скураных чаравіках, а некаторыя дык нават у ботах. Таксама гальштукі і каўнерыкі шмат у каго заўважыў. І амаль усе ў капелюшах. Вось дармаеды!… А самае дзіўнае дык гэта кабеты. Кожная мае валасы ўчасаныя, як у кінаакторак. На нагах тонкія панчохі, пэўна, у Парыжы набытыя: гладкія, бліскучыя. Сукенкі лёгкія, каляровыя… як кветкі. У жыцці сваім такіх не бачыў. Гожа буржуйскія сцервы прыбраныя. Я іду і думаю сабе так: “Можа, сюды з усёй Польшчы капіталісты з жонкамі і дочкамі з’ехаліся? Такое багацце!”
Мне нават троху страшна зрабілася. Столькі тых крывасмокаў навокал бадзяецца! Але бачу, што і нашых хлопцаў нямала. Ходзяць па вуліцах і таксама форс трымаюць. Кожны напарфумаваны так, што здалёк чуваць. Няхай буржуі пераканаюцца, якая ў нас культура! Шкада, што і я не напарфумаваўся. Не было часу. Іншым разам.
У адным месцы бачу: пякарня. Заўважыў у вакне крамы хлеб і булкі. Нават пірожныя былі. Я ніколі ў жыцці нічога падобнага не бачыў. Думаю сабе: альбо гэта буржуйская прапаганда, альбо спецыяльная крама польскага “Інтурысту”. Стаў каля вакна і назіраю. Людзі ўваходзяць, купляюць, выходзяць. А я намагаюся разгледзець: ці спецыяльныя стаханаўскія “боны” яны маюць, ці звыклыя карткі? Але гэта было цяжка зразумець. Тады думаю сабе: “Паспрабую і я. А раптам прададуць?” Уваходжу ў сярэдзіну, адкашляўся і кажу, нібы спакойна:
– Прашу ўзважыць мне паўкілаграма хлеба.
Паненка, ладная такая і цыцкастая, пытаецца:
– Якога?
Я пальцам паказаў на самы белы… як булка. І нічога. Узважыла, нават у паперку загарнула і падае мне.
– Прошэ пана, – гаворыць.
Я ажно здранцвеў: панам мяне назвала! Не распазнала. Мусіць, толькі таму хлеб мне і прадала. А можа, падслепаватая троху. Пытаюся я:
– Шмат плаціць?
А яна кажа:
– Дзесяць грошаў.
Даў я ёй рубля, а яна мне цэлую жменю панскіх, капіталістычных грошай рэшты выдала. І нават ніякіх “бонаў”, квіткоў, ці “ордэраў” не пыталася.
Выйшаў я з крамы. Хлеб цёплы, белы, ажно пахне. Хацеў адразу з’есці, але сцяміў, што на вуліцы ніхто не есць, толькі нашыя хлопцы ходзяць і сланечнікавыя семкі лузгаюць. Засунуў я хлеб у кішэню. Шкада – думаю – што кілаграма не папрасіў. Можа, і прадала б. А сам падлічваю: гэта ж атрымліваецца, што на нашага рубля я мог бы пяць кіло хлеба купіць! Салодка ж буржуям жылося ў той даўняй Польшчы, на крыўдзе працоўнага люду!
Іду я далей і бачу: зноў пякарня. Людзі ўваходзяць, выходзяць, кожны нешта там набыў. Вось дык і я набраўся смеласці – і скок усярэдзіну. На гэты раз ужо кіло хлеба папрасіў. Зноў на белы пальцам паказаў. І нічога: узважылі, узялі дваццаць грошаў і падалі мне хлеб. Шкада – думаю – што два кілаграмы не папрасіў. Можа б таксама прадалі? Але каму ж гэта вядома? Аднак троху далей я ізноў напаткаў пякарню. Дык вось, шыбую ў сярэдзіну і кажу… быццам нават цалкам спакойна і абыякава:
– Дайце мне, калі ласка, два кілаграмы белага хлеба.
А капіталіст, каторы хлеб прадаваў (нават каўнерыка і гальштука не зняў, каб схаваць сваё класавае паходжанне), спытаў:
– Можа, цэлы бохан возьмеце? Тры кіло важыць.
Читать дальше