Горш за ўсе тое, што мы разважаем пра чытача абагульненага, уяўнага i не практыкуем даследаванняў, апытанняў, анкетавання чытачоў рэальных, канкрэтных. Гэта адлюстроўваецца i ў творчасці. Пагартаўшы зборнікі многіх нашых паэтаў, адчуваеш нейкую ix невыразную, стандартную арыентацыю на ўмоўна-абагульненыя «масы», «народ»; такой безаблічнай «народнасцю» прасякнуты не толькі творы, але выступленні i выказванні ў друку, такой безаблічнай «народнасцю» апраўдваецца падчас нізкі інтэлектуальны ўзровень твора, поўная няўвага да пошукаў формы i новых сродкаў выразнасці.
У свой час Аляксандр Межыраў сказаў, што паэзію чытае толькі 1% з тых, хто ўвогуле хоць нешта чытае. Які ж працэнт гэтага працэнта чытае беларускую паэзію?
«Паэзію чытае ў асноўным моладзь, пераважна студэнцтва», —сказаў аднойчы Пімен Панчанка, народны паэт Беларусі...
У апошняе дзесяцігоддзе намаганнямі Таварыства кнігалюбаў, якое, па сутнасці, займаецца размеркаваннем дэфіцытнай літаратуры, з дапамогай тых жа «Свободных и целевых книгообменов» з ix дакладнай ранжыроўкай на катэгорыі створана жорсткая іерархія кніжных каштоўнасцей i мэтанакіраваная арыентацыя чытача на гэтую іерархію. Калі раней «сярэднеабагульнены» чытач заходзіў у кнігарню i немэтанакіравана выбіраў сабе кнігі калі не па аўтарах, дык хоць па тэмах — пра вайну, пра каханне, пра вёску, i ў межах гэтага «пра» трапляліся кнігі i на беларускай мове, то зараз ён арыентаваны на дэфіцыт i пяць катэгорый, у якія не ўваходзяць, зразумела, ні Янка Купала, ні Кузьма Чорны, ні Іван Мележ.
Але чытацкі попыт не зменіш зноў жа дырэктыўнымі пастановамі i «воклічамі абурэння», ён мае свае законы, i ix трэба ўлічваць. Напрыклад, гістарычны жанр, які мае низменную папулярнасць у чытача. Твораў мала. Караткевіч, Арлоў, Іпатава, Дайнека, яшчэ сёй-той. Чаму мала? Для «сярэднеабагульненага» чытача прычына простая i відавочная: «Навошта корпацца гадамі ў архівах i глытаць пыл, збіраючы матэрыял? З цяжкасцю выдаць кнігу, а потым трываць крытыку гісторыкаў-спецыялістаў, якія, безумоўна, больш дасведчаныя, бо гэта іхняя прафесія?! Лепш з'ездзіць у нядзельку да цешчы ў недалёкую вёску, a ўвечары ў кватэры занатаваць на паперу свае прыгоды ў змененым выглядзе ды ўставіць некалькі думак пра сучасную вёску i вечную для нас яе каштоўнасць. Ну, a калі думкі зусім ужо не лезуць у змучаную няспыннай пісьменніцкай працай галаву,— «перачытаць» для ўпэўненасці якога-небудзь Івана Мележа. Проста, хутка i, што галоўнае,— сучасна, актуальна!»
Успамінаецца выступленне Уладзіміра Караткевіча на VII з'ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пачаў i скончыў ён заклікам да калег пісаць дэтэктывы i прыгодніцкія раманы, як гэта рабілі славацкія, здаецца, пісьменнікі, калі сярод публікі раптоўна ўпала цікавасдь да роднай культуры i літаратуры, узнікла пагроза страціць мову. I больш за ўсіх гаварылі тады пра становішча мовы i пра чытача, якога мы губляем, Быкаў i Караткевіч, пісьменнікі, якім страта чытача пагражае найменш...
Нельга не падзяліць трывогу лепшых нашых пісьменнікаў за сённяшні стан беларускай літаратуры, звязаны са станам мовы i культуры ўвогуле. Нельга не заўважыць пэўную анамальнасць становішча нашай літаратуры, якая павінна побач з агульнасусветнымі, агульначалавечымі мэтамі ставіць сабе за першасную i найважнейшую задачу — змаганне за сваё рэальнае існаванне. Гэта не можа не пакласці пэўнага адбітку на аблічча літаратуры, i мы не маем права не заўважаць такога становішча, заплюшчваць на яго вочы, суцяшацца самачытаннем i самаізаляванасцю. Трэба гарманічна развіваць усе літаратурныя жанры, наладжваць кантакты з самымі шырокімі чытацкімі коламі, каб праз белетрыстыку, «лёгкія» жанры прывесці чытача да больш сур'ёзных i глыбокіх твораў. Трэба дбаць пра выхаванне нацыянальнага чытача ад дзіцячага садка i школы, з першых прачытаных самастойна слоў.
З гэтага пункту гледжання, з разумення спецыфікі сённяшняга стану беларускай літаратуры трэба вырашаць, што для нас зараз важней: зрабіць так, каб чатырохтысячны наклад знайшоў свайго рэальнага чытача ці зрабіць наклад васьмітысячным для чытача абстрактнага; што важней: выданне лепшых твораў спадчыны, пераклады сусветных скарбаў літаратуры, папулярызацыя беларускай гісторыі i культуры ці бяздумная, безаглядная практыка перавыданняў i пераперавыданняў, юбілейных шматтомнікаў i выбраных твораў далека не лепшых нашых пісьменнікаў.
Мусіць, ніводны пісьменнік не лічыць сябе бяздзейсным у дачыненні да развіцця беларускай літаратуры. Ніводны не згодзіцда з тым, што ў сённяшнім крызісным становішчы адносін літаратуры i чьь тача ёсць частка яго асабістай віны.
Читать дальше