З усіх традыцый маладзейшыя вучацца зараз найбольш паспяхова адной: услед за старэйшымі сябрамі яны добра зразумелі навуку прыгладжвання. I ўсё менш запалу, юнай паэтычнасці i катэгарычнасці нават у параўнанні з ix равеснікамі 60-х гадоў. I няхай тыя ў сваім захапленні i эмацыянальным уздыме замест Джардана Бруна «палілі» памылкова Галілея — Галілею ад гэтага было не горш. Можа, наадварот: рэабілітавалася ягоная здрада. А можа, i ўзводзіўся ён на касцёр не памылкова, а ад пачуцця крыўды за яго, у імкненні перарабіць гісторыю на свой лад? I шугала ў неба полымя: дзеля ідэі, дзеля жадання нешта сцвердзіць i нешта абвергнуць...
Дзе пачынаючы мысліцель, той мысліцель, якога не прызнаюць у асобе паэта крытыкі?
Не хапае нам балючасці, як i не хапае пачуцця трагічнасці, ад якой, як заўважыў нехта вялікі, пачынаецца ўсякае мастацтва.
«Ключ ад хаты ляжыць не ў самой хаце. Вядро ставіцца каля студні»,— напісаў А. Разанаў. Ці не зробім мы памылку, адарваўшы паэтычныя праблемы ад больш шырокага — гістарычнага, жыццёвага, філасофскага — кантэксту?
Адно з такіх «каля» — i крытыка, у якой таксама не ўсё ладна. Узяць хаця б самы да крыўднага просты, першы, што трапляе на вочы, прыклад. Чытаеш артыкул, рэцэнзію, ужо дабіраешся да самага канца, i раптам — як вадой аблілі: «на маю думку...» Навошта гэты выраз? Хіба ўсё папярэдняе на думку чужую або зусім без думкі? Ці аўтар верыць у старажытны міф пра аб'ектыўнасць крытыка i гэтым вырезам уводзіць суб'ектыўны момант? Не, гэта не стыль — гэта светапогляд.
Паэты крыўдуюць на крытыкаў. Не хапае эмацыянальнасці? Сапраўды, не хапае. Толькі ці не зашмат гэтай бяздоказнай эмацыянальнасці было ў нашай крытыцы колісь? А зараз? Ці не бяздумнай эмацыянальнасцю выклікана адкрыццё вялікіх дасягненняў у кожным зборніку вершаў? I ўсё ж такі добрай эмацыянальнасці, якая б сведчыла пра зацікаўленасць крытыка кнігай, не хапае. Анатоль Франс называў свае крытычныя артикулы «прыгодамі ўласнай душы ў свеце кніг». Вядома, сустрэча з шэрымі, серыйнымі зборнікамі вершаў — прыгода не найлепшая. Ёсць за што крыўдзіцца i крытыкам на паэтаў. Крытык павінен перш за ўсё даць агульны, цэласны аналіз зборніка. Але пра якую цэласнасць можа ісці гаворка, кaлi яе няма ў самім зборніку?
Не трэба гуляць у бязгрэшных паэтаў. «Некрытычнае навязванне нават самых вялікіх паэтаў часам адштурхоўвае ад ix чытачоў»,— паўтарыў думку сваіх папярэднікаў Я. Еўтушэнка. Калі на Захадзе выйдзе ў свет новы масава-серыйны твор, з тых, што ствараецца за тыдзень штука, нікому ў галаву не прыйдзе адвяргаць яго як твор пэўнага жанру, але ніхто i не ўспрымае яго па-за асаблівасцямі жанру, ніхто не надзяляе яго літаратурнымі вартасцямі. У нас, кажуць, такой дрэні няма. А таму ўсе, або амаль усе, творы аўтаматычна заносяцца ў спіс высокага, сапраўднага мастацтва. А гэта шмат да чаго абавязвае паэтаў, шмат чаго не даруе крытыкам.
Беларуская літаратура траціць чытача.
Шукаю чытача — хаўрусніка душы...—
пачаў свой зборнік Леанід Галубовіч, i гэтыя радкі паўтарылі за ім вусна i пісьмова шматлікія паэты, празаікі, крытыкі.
Прыслухоўваемся да дыскусіі на старонках маскоўскіх часопісаў i газет пра ўвядзенне рэальнай самаакупнасці кніжнай прадукцыі, пра вызначэнне накладу кнігі выключна попытам на гэтую кнігу, пра ўвядзенне пасляпродажнага ганарару, спробных накладаў i спробных выданняў коштам аўтара. Каб зразумець, чым сталіся б гэтыя добрыя выдавецкія пераўтварэнні для нашай літаратуры, дастаткова зазірнуць у папулярныя зараз аддзелы кнігаабмену: сярод тысяч назваў рускай i замежнай літаратуры вы, у лепшым выпадку, убачыце некалькі кніг Васіля Быкава i Уладзіміра Караткевіча ў перакладзе на рускую мову.
Прычын гэткага крызіснага становішча літаратуры шмат, але галоўнай з ix з'яўляецца ўсё ж не прычына ўнутрылітаратурная, а занядбанае становішча беларускай мовы ў палітычным, эканамічным i культурным жыцці рэспублікі.
Узаемаадносіны паміж пісьменнікамі, выдавецтвамі i кнігагандлем напоўнены супярэчнасцямі, непаразуменнямі, узаемнымі крыўдамі. Безумоўна, кнігагандаль працуе далёка не так, як хацелася б, няма належнай прапаганды i рэкламы беларускай літаратуры, але бачыць усе беды толькі ў недасканалай працы кнігагандлю — было б занадта спрошчана i неразумна. Бо рабіць шырокую рэкламу ўсёй без абмежаванняў літаратурнай прадукцыі, запэўніваць чытача ў высокім мастацкім узроўні ўсіх без выключэння пазіцый тэматычнага плана — маральнае злачынства i канчатковы падрыў чытачовага даверу. Кніга не можа быць толькі таварам, i рэклама кнігі не можа быць чыста камерцыйнай, як рэклама гадзіннікаў, але не можа быць i дырэктыўнай, афіцыйнай, бо да мастацкага твора не прымацуеш дзяржаўны Знак якасці i няма, на шчасце, афіцыйнай экспертнай камісіі для ацэнкі якасці паэм i раманаў.
Читать дальше