Ёсць у вершах А. Сыса дастатковы ўзровень думкi i мера пачуцця, ёсць свая, адметная мова (трэба думаць, яна будзе з кожным годам узбагачацца), ёсць спробы міфалагічнага канструявання рэчаіснасці, паэтычнае бачанне, пленная, але не празмерная заглыбленасць у фальклор i гісторыю, адчуванне спецыфікі паэтычнага пісьма.
Услед за Алегам Мінкіным паэт імкнецца спалучыць у сваіх творах патрыятычны пафас з адметнымі, часам авангарднымі формамі выяўлення, i, улічваючы яго самапатрабавальнасць i вялікі аб'ём працы над удасканаленнем паэтычнай манеры, думаецца, што яго чакае на гэтым шляху плён.
Думаецца таксама, што i тэматычнае кола паэта, захаваўшы ранейшы эпіцэнтр, пашырыцца i разгорнецца. Але ўсё ж пра тое «поле бою», дзе «не адзін паэт сканаў», трэба помніць заўсёды, каб не сканаць ні ў гісторыі, ні ў паэзіі.
Дарэчы, калі нябачная прысутнасць гісторыі ў большасці вершаў А. Сыса ўзмацняе ix унутраны змест, то вершы «спецыяльна-гістарычныя» нічым, акрамя патрыятычнага настрою, бывае, не вылучаюцца i з мастацкага боку зусім бездапаможныя. Яны нагадваюць нейкія публіцыстычныя лозунгі, зарыфмаваныя i пакладзеныя на адзін з памераў дзеля «прыгожага» гучання i дзеля магчымасці выказацца на гэтую тэму ў друку. Празмерная патэтыка, бразгатанне мячамі, адсутнасць мастацкай глыбіні — характэрныя прыкметы такіх вершаў:
...Сканалі, ды ўсё ж не сталі —
помнілі, як Кастусь
ступіў на смяротныя шалі
з думаю пра Беларусь.
Большай, куды большай працы над словам патрабуе гістарычная тэма!
Вось i Кастусь Жук вырашыў упрыгожыць адзін з сваіх твораў «гістарычнымі галасамі». Сам па сабе верш «У вёсцы Вішнева» — не пра мінулае, але паколькі дзеянне адбываецца ў вёсцы, дзе памёр Сымон Будны, квятастыя апісанні ўвішных рэчак i белых садоў зводзяцца ў рэшце рэшт да яго:
Вёска Вішнева. Рэчка ўвішная,
Белы вэлюм надзелі сады.
I над яблынямі, над вішнямі
Дух буяе вясны малады.
Тут утульна пчале i сонейку...
I дзяўчыне з касой залатой...
Гэтак пахнуць галінкі соладка!
Гэтак хмеліць паветра настрой!
А душа — то засне, то абудзіцца
На шчаслівай зямлі ў гэты міг...
Знерухомей — i голас Буднага
Ты пачуеш між дрэў шапаткіх.
Пакінем без каментарыяў мастацкі ўзровепь верша, але задумаемся: што агульнага паміж пададзеным К. Жуком настраёва-вясновым малюнкам сённяшняга Вішнева i той змрочнай, фізічна цяжкай, па апісаннях езуіта Фрыбеліуса, абстаноўкай у доме пратэстанцкага шляхціца Лявона Маклока, дзе ў студзені 1593 года скончыў свой жыццёвы шлях Сымон Будны? Адкуль гэты голас Буднага «між дрэў шапаткіх», i якім ён уяўляецца аўтару «на шчаслівай зямлі ў гэты міг» -i «дзяўчыне з касой залатой»? Відаць, перш за ўсё ў аўтара ўзніклі «вішнёвыя» ідэі (Вішнева — увішныя — вішні), i Будны тут ні пры чым, з той жа верагоднасцю маглі мы пачуць i голас Скарыны, Каліноўскага, Багушэвіча.
Увогуле, абыгрыванне назваў вёсачак па-ранейшаму прагрэсіруе ў паэзіі («Трыпціх» Я. Хвалея, верш «Жыткавічы жыта...» У. Мазго), i па-ранейшаму лунае над «шчаслівай» зямлёй матыў «лепшага ў свеце» «роднага куточка», куды «вядуць усе дарогі»:
Родны край мой! Радзіма-маці!
У паклоне нізкім хілюся
I жыццём прысягаю: спяваць мне
Песню вернасці Беларусі!
Кут найлепшы ў свеце
Сёння — зазірніце.
Тут, як сонца, свеціць
Слава ў зеніце.
Сустрэчы, спатканні, трывогі —
Жыцця таямнічы клубок...
Я лепшай не знаю дарогі,
Як гэта, што ў родны куток.
I калі М. Аляхновічу i В. Трусевічу, як «пачаткоўцам», можна яшчэ неяк дараваць падобныя паэтычныя радкі, спісаць на нявопытнасць i недастатковую выхаванасць густу, то з'яўленне «слаўных» вершаў у публікацыях Уладзіміра Мазго насцярожвае i непакоіць куды больш.
Шмат што не задавальняе пакуль што i ў вершах Валянціны Аколавай, якая свядома імкнецца да ix фальклорнай арнаментнасці, народна-песеннай аздобленасці. Прычым гэткі шлях абраны свядома i сцвярджаецца не толькі фальклорнымі стылізацыямі, але i ў іншых вершах непасрэдна слоўнымі канстатацыямі:
Мой краю, па архівах i музеях
Цябе турыст замежны пазнае,
Пытае пра Гастэлу i Казея
I пра вытокі мужнасці твае.
Цікавіцца пра Полацк i Скарыну,
Наведвае трагічную Хатынь.
Глядзіць на чырвань помнікаў каліны
I нарачанскую азёраў сінь...
А я цябе па песнях вывучаю,
Радзімай блаславёная — жыву...
Читать дальше