– Накорміце цялят, дзядзька Іван, а тады і яшчэ вып’ем. Дамовіліся?
Шаршэнь затрымаў на бутэльцы з гарэлкай доўгі нераўнадушны позірк, перасмыкнуў кадыком, а тады пагадзіўся:
– Разумны чалавек абы чаго не параіць. Правільна: спярша цялят, а тады можна будзе... Ці тут паглядзім карткі? Тут святла больш.
– Можна і тут.
– Прымаецца! Трымай пяць!..
Шаршэнь дастаў з-пад дзягі маленькі альбомчык, які быў перахоплены белай рызінкай, разгарнуў, пагартаў... потым яшчэ пагартаў, на гэты раз похапкам... А тады падняў яго над сабой, патрос – з альбома нічога не выпала. Альбом быў без картак. Паглядзеў на Мікалая Сцяпанавіча.
– Былі ж!.. Учора гартаў!.. Былі ж!.. Ну, Таццянка, ну, пачакай! – І на ягоных вачах, што яшчэ больш уразіла госця з горада, заблішчэлі слёзы.– Так падвесці!.. Усю маю Калыму вытрэсла з альбома!.. Да адной карткі!.. А я ж там і з начальнікам у абдымку стаю – з тым, што з Канавы!.. І грубкі на картках былі, што паліў!.. І дровы!.. Ды шмат чаго было на тых хватаграфіях, забрыкай яе камар!.. Хацеў табе, Мікалай Сцяпанавіч, паказаць... пахваліцца біяграфіяй... Не атрымалася. І ўсё таму, што не шанцуе мне на баб. Адна запёрла туды, а другая і знаць не хоча!..
Мікалай Сцяпанавіч паклаў руку на плячо Шаршню, а сам пільна глядзеў таму ў вочы, і не адразу сказаў:
– Добрая жонка ў вас, дзядзька... Беражы яе... А карткі як-небудзь паглядзім іншым разам...
... На дварэ па-ранейшаму шалеў халодны вецер. Бліжэй да раніцы вяселле пачало затухаць, у сенцах больш нікога з людзей не было. Пра перакур нагадвала толькі шызае воблака гаркотнага дыму, якое наважвалася праслізнуць на двор у дзверы, калі хто заходзіў альбо выходзіў, аднак у таго нічога не атрымлівалася: халоднае паветра з вуліцы апярэджвала воблака, усяляк адціскала яго; яно нахабна і рашуча ўрывалася ў сенцы і пачынала ўладарна гаспадарыць тут, не зважаючы, як у сябе на дварэ каля навагодняй ёлкі...
Неўзабаве пра перакур у сенцах-катушку мала што нагадвала.
Тады была якраз сярэдзiна лета. Хоць для нашага аповеду гэта не мае нiякага значэння. Такое магло здарыцца i ўзiмку, i ў восень...
Сцяпан Фiлiмончык, слесар мясцовага завода безалкагольных напояў, гарманiст i спявак, сур’ёзна захварэў: неабходна аперацыя, зрабiць якую сёння так проста было немагчыма. Патрабавалiся значныя грошы, якiх, зразумела ж, у сям’i Фiлiмончыкавых не мелася. Жонка Антанiна, выслухаўшы доктара, гаротна ўздыхнула i нiчога канкрэтнага яму не адказала. Сама ж толькi падумала: «Ратаваць трэба свайго Эмчаэсаўца, ратаваць!..» Але як гэта зрабiць – не ведала, i пакуль iшла з бальнiцы дадому, увесь час пра гэта толькi i думала. Ёй шкада было свайго зухаватага мужа, яна кахала яго, i кахала надта, i думка пра тое, што калi не зрабiць платную аперацыю, то жыць яму заставалася нядоўга, нiбыта прыбiла яе да зямлi – ногi зусiм не слухалiся, а галава, адчувала, iдзе кругам. «Ратаваць... Ратаваць... Ратаваць...» Пра iншае i думаць не хацелася. Ратаваць свайго эмчаэсаўца. Гэта яна, жонка, прыклала да яго такую мянушку, тая неяк адразу замацавалася за iм, суседзi i знаёмыя таксама прынялi: Сцяпанам мала калi называюць, больш – Эмчаэсаўцам. Ён i не крыўдуе. А то ж! Так яно i ёсць, тут чысцейшая праўда: калi што дзе – там Сцяпан. «Выручай, сусед!» Пачынiць, ухiлiць, лiквiдуе. Не кажучы ўжо, што нядаўна новы гармонiк набыў – той, стары, выдыхся: як гулянка якая, адразу да яго, Сцяпана: пайграй, дружа!.. Жонка iншы раз заўважала: «Гэта добра, што мы ў вёсцы не жывём. А то б я цябе дома i зусiм не бачыла – там старых людзей, нямоглых, шмат, i табе б хапiла занятку на iх дварах. Прастор. Уяўляю: свой агарод не ўбiраецца, бо няма калi, а Сцяпан мой рачкуе на агародзе ў якой-небудзь бабкi Моцi цi дзеда Нiчыпара. Выратоўвае тых... Адным словам – Эмчаэсавец!»
I вось – бяда... Пра гэта адразу даведалiся суседзi, iнакш i быць не магло: не толькi на адной лесвiчнай пляцоўцы, але i ў пад’ездзе людзi добра ведалi адзiн аднаго, на першы погляд, жылi надзiва дружна, чаму нельга было не пазайздросцiць. Асаблiва сёння. У наш час. Калi iншыя родныя людзi мала ведаюцца.
Сцяпана дома цяпер было не застаць: палiклiнiка, бальнiца, кансультацыi ў сталiцы. У яго наступiла зусiм iншае жыццё. Спярша ён не быў гатовы да такога вось нечаканага павароту, складвалася ўражанне, нiбы хто знянацку гваздануў яго нечым цяжкiм па галаве, i Сцяпан доўга не мог ачуняць, прыйсцi ў сябе. Аднак з цягам часу змiрыўся са сваiм лёсам, асаблiва не адчайваўся, i калi нагортвалiся сумныя думкi пра смерць, а было гэта ў апошнiя днi ўсё часцей i часцей, тады ён супакойваў сябе: усе там будзем. Што ж паробiш, калi такi лёс.
Читать дальше