B6. Зь ліста Толіка. Пра слабасьць
<...> Страшэнная слабасьць!
Калі бачыш, як хтосьці ласуецца цукеркай – у той жа момант пачынаеш жадаць цукерку. О, асалода слабасьці! Міг жаданьня: калі хтосьці чытае газэту, калі хтосьці курыць, калі хтосьці сьмяецца, калі хтосьці нясе кветкі ці навюткі пыласос, калі хтосьці з уздыхам садзіцца на крэсла.
Стаць моцным: стойкасьць і абыякавасьць.
Крэпасьць крэмню: сказаць цукерцы Не. <...>
B7. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра падземнага дзядулю
Калі мы з брацікамі перасталі расьці й зрабіліся зусім дарослыя, мы аднойчы адважыліся: пара нарэшце зьведаць усё схаванае й затоенае пра нашу сям'ю, падазрона станоўчую. Мы набраліся сьмеласьці ды пайшлі наўпрост да таты, які грэўся на сонейку за садовым столікам. Згледзеўшы нас, ён устаў і з задавальненьнем пацягнуўся, ускінуўшы рукі й грацыёзна выгнуўшы сьпіну.
– Па тытунец, дзеткі? – ён памяшаў пальцам пласт махоркі, што сушылася на газэце.
– Мы ня курым. Мы прыйшлі па іншае: будзь ласкавы, раскажы нам пра нашых дзядуляў і бабуляў. Хопіць усіх гэтых змоўчваньняў і недамовак!
– Хіба я вам не расказваў? – разыграў ён нявіннасьць.
– Не.
– О! Як жа гэта? Яны былі выдатныя людзі, незвычайна выдатныя! Паслухайце: дзядуля быў шыракаплечы, станісты, як малады Зэўс, у клятчастай кашулі і з барадой, сапраўдны геоляг! А ягоная ўсьмешка! Адкрытая, белая, шырокая – нібы само шчасьце на цябе прамянее. Кожны вечар, паднімаючыся з саляных шахтаў, ён разводзіў вогнішча, браў гітару і, абвёўшы ўсіх позіркам, кранаў струны... Аніводная дзяўчына, калі яна была кемлівая і дабрадзейная, не магла не пакахаць яго! А сама кемлівая зь іх была ваша бабуля – дзіўна асьляпляльная прыгажуня, настаўніца малодшых клясаў, да таго дабрадзейная, што нават апошнім прайдзісьветам пры выглядзе яе хацелася пачаць жыцьцё зноўку. І да таго пакахалі адно аднаго бабуля й дзядуля, што нядоўга думаючы пажаніліся, зь вялікімі ўрачыстасьцямі й пышнасьцю. І жылі яны доўга і...
– Але праз што яны памерлі? – змрочна ўдакладнілі мы.
– Ну вось навошта вы перарываеце?
Тата згубіў нітку і спыніўся, і мы з прыкрасьцю зашыкалі адзін на аднаго. Зьбіраючы думкі, тата церабіў бакенбарды і загінаў пальцы, быццам штосьці лічыў, і неўзабаве працягнуў:
– О, яны былі чыстыя ды ідэальныя, і адначасна ідэалістычныя, няспынна захапляліся Мэтэрлінкам ды К'еркегорам, і, гледзячы на старэйшых людзей – а ў тую юную пару ўсе былі для іх старэйшымі – палохаліся: чаму тыя гэткія шэрыя, пустыя й цынічныя? Калі яны такімі зрабіліся? Ці зробімся й мы?.. Гэтыя думкі не давалі дзядулі спакою, і ён, кінуўшы вогнішчы й гітару, узмоцнена разважаў, а бабуля дапамагала й падтрымлівала яго. Нарэшце ён абвясьціў, што адказ вышуканы: людзі непазьбежна псуюцца праз дурныя вонкавыя ўплывы. Бабуля была цалкам згодная, і яны ў тую ж ноч пастанавілі, што зараз знаходзяцца на піку сваёй ідэальнасьці, і трэба пакуль ня позна абараніцца ад заганных узьдзеяньняў звонку. Яны сабралі ўсе рэчы, якія маглі несьці, і спусьціліся ў саляныя шахты. Яны ішлі ўсю ноч, увесь дзень, сыходзілі ўсё глыбей і далей, пакуль нават самыя аддаленыя відэакамэры не перасталі фіксаваць іх, і яшчэ глыбей і далей, у самыя нетры. І там, у сэрцы саляных пячэраў, яны зажылі паўнаважкім, непадуладным гнілі й гнюснасьці жыцьцём.
– Але што яны тамака елі? – зьдзівіліся мы.
– О, яны завялі сад і агарод, пасеялі пшаніцу, пабудавалі маленькі млын, гадавалі козаў і рабілі сыр.
– Але што яны тамака пілі?
– О, пад зямлёю струменяцца найчысьцейшыя крыніцы! Яны пасадзілі ў іх марскую капусту й здабывалі агар-агар.
– Але як яны жылі тамака ў цемры, бязь неба ды сонейка?
– О, пад зямлёй сьвеціцца магма, яна зусім як сонейка, і нават утульнейшая. А замест неба яны глядзелі адно аднаму ў вочы.
– А ты, атрымліваецца, стуль уцёк?
– О не, дзеткі, у вашых бабулі зь дзядулем такі парадак: яны гадуюць сваіх дзетак толькі да сярэднешкольнага ўзросту, а потым адпраўляюць наверх.
– А хто ня хоча лезьці наверх?
– О, у іх не пытаюцца.
B8. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра аднаго байкера
Валік расказваў, што аднойчы яму патэлефанаваў чалавек, які назваўся байкерам, і папрасіў намаляваць свой партрэт. У прызначаны дзень байкер зьявіўся, але зь дзіўнай бясшумнасьцю і ў дзіўным выглядзе: акуратная прычоска, блакітная кашуля, белыя льняныя нагавіцы ды сандалі. Валік спытаў, як яго намаляваць, і байкер працягнуў яму фотаздымак: напышліва падняўшы руку, ён сядзеў на велізарным матацыкле, увесь у скуры й джынсе, у сталёвай касцы, з доўгімі валасамі ды барадой. Валік пасадзіў яго на зэдлік, зрабіў першыя накіды і дзеля падтрыманьня размовы спытаў, чаму не было чуваць грукату ягонага матацыкла. Паморшчыўшыся, байкер зь неахвотай адказаў, што пакінуў яго ў гаражы. Валік падняў бровы. Каб парадаваць байкера, ён завёў хард-рок, і з паўгадзіны працаваў моўчкі. Але байкер, мабыць адчуваючы недаказанасьць і няёмкасьць, коўзаўся, хмурыўся, і нарэшце ня вытрымаў і пачаў тлумачыцца:
Читать дальше