Забудова 1960 года, апошнія дваццаць гадоў пад арэндай, санвузел сумешчаны. Вітальня зь ціхамірнымі шпалерамі колеру рачной хвалі, прадоўжная тумбачка на ножках, забытыя вусьцілкі. Пад вымыкальнікам убіты дзюбель, на ім вісіць прыгожы грабянец. Я сеў на тумбачку і прымерыў вусьцілкі: вялікія, але можна абрэзаць.
Пакой з паркетам і кніжнай шафай. Кожны дасьведчаны жыхар пакінуў у шафе літаратурны сьлед: сяброўкі-прадаўніцы складвалі стосікам іранічныя дэтэктывы; інжынэр зь цяжарнай жонкай пэдантычна сартаваў сіненькіх кішэнных Паланіка, Павіча й Муракамі; духоўна сталы маляр паставіў у кут абраз і завёў карычневы агульны сшытак, куды школьным почыркам перапісваў малітоўнік.
Кухня: цэгла, алей. Верхні пласт быў бэжавы, а ў месцах удараў начыньня аб сьцены праглядалася гісторыя рамонтаў: блакітны, зялёны й цёмна-зялёны пэрыяды. Адчуваючы хваляваньне археоляга, я азіраўся. На кожнай са шматлікіх гарызантальных паверхняў грувасьціліся чайныя прылады: чайнікі для кіпячэньня, імбрыкі для заваркі, скрыні для гарбаты, гурткі, сподкі, прыхваткі, падносы. Калі я адчыніў адну з шафак, у мяне заняло дух – ён быў поўны імбрычкаў, кубачкаў, чайных скрыначак, падсітачкаў, падставачак, а ў глыбіні хаваліся яшчэ нейкія малазразумелыя заварныя рэчы. Як істоце ўразьлівай, мне адразу ж захацелася выпіць чаю. Я паставіў грэцца ваду ў чайніку са сьвістком і асьцярожна патрос вялікую чайную скрыню, якая стаяла на палічцы над плітой. Пустая. І другая, меншая, пустая. І ўсё зьмешчаныя ў межах дасяжнасьці скрынкі таксама аказаліся пустыя. Акрамя адной – у ёй, па іроніі гаспадароў, захоўвалася кава ў зернях. Але ж мае нясьмелыя пошукі неўзабаве ўвянчаліся пачатым пакункам «Yoga tea». Выбраўшы кубак з качачкай, я заліў пакецік саламянага колеру кіпенем і счакаў чатыры хвіліны. Водар быў цудоўны, смак быў цудоўны, эфэкт быў супакойлівы і расслаблівы. Узьлезшы на прадоўжную тумбачку і падціснуўшы ногі, я ўявіў сябе шакалядным індыйцам, які плыве па хвалях супакою на белым лётасе, кудысь у глыбіні часоў, да 1960 году да нашай эры.
8D. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра адвароты партрэтаў
У юнацтве, калі нам з брацікамі было няма чым заняцца, мы ішлі ў майстэрню да Валіка і бавіліся там да самага вечара – валяліся на канапах, палілі ў столь, расказвалі анэкдоты й елі інжыр. Валік рана выславіўся сваімі партрэтамі, меў шмат заказаў і няспынна працаваў, але супраць нашай бязьдзейнай прысутнасьці не пярэчыў. Па першасьці, калі Валік не пасьпяваў да тэрміну, ён нават прасіў нас дапамагчы й даручаў падмаляваць акуляры альбо бародкі, аднак хутка пераканаўся ў нашай непрыдатнасьці да вытанчанага і дазваляў толькі зьбіваць падрамнікі дый падпісваць назвы на адваротах. Мы стараліся як маглі! Сьціснуўшы да пасіненьня вусны, мы каліграфічна выводзілі: «партрэт Я. К. у туніцы», «партрэт Я. К. на маскарадзе», «партрэт В. Б. з кіем». Часам мы свавольна дадавалі розныя недарэчныя падрабязнасьці: «малявана ля падножжа Фудзі пры паўднёвым ветры», «малявана сэпіяй пад узьдзеяньнем сангрыі» альбо «памятайце: партрэты выяўляюць ня зьнешнасьць, а ўнутранасьць». Валік, як даведаўся пра нашыя забаўкі, моцна раззлаваўся і наогул забараніў чапаць свае партрэты. З тых часоў ён нават падрамнікі майстраваў сам, хай крывенькія, затое без падвохаў. Як жа мы зьдзівіліся, калі празь некаторы час выявілі, што ён пакрысе зразумеў, асмакаваўся і цяпер сам піша на адваротах партрэтаў разнастайныя сэнтэнцыі, максымы й нават лірычныя нататкі.
«Чалавечае жыцьцё падобнае да жыцьця спэрматазоіда. Кожны з нас з усіх сілаў імкнецца, але большасьці не ўдаецца нават дасягнуць маціцы жыцьця, ня кажучы ўжо пра запладненьне».
«Чым больш мэтаў ты дасягаеш, тым ты бліжэйшы да бязмэтнасьці».
«Глупства – гэта прыгожа. Бязглуздая дзяўчына выходзіць з грамадзкай прыбіральні каля гастранома з пыхай герцагіні Германцкай. У захапленьні я заміраю і прапускаю трамвай».
8E. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра філязофію
Калі мой брат Колік чарговым разам вярнуўся з турмы, мама зноў на яго навалілася: ідзі працаваць! Скраў – сеў – скраў – сеў, табе яшчэ не надакучыла? Ужо барада хутка сьсівее, а ты ўсё бяз клёку ў галаве. І неяк прыпала гэта яму на настрой, лягло на душу, і Колік наважыўся. Але працы ў нашым мястэчку было мала, а для чалавека, які сябе паважае – дык і зусім анічога ня знойдзеш. Адна непрыстойнасьць: мясьці вуліцу, сьвідраваць дзіркі, прадаваць вымыкальнікі. І Колік прыдумаў уладкавацца настаўнікам. Тлумачыць дзеткам правільнае жыцьцё – годны занятак. Ён пазычыў у Толіка сьвяточны гарнітур і прыйшоў у школу. Настаўнікаў не хапала, і дырэктар ахвотна прыняў яго – весьці працу й фізкультуру, на пачатак. А то ўсё сам ды сам.
Читать дальше