– Паслухай, маці, казку. Жыў-быў хлопчык, вельмі добры, але надзвычай замаруджаны – да таго, што ніколі не пасьпяваў рабіць урокі, ніколі нічога ня памятаў, і нават зь першай ў другую клясу ня мог перайсьці. І вось у дзесяць гадоў хлопчыка абсьледавалі экспэрты – і пастанавілі, што ягонае разьвіцьцё адпавядае чатыром гадам, і перавялі ў спэцшколу. Зажыў замаруджаны хлопчык у спэцшколе. Там на яго нарадавацца не маглі: і ветлівы, і прыязны, і вясёлыя песьні напявае нязьменна. Акрамя таго, ён навучыўся пісаць каліграфічным почыркам і выдатна чарціць. І паляцелі гады... І вось у дваццаць гадоў хлопчыка зноў абсьледавалі экспэрты – і пастанавілі, што ягонае разьвіцьцё адпавядае сямі гадам, але што годзе яго карміць з дзяржаўнае кішэні. Замаруджанага хлопчыка ўладкавалі ў праектнае бюро чарцёжнікам, каб ён капіяваў інжынэрныя чарцяжы. І ён капіяваў самазабыўна! Ды так спраўна і дакладна, што сам Вярхоўны Архітэктар свае праекты нікому акрамя яго не даручаў. І паляцеў час... Аднагодкі хлопчыка даўно займелі сем'і, сядзібы і аўтамабілі, а ён анічога вакол не заўважаў, толькі чарціў і чарціў у асалодзе. А ўжо як ён цыркулі свае любіў! Бывала, адкрые гатавальню і любуецца, водзіць пальцам па аксаміце – і так гадзінамі. І павольна-павольна сталее. Зьмяняліся інжынэры, зьмяняліся Вярхоўныя Архітэктары, у аднагодкаў унукі вырасталі, і вось споўнілася хлопчыку шэсьцьдзесят пяць гадоў. І вось абсьледавалі яго зноў экспэрты і кажуць: разьвіцьцё вашае асобы адпавядае пятнаццаці гадам. Файна! – думае хлопчык. Пайшоў ён па вуліцы, з клінікі ў бюро, а вакол вясна! Сонейка, птушачкі, кацяняткі! Ідзе ён міма школы і бачыць раптам дзевачку, на год ці на два маладзейшую, але якую! І сукеначка кароценькая, у гарошак, і пантопелькі ласкаваныя, і касіца, і бацянькі! Зачырванеў хлопчык, забянтэжыўся, але ўсё-ткі адважыўся – падышоў да дзевачкі і кажа: ты клёвая! давайма сябраваць? хочаш цукерку? Але дзевачку ажно перакрывіла, і як залямантуе яна: ратуйце! вычварэнец дамагаецца! Выскачылі тут нянькі, выскачылі мамкі, прыбеглі жандары – і ну хлопчыка вязаць, ну біць, ну праклінаць! Ах ты брудны старэча! Ах ты вырадак! Ах падонак! Ягонае шчасьце, што не пасьпеў ён ані дакрануцца да дзевачкі, ані пацалаваць – адпусьцілі яго, але запісалі ў асаблівы сьпіс. А потым ён неўзабаве захварэў, дый так і памёр пятнаццаці гадоў, незразуметы і адкінуты...
– Вось і я пра тое ж! Нельга дзецям дазваляць марудзіць! – сказала мама і пачала на нас яшчэ горай сварыцца.
22. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра смуроднага чалавека
Калі мы былі маленькія і ледзь-ледзь хадзілі ў пачатковую школу, з паўднёвага боку ад нашае хаты пражываў незвычайна смуродны чалавек. Назіраючы за ім праз шчыліны ў плоце, мы з брацікамі былі вымушаныя прыціскаць да насоў хустачкі зь фіялкавай вадой – да таго невыносныя міязмы ён струменіў. А які неасьцярожны матылёк, калі пралятаў побач зь ягоным разяўленым ротам, у той жа момант падаў як падбіты. Сусед наш праз гэта мучыўся невымоўна, і кожную раніцу, спадзеючыся на нечаканае пасьвяжэньне подыху, выходзіў у кветнік і нясьмела зяхаў – але мятлушкі нязьменна сыпаліся, як яблыневыя пялёсткі. І штораз сусед пакутліва плакаў, усхліпваючы і ўздрыгваючы. А аднойчы, каб хоць трошачкі загладзіць віну перад матылькамі і мятлушкамі, ён задумаў зьнішчыць адзінага ў нашым месцы энтамоляга. Сусед прысачыў энтамоляга на рагу каля цырульні, схапіў за каўнер і пачаў дыхаць яму ў твар. Энтамоляг вырываўся, але мы з брацікамі падасьпелі і дапамагалі трымаць. Энтамоляг круціўся, губляў прытомнасьць, прасіў міласьці й запытваў – за што? за што? Калі мы патлумачылі яму, за што, ён пакляўся больш аніколі не лавіць матылькоў. Зьлітваўшыся, сусед зачыніў рот і знакамі загадаў нам адпусьціць нягодніка – бо кожны мусіць мець шанец, дзеткі, нават сама закаранелы паскуднік. З тае пары мы пасябравалі са смуродным чалавекам; выявілася, што ён зусім ня злы й нават прыемны. Часам ён заходзіў да нас у госьці, папярэднічаючы сваё зьяўленьне бронзавым званочкам, каб нашыя бацькі пасьпелі намачыць хустачкі ружовай вадой і прыкрыцца. А мы з брацікамі дык і зусім прывыклі да ягонага паху. Цяпер мы адчувалі ў ім розныя адценьні – дзёгаць, імбір, карыцу, марскія ракавінкі – толькі занадта моцныя.
23. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра невядомага чалавека
– Татухна! – сказалі мы аднаго разу, калі ён еў булку, – Мы хочам вырасьці і зрабіцца славутымі! Усе будуць нас ведаць, а ты будзеш ганарыцца.
Читать дальше