1F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра жаданьні
Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы жыцьця не ўяўлялі без таго, каб удосталь не пападглядаць за суседзямі праз шчыліны ў плоце. Звычайна кожны з нас абіраў свой бок, і старанна за ім назіраў – а перад існом мы расказвалі адзін аднаму што бачылі. Час бег, суседзі зьмяняліся, і чаго толькі мы не наглядзеліся!
Аднаго разу Коліку трапіўся сусед з чырвоным дахам, адвакат, дамарослы філёзаф і вялікі дзівак. Праз колькі дзён Колік распавёў, як той наўпрост у піжаме выйшаў на ганак, выпрастаў рукі ў бакі і коратка выклаў сваю філязофію:
1. Той, хто мае жаданьні – дурак.
2. Той, хто ня мае жаданьняў – мярцьвяк.
3. Ёсьць толькі адзін спосаб ня быць ані тым, ані другім: мэтадычна і бесьперапынна рабіць тое, што табе можа захацецца, яшчэ да моманту ўзьнікненьня жаданьня.
4. Іншымі словамі, трэба рабіць тое, чаго табе ня хочацца.
Суседзкія тэзісы ўчынілі між нас фурор – мы закінулі ўсе астатнія платы, засяродзілі ўвагу на філязофскім і былі сьведкамі таго, як сусед увасабляе тэорыю ў жыцьцё. Некаторы час ён папросту вадзіў да сябе па раніцах розных дзевак, а да абеду напіваўся п'яны – відавочна, апярэджваючы такім парадкам цялесныя прагі. Але ўсё гэта атрымлівалася ў яго занадта лёгка, хутка надакучыла, і ён пачаў шукаць справы, якія б яму не хацелася рабіць у большай меры. Ён пачаў падымацца на досьвітку, абліваўся халоднай вадой і падоўгу катаваў сябе практыкаваньнямі з гірай. Неўзабаве ж, мабыць адчуўшы смак да спартовага ладу жыцьця, кінуў яго і перайшоў да складанейшых і бессэнсоўнейшых заняткаў: выбіраў гарох і сачавіцу з попелу, як у братоў Грым, выбіраў проса з маку, як у Шарля Пэро, выбіраў нарэшце мак з маку, замяраючы кожную макаўку штангенцыркулем і адзначаючы паказаньні ў табліцы. Але й гэта адваката не суцяшала – часьцяком ён ускокваў, пляваўся і трос кулакамі зь незадаволенасьці. Мы ўжо не сумняваліся, што справа дабром ня скончыцца, і так яно і здарылася. Аднойчы ўранку мы ўбачылі, як адвакат выйшаў з хаты, несучы вяроўку і кайданкі, і рашуча рушыў да высокае яблыні. Толік адразу ж кінуўся выклікаць пажарных, а мы ў боязі глядзелі, што будзе. Сусед ускараскаўся на яблыню, прывязаў да сука вяроўку, вяроўку прывязаў да кайданкаў, а кайданкі пстрыкнуў на зьведзеных ззаду руках. Удалечыні ўжо выла пажарная сырэна, але ён пасьпеў асьцярожна сасьлізнуць з галін і павіснуць. Рукі выкручваліся, выломліваліся ў яго за сьпіной, ён рыкаў з болю, але твар ягоны зьзяў праз шчасьце незвычайнае жыцьцёвае паўнаты – вось зараз ён і праўда ня быў ані мерцьвяком, ані дурнем! Праз чвэрць гадзіны пажарныя ўжо зьнялі суседа, выслухалі, паставілі двойку па лёгіцы і адвезьлі ў вар'ятню нумар пяць. З тых часоў мы яго й ня бачылі, напэўна, ён знайшоў сваё аканчальнае шчасьце недзе там.
20. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра лупцоўку
Наш тата быў самы рахманы чалавек у сьвеце, і ніякіх фізычных пакараньняў не прымаў прынцыпова. Але толькі пакуль справа ня тычылася літаратуры! Калі адзін з нас атрымліваў двойку па літаратуры, дык тата ружавеў зь лютасьці, успамінаў, што ён франтавік, і загадваў: адлупцаваць! Лупцоўка была наша ўлюбёная забаўка – двоек выпадала багата, лупцавалі што ні дзень, і кожнаму карцела адпомсьціць іншаму за ўчора. Мы нават загадзя пачыналі выцягваць дзягі з нагавіцаў, калі бачылі, што хтосьці вось-вось схопіць двойку. Колькі вясёлых гісторый здаралася! Прыкладам, аднойчы Колік назваў Набокава сытай буржуйскай адрыжкай і, не чакаючы адзнакі, выскачыў у вакно і ўскараскаўся на стары дуб. Мы трэсьлі дзягамі, а ён рагатаў і шпурляў зьверху жалуды. Чырвоны з гневу, тата зароў: пілуйце!! Піла знайшлася адразу, але тут выступіў Валік: я ня буду пілаваць. Што?! Ты што – брыдкі талстовец?! Я ня брыдкі, з годнасьцю адказваў Валік, і ня нейкі там таўстовец, а хіпі. Цяпер тата нават пачарнеў. Адлупцаваць!! Мы з гікамі кінуліся на Валіка, а Колік саскочыў з дрэва і дапамагаў.
Мама потым заўсёды падоўгу суцяшала тату: яны ж не са злоснасьці, а з глупства. Бо малыя зусім, неразуменныя, бадай што немаўляткі.
21. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра замаруджанасьць
Наша мама была вельмі ласкавая і ніколі на нас не сварылася, а калі й сварылася, дык толькі за гультайства. Але гультаяваць, тупнець і марудзіць мы любілі больш за ўсё на сьвеце: складвалі рукі на стале, апускалі на іх галаву і забаўляліся, факусуючы і расфакусуючы позірк. Ці глядзелі ў вакно, дзівіліся на птушачак нябесных. Ці проста ляжалі, водзячы пальцамі па шпалерам. Мама, калі бачыла гэта, нападала на нас і гучна сварылася – яна хацела, каб мы былі дзейныя і мэтлівыя. А тата, які не жадаў адкрыта супярэчыць маме, але жадаў нас абараніць, спрабаваў зьмякчыць становішча:
Читать дальше