У школе хлапчукі не хацелі сябраваць з Косцікам, хоць ён стараўся добра вучыцца, нікога не крыўдзіў. Затое яго крыўдзілі часта. Ён тады кідаўся біцца і часта вяртаўся дамоў з разбітым носам. І ў піянеры Косціка не прынялі. У сёмым класе ўсе ўступілі ў камсамол, а Косціка не ўзялі. Ад крыўды хацелася плакаць, даўкі камяк засеў у горле, калі адзін вяртаўся дамоў. Усе засталіся на сход. У левай кішэньцы, каля сэрца, заместа камсамольскага білета Косцік насіў маленькую фотакартку бацькі — у гімнасцёрцы з пагонамі, з густым чубам. І ў Косціка чуб гэткі ж густы, як у бацькі.
Маці расказала, што бацьку захапілі ў палон немцы, марылі голадам, прымушалі ім служыць. Каб не памерці з галадухі, бацька згадзіўся. І не толькі голад прымусіў. Ён не любіў савецкую ўладу, бо яна загубіла ягонага бацьку, Косцікавага дзеда Восіпа. Дзед быў працалюбівы, майстравіты, меў тройку коней, пяць кароў. Яго раскулачылі, выслалі ў Сібір, дзе ён і загінуў.
Пасля школы Косця Варонін паступіў у вучылішча механізацыі. Там у яго ніхто не пытаўся пра бацьку, яго хвалілі за стараннасць, працавітасць. Вучылішча ён скончыў паспяхова. Вярнуўся дамоў, далі яму старэнькі гусенічны трактар “НАЦІ”. Ён перабраў яго, адрамантаваў, старшыня калгаса Макар Казакевіч вельмі хваліў Косціка.
А ягоныя лепшыя гады жыцця — гэта служба ў арміі. Добра апрануты, заўсёды накормлены. Усё своечасова. Служыў у танкавых войсках. Нампаліт спытаўся аднойчы, чаму ён не ўступаў у камсамол. Косця прыдумаў гісторыю: бацька быў партызанскім сувязным, каб здабываць звесткі, падтрымліваў сувязь з немцамі і паліцаямі. Партызаны з іншага атрада не разабраліся і расстралялі яго як здрадніка. І па вёсках пусцілі такую пагалоску. І Косцю ў камсамол не ўзялі... Ужо дзьмуў іншы вецер, панавала хрушчоўская адліга, яфрэйтара Косцю Вароніна прынялі ў камсамол, прысвоілі званне малодшага сяржанта. На вучэннях Косця лепей за ўсіх адстраляўся, камандзір палка даў яму дзесяць сутак водпуску.
Ніколі не забудзе Косця, як радавалася маці яго прыезду! Такой шчаслівай ён не бачыў яе за ўсё ранейшае жыццё. На танцах у клубе, калі аб’яўлялі “дамскі вальс”, дзяўчаты навыперадкі імчалі, каб запрасіць Косцю на танец. А ён танчыў толькі з Ксеняй. Жанчыны, што сядзелі на лаўках паўз сцены, як галкі, у чорных плюшаўках, любаваліся гэтай парай: абое высокія, зграбныя, светлавокія. Пасля арміі Косця вярнуўся дамоў, зноў сеў на трактар. Неўзабаве згулялі з Ксеняй вяселле. Жылі маладыя добра, калгас дапамог збудаваць звонкую пяцісценку са смаловых бёрнаў прыбяседскага лесу.
Асабліва радавалася Прося. Яна, удава, якую часта абзывалі “паліцэйскай шкурай”, падняла на ногі гэткіх відных, працавітых, паважаных у вёсцы дзяцей. Нінка выйшла замуж за Данілу Баханькова, які цяпер брыгадзірыў у Хатынічах. А яна — лепшая даярка. Нявестку Ксеню Прося палюбіла, як родную дачку, ганарылася, што Ксенін брат, Мікалай Арцёмавіч, галоўны аграном калгаса, вядомы чалавек у раёне. Адно засмучала Просю, што нявестка ніяк не падорыць ёй унука ці ўнучку.
Зачакалася дзяцей і маладая пара. Тое, што жонка не можа зацяжарыць, засмучала і Косцю. Была і яшчэ ў яго адна крыўда, глыбока затоеная ў душы. Да вяселля Ксеня не згаджалася з ім пераспаць: распішамся — тады ўсё будзе. Цяжка было трываць маладому здароваму хлопцу. І любоўю ён займаўся адно ў сне. Ён не ведаў, што гэта нармальная з’ява, якой медыкі далі свой тэрмін — палюцыя.
У ноч пасля вяселля ў іх усё адбылося. І хоць Косця быў хлопец нявопытны, падалося, што ягоная нявеста ўжо “нячэсная”. Тады ён нічога нікому не сказаў, а неяк пасля спрэчкі, калі пражылі ўжо тры гады, упікнуў Ксеню. Тая расплакалася, абазвала яго дурнем, які нічога ў жыцці не разумее Вядома ж, пра абдымкі з Вольчыным Пецькам у капе сена ля Бесядзі яна не прызналася. Мусіць, і Пецька не выдаў іхнюю таямніцу, бо ніхто ў вёсцы не мог сказаць пра Ксеню благога слова. Але Косця меў падазрэнне на Пецьку, бо ведаў, што некалі ён заляцаўся да Ксені. Але зараз у яго свая сям’я, растуць дачка і сын.
Ішлі гады. Дзяцей у Косці і Ксені так і не было. Хадора вадзіла дачку да шаптух, ездзіла Ксеня ў раённую бальніцу, у абласную, піла розныя таблеткі, усялякія зёлкі. Прымусіла праверыцца і Косцю: у яго ўсё было ў парадку. Маўчала звонкая новая хата, не чула яна дзіцячага смеху і плачу.
Як лепшага механізатара старшыня калгаса захацеў прызначыць Косцю брыгадзірам трактарнай брыгады. Але для такой пасады пажадана было мець у кішэні партыйны білет. Іван Сырадоеў, які тады загадваў фермай, напісаў Косцю рэкамендацыю, яшчэ дзве далі інжынер і ветэрынарны ўрач. І Косцю аднагалосна прынялі ў партыю. Пра бацьку ніхто не ўзгадаў, дый даўно тое было...
Читать дальше