— Што я павінен зрабіць капітану? — спытаўся Уільямс, памаўчаўшы.
Місіс Пендэртан раптам засмяялася і апусціла нагу ў боце, каб гайдануць гамак.
— Капітану трэба, каб ты падабраў галлё і прышыў да дрэва.
Капітану гэта не здалося смешна.
— Вось што! — сказаў ён салдату.— Збяры лісце і пасып на голыя плямы, там, дзе выцераблены кусты. А пасля можаш ісці.
Ён даў салдату «на чай» і пайшоў у дом.
Радавы паволі падаўся ў сцямнелы лес збіраць апалае лісце. Капітанава жонка гойдалася ў гамаку і, здавалася, засынала. Неба зацягвалася бледным халодна-жоўтым святлом, усё навокал замерла.
Капітан Пендэртан у той вечар быў не ў гуморы. Зайшоўшы ў дом, ён адразу накіраваўся ў кабінет. Гэта быў невялікі пакой, што згодна з праектам меўся быць адкрытай верандай з дзвярамі ў сталовую. Капітан сеў за пісьмовы стол, разгарнуў тоўсты сшытак, разаслаў перад сабой карту і дастаў з шуфляды лагарыфмічную лінейку. Нягледзячы на такую падрыхтоўку, ён ніяк не мог настроіцца на работу. Капітан схіліўся над сталом, паклаў галаву на далоні і заплюшчыў вочы.
У пэўнай меры прычынай яго нервовасці быў радавы Уільямс. Капітан раззлаваўся, калі ўбачыў, што яму прыслалі менавіта гэтага салдата. Ва ўсім гарнізоне, бадай, знайшлося б не больш за паўдзесятак салдат, якіх капітан ведаў у твар. Ён ставіўся да ўсіх салдат з стомленай пагардай. На яго думку, афіцэры і радавыя, хоць, магчыма, і належалі да аднаго біялагічнага роду, але адносіліся да розных відаў. Капітан добра памятаў выпадак з разлітай кавай, бо тады быў сапсаваны зусім новы, з іголачкі, дарагі гарнітур з тоўстай часучы, пляму так і не ўдалося вывесці цалкам. (Па-за гарнізонам капітан заўсёды быў у вайсковай форме, а тут, у гарадку, калі збіраліся кампаніі афіцэраў, ён любіў прыходзіць у цывільным і быў якім яшчэ франтам.) Апрача гэтага прыкрага здарэння, радавы Уільямс асацыіраваўся ў памяці яшчэ са стайняй і жончыным канём Жарптахам. Асацыяцыя была непрыемная. I вось сённяшняя памылка з дубам аказалася апошняй кропляй. На кароткі час яго ахапіла нядобрае пачуццё, ён уявіў прыдуманую ім самім сітуацыю: ён злавіў гэтага салдата на нейкім парушэнні і аддаў пад трыбунал. Гэта трохі супакоіла. Ён наліў сабе кубак кавы з тэрмаса, што стаяў на стале, і заняўся іншымі, больш надзённымі справамі.
Для неспакою, што ахапіў капітана ў той вечар, было многа прычын. Як чалавек, характарам ён шмат у чым адрозніваўся ад звычайных людзей. У яго былі своеасаблівыя адносіны з трыма першаасновамі існавання: жыцця самога па сабе, сексу і смерці. Што да полу, то ў капітане спалучалася няўстойлівая раўнавага мужчынскіх і жаночых элементаў з чуллівасцю абодвух полаў і адсутнасцю актыўнай энергіі таго і другога. Для чалавека, які задавальняецца ў жыцці нязначным і здольны сканцэнтраваць імпульсіўныя імкненні, каб усёй душой аддацца якому-небудзь абстрактнаму занятку, як, напрыклад, таму ці іншаму віду мастацтва або спробе перавесці круг у квадрат, такі стан яшчэ можна цярпець. У капітана была работа, і на яе ён не шкадаваў сілы; лічылася, што яго чакае бліскучая кар’ера. Ён, можа, і не адчуваў бы недахопу аднаго і лішку другога, каб не жонка. Менавіта праз яе ён цярпеў мукі. У капітана была дзіўная схільнасць: яго вабілі жончыны палюбоўнікі.
Што ж да дзвюх астатніх першаасноў, дык тут было даволі проста. Калі б можна было пакласці на вагі яго суадносіны з двума вялікімі інстынктамі: жыцця і смерці, то значна пераважаў бы адзін бок — інстынкт смерці. Вось таму капітан быў баязліўцам.
У капітана Пендэртана было таксама нешта ад вучонага. Калі ён быў малады, нежанаты лейтэнант і меў шмат магчымасці чытаць, таварышы па службе звычайна абыходзілі пакой у доме, дзе ён кватараваў разам з іншымі халастымі афіцэрамі, а калі і заходзілі да яго, дык толькі па двое ці кампаніяй. Галава ў капітана была поўная навукова-дакладных статыстычных звестак і інфармацыі. Ён, напрыклад, мог дэталёва апісаць цікавы апарат стрававання ў амара ці жыццёвы цыкл у трылабіта. Ён выдатна гаварыў і пісаў на трох мовах, разбіраўся ў астраноміі і прачытаў шмат паэтычных зборнікаў. Але, нягледзячы на веданне мноства асобных фактаў, у яго ў галаве за ўсё жыццё не ўзнікла ніводнай ідэі. Бо каб нарадзілася ідэя, трэба спалучыць сама меней два факты. А на гэта капітану не хапала мужнасці.
Седзячы ў той вечар за сталом, не маючы сілы ўзяцца за работу, ён не аналізаваў сваіх пачуццяў. У думках зноў быў твар радавога Уільямса. Потым ён успомніў, што яны запрасілі сёння на вячэру суседзяў — Лэнгданаў. Маёр Морыс Лэнгдан быў палюбоўнікам яго жонкі, але не пра гэта былі яго думкі. Ён раптам успомніў адзін даўні вечар, было гэта неўзабаве пасля таго, як яны пажаніліся. Тады яго раптам ахапіла такая ж непрыемная трывога, і ён знайшоў дзіўны спосаб пазбыцца яе. Ён паехаў у гарадок непадалёку ад гарнізона, дзе тады служыў, вылез з машыны і доўга блукаў па вуліцах. Было гэта глыбокай зімовай ноччу. Нечакана капітан наткнуўся на малюсенькае кацяня, што скурчылася каля дзвярэй аднаго дома. Кацяня знайшло там сабе прытулак і, зідаць, спрабавала схавацца ад холаду; калі капітан нахіліўся, ён пачуў, што кацяня муркоча. Ён падняў кацяня і, адчуўшы, як яно дрыжыць у яго далоні, доўга ўглядаўся ў далікатную пысачку і гладзіў мяккую поўсць. Кацяня было зусім маленькае: відаць, толькі нядаўна расплюшчыліся чыстыя зялёныя вочкі. Нарэшце капітан пайшоў далей па вуліцы, узяўшы з сабой кацяня. На рагу была паштовая скрынка, і капітан, хуценька азірнуўшыся, адчыніў яе і ўвапхнуў кацяня ў яе стылае нутро. Зрабіўшы гэта, ён пайшоў далей.
Читать дальше