Бо мы — не раўнуючы як пні, што засталіся ад дрэваў у снезе. Здаецца, што яны ляжаць на паверхні: пхні нагой — і яны пакоцяцца прэч. Ды не, гэтага не будзе, бо яны моцна сядзяць у зямлі. Але, паглядзі, і гэта ўсё толькі здаецца.
1903/04
Калі мне ўжо ўсё апрыкрала — гэта было аднаго разу лістападаўскім надвячоркам,— я выбег з пакоя па вузкай дывановай дарожцы, як па той, што на іпадроме, раптам напалохаўшыся ўбачаных у завулку ліхтароў; пасля завярнуў быў назад, але ў глыбіні пакоя, у вялікім трумо, згледзеў нешта яшчэ і закрычаў,— каб толькі чуць крык, на які не адказваюць і якому не перашкаджае яго сіла, які гэткім чынам узмацняецца без супрацьдзеяння і не можа аціхнуць, нават калі крычаць перастаюць; вось тады ў сцяне раптоўна адчыніліся дзверы, вельмі паспешліва, бо паспешлівасць была патрэбная, і нават коні каля павозак, што стаялі ўнізе на брукаванцы, як здзічэлыя ў баі кавалерыйскія коні, не шкадуючы сваіх горлаў, падняліся на дыбкі.
Нібы маленькі прывід, выплыла дзіця з цёмнага-цёмнага калідора, у якім яшчэ не запальвалі лямпачку, і, выплыўшы, яно застыла на дыбачках, пасярэдзіне вузкай масніцы, якая непрыкметна гайдалася. Адразу аслепленае прыцемкам пакоя, дзіця хацела хуценька схаваць твар у далонях, ды нечакана супакоілася, зірнуўшы ў акно, перад крыжам якога ўрэшце легла прыціснутая паўзмрокам смужлівая свецень вулічных ліхтароў. Перад адчыненымі дзвярыма дзіця, памагаючы сабе правым локцем, выпрасталася ўздоўж сцяны, упусціўшы звонку ў пакой паветра, што прайшло па суставах яго ног, вакол шыі і скроняў.
Я паглядзеў у той бок і сказаў: «Добры дзень»; потым узяў пінжак, які вісеў каля печы, бо мне не хацелася быць паўголым. Нейкую хвіліну я не закрываў рота, каб праз яго з мяне выйшла ўсхваляванасць. У роце ў мяне было неяк дрэнна, на маім твары ўздрыгвалі вейкі — карацей, мне не хапала толькі яшчэ гэтага — чаканага, зрэшты,— прыходу.
Дзіця ўсё стаяла на тым самым месцы каля сцяны, прыціснуўшы да яе правую руку; і, ружовашчокае, яно ніяк не магло наталіцца з таго, што тынк на сцяне быў грубы і ўцінаўся яму ў пальцы. Я сказаў:
— Вы праўда хочаце сюды? Гэта не памылка? Няма нічога лягчэйшага, як памыліцца ў гэтым вялікім доме. Мяне завуць Так-і-так, жыву я на чацвёртым паверсе. Ці я сапраўды той, да каго Вы хацелі прыйсці?
— Ціха! Ціха! — ускрыкнула дзіця, павярнуўшы голаў да мяне.— Усё, вядома, так, як трэба.
— Тады праходзьце ў пакой: я б хацеў зачыніць дзверы.
— Дзверы я толькі што зачыніў. Не турбуйцеся. Увогуле... супакойцеся.
— Пры чым тут турботы? Але ж на гэтым калідоры жыве шмат народу; усе, натуральна, мае знаёмыя, шмат хто якраз вяртаецца са службы; калі яны пачуюць, што ў нейкім пакоі гамоняць, яны палічаць, што ім дазволена адчыніць дзверы і паглядзець, што тут робіцца. Ад гэтага нікуды не падзенешся. За плячыма ў гэтых людзей рабочы дзень, і яны не ўпадабаюць ніякіх замахаў на сваю часовую вячэрнюю свабоду! Зрэшты, Вы гэта ведаеце таксама. Дазвольце, я зачыню дзверы.
— Ну і што з таго? Чаго Вы напалохаліся? Што да мяне, дык няхай прыходзіць хоць увесь дом. I да таго ж: было ўжо сказана, што дзверы я зачыніў. Вы што — думаеце, толькі Вы ўмееце зачыняць дзверы? Я іх нават на ключ замкнуў.
— Тады добра. Болей мне нічога і не трэба. На ключ, можа, і не варта было... Уладкоўвайцеся, раз Вы ўжо тут. Вы — мой госць. Можаце цалкам мне давярацца. Смялей. Будзьце як дома. Хочаце — заставайцеся тут, хочаце — ідзіце сабе: я ані не збіраюся Вас прымушаць. Дый ці трэба мне казаць пра гэта? Хіба Вы мяне так дрэнна ведаеце?
— Ды не. Вам сапраўды не трэба было казаць пра гэта. Вы нават не павінны былі казаць... Я ж дзіця, нашто столькі валтузні каля мяне?
— Ну, гэта й не так кепска. Вядома ж, дзіця... Але ж Вы не такое ўжо і малое. Вы зусім дарослы. Каб Вы былі дзяўчынаю, Вам не варта было б вось так проста зачыняцца ў адным пакоі са мной.
— Пра гэта нам няма чаго турбавацца. Я толькі хацеў сказаць: тое, што я Вас так добра ведаю, не надта мяне бароніць; проста Вам не трэба высільвацца, каб маніць мне. Тым не менш Вы дагаджаеце мне. Кіньце гэта, заклікаю Вас, кіньце. Мне пачынае здавацца, што я не ведаю Вас — так, каб паўсюды і ўвесь час,— тым больш у гэткай цемры. Было б лепш, каб Вы запалілі святло. Не, лепей не трэба. Ва ўсякім разе, я сабе зазначу, што Вы ўжо мне пагражалі.
— Што? Я — Вам пагражаў? Ну што Вы! Я ж толькі рады, што Вы нарэшце тут, у мяне. Я кажу «нарэшце», бо ўжо такая позняя пара. Мне неяк няўцям, чаму гэта Вы прыйшлі так позна? Ну, і зусім мажліва, што я ад радасці нагаварыў тут не ведаю чаго, а Вы гэта адпаведна зразумелі. Тое, што я гаварыў менавіта так, магу пацвердзіць хоць дзесяць разоў; напраўду, я пагражаў Вам усім, чым Вы хочаце. ...Толькі, далібог, не трэба спрэчак! ...Але як Вы маглі ў гэта паверыць? Як Вы маглі так пакрыўдзіць мяне? Чаму гэта Вам так хочацца сапсаваць гэту нейкую там хвіліну, што Вы тут, у мяне? Чужы чалавек і той паводзіў бы сябе больш ветліва, чым Вы.
Читать дальше