— Разумею, гэта не было мудра. Такі блізкі Вам (як гэта ўвогуле магчыма камусьці чужому быць Вам блізкім) я паводле сваёй натуры. Пра гэта Вы, зрэшты, ведаеце; навошта тады гэты жаль? Калі Вам хочацца ламаць камедыю, дык адразу скажыце; я пайду адсюль.
— Во як? I ў Вас хапае адвагі казаць мне пра гэта? Бачу, у Вас яе трохі зашмат. Дый, урэшце, Вы ў маім пакоі. Вы ўшчаперыліся, як той вар’ят, пальцамі ў маю сцяну. Мой пакой, мая сцяна! Да таго ж усё, што Вы тут казалі,— гэта не толькі нахабства, гэта проста смеху варта. Вы кажаце, што гэта Вашая натура прымушае Вас так гаварыць са мною. Няўжо праўда? Вашая натура Вас прымушае? Што ж, вельмі гжэчна з боку Вашае натуры. Ваша натура — яна ж і мая, і калі я паводле сваёй натуры прыязны з вамі, дык і Вам ніхто не дазваляў быць іншым.
— Што, вось гэта і ёсць прыязнасць?
— Я кажу пра тое, што было.
— Хіба Вы ведаеце, які я буду пасля?
— Я нічога не ведаю.
І я, падышоўшы да маленькага стала, запаліў на ім свечку. Тады ні электрычнасці, ні газу ў мяне ў пакоі не было. Я трохі пасядзеў каля стала, потым, стаміўшыся ад гэтага, падняўся, накінуў на плечы паліто, узяў з канапы капялюш і дзьмухнуў на свечку. Выходзячы з пакоя, зачапіўся за ножку крэсла.
На сходах напаткаўся сусед з майго паверха.
— Зноў ідзяце кудысь, лайдача? — спытаў ён, стоячы на дзвюх прыступках, шырока расставіўшы ногі.
— Што ж мне рабіць? — сказаў я.— У мяне ў кватэры толькі што быў прывід.
— Вы кажаце пра гэта так, нібыта знайшлі валасіну ў супе.
— Жартуеце. Але ж прывід ёсць прывід.
— Вельмі добра. Але як быць, калі наогул у прывіды не верыш?
— Вы думаеце, я ў іх веру? Але што мне дае гэтае нявер'е?
— Усё проста. Вы не павінны больш ніколі палохацца, калі да Вас у хату сапраўды завітае прывід.
— Вядома ж, але гэты сполах — не самы важны. Найбольш баішся — гэта калі думаеш, чаму ён з'явіўся. I гэты страх не знікае. Ён якраз выдатна сядзіць ува мне.— Нервуючыся, я пачаў ліхаманкава мацаць па ўсіх сваіх кішэнях.
— Калі Вы не баіцеся самога прывіду, Вы маглі б спакойна спытацца ў яго, чаму ён прыйшоў.
— Вы, бачу, ніколі яшчэ не гаварылі з прывідамі. Ад іх нічога па-сапраўднаму нельга даведацца. Гэта — адна марная мітусня. Часам у гэтых прывідаў бывае больш сумненняў наконт свайго існавання, чымся ў нас; гэта й не дзіва, бо яны такія кволыя.
— А я чуў, нібыта іх можна выкарміць.
— А Вы добра дасведчаныя ў гэтым. Можна, вядома. Але ж хто будзе гэтым займацца?
— Чаму? Калі, прыкладам, гэты прывід жаночага полу? — адказаў ён і перайшоў на прыступку вышэй.
— Ну, калі так,— сказаў я.— Але нават тады ён не падыдзе для гэтага...
Я задумаўся. Мой знаёмы стаяў між тым ужо так высока, што, каб бачыць мяне, мусіў нагінацца пад пралётам лесвіцы.
— I ўсё ж,— сказаў я яму,— калі Вы прагоніце адтуль, зверху, мой прывід, між намі ўсё будзе скончана, назаўсёды.
— Ды не, я пажартаваў,— сказаў ён і зноў выпрастаўся.
— Вось гэта добра,— прамовіў я і мог нарэшце ісці гуляць са спакойнаю душой.
Але яе, маю душу, апанавала самота; з гэтае прычыны я зноў падняўся ў свой пакой і лёг спаць.
1910
АСОБНА ВЫДАДЗЕНЫЯ АПАВЯДАННІ
Ахвярую Ф.
Гэта было перад палуднем, найпрыгажэйшай веснавой парою. Георг Бэндэман, малады камерсант, сядзеў у сваім уласным пакоі на другім паверсе аднаго з тых нізкіх, легка збудаваных дамоў, што цягнуліся доўгім шэрагам уздоўжкі ракі, адрозніваючыся паміж сабою практычна толькі вышынёю і колерам. Ён якраз скончыў пісаць ліст да аднаго сябра маладосці, які цяпер знаходзіўся за мяжою, павольна, як бы гуляючы, склаў яго і пасля гэтага, абапіраючыся локцямі аб пісьмовы стол, стаў глядзець праз акно на раку, на мост і ўзгоркі на другім беразе, акрытыя слабай зелянінаю.
Ён думаў пра тое, як гэты сябар, незадаволены сваёй кар’ераю дома, ужо колькі год таму літаральна ўцёк у Расію. Цяпер ён займаўся прадпрымальніцтвам у Пецярбурзе, вёў фірму, якая напачатку мела шматабяцальныя вынікі, але ўжо досыць доўгі час, здавалася, мела цяжкасці, як сябар скардзіўся ў час сваіх прыездаў, якія рабіліся ўсё радзейшымі і радзейшымі. Гэтак вось ён без усялякай карысці аддаваў свае сілы на працу на чужыне, яго барада, зробленая паводле чужой моды, дрэнна закрывала добра вядомы яму з маленства твар, жоўты колер якога, відаць, сведчыў пра развіццё нейкай хваробы. У яго не было, як ён сам казаў, ніякіх сапраўдных кантактаў з тамтэйшаю калоніяй землякоў, а таксама амаль ніякіх цывільных кантактаў з мясцовымі сем’ямі — і гэтак вось ён рыхтаваўся канчаткова застацца старым кавалерам.
Читать дальше