Што ж тут можна было пісаць чалавеку, які відавочна замкнуўся ў сабе, якога мажліва было пашкадаваць, але якому не было магчымасці дапамагчы. Можа, варта было параіць яму вярнуцца дадому, перанесці сюды сваё існаванне, узнавіць усе старыя сяброўскія повязі — гэтаму не было ніякай перашкоды — і ў астатнім даверыць сябе дапамозе сяброў? Але ж гэта не сведчыла ні пра што іншае, акрамя як, калі б яму адначасова — чым асцярожней, тым больш абразліва — сказалі, што ўсе ягоныя ранейшыя спробы не ўдаліся, што ён, урэшце, павінен перастаць іх рабіць, што трэба вярнуцца назаўсёды,— няхай бы там усе з яго і здзіўляліся, вылупіўшы вочы; што толькі яго сябры ў нечым разбіраліся, а ён ёсць старое дзіця, якое проста павінна слухаць сяброў, што засталіся дома і мелі поспех. А ці была хоць нейкая пэўнасць, што ўсе гэтыя пакуты, якія былі б яму прычыненыя, прывялі да жаданай мэты? Можа, увогуле не ўдасца вярнуць яго дадому — сам жа казаў, што ўжо не разумее, што да чаго на Бацькаўшчыне,— тады ён, нягледзячы ні на што, застанецца на сваёй чужыне, зацяўшыся ад атрыманых парад і зрабіўшыся яшчэ чужэйшым сваім сябрам. Калі б ён напраўду паслухаўся тых парад і раптам бы пацярпеў тут няўдачу, вядома ж, без чыёй-небудзь віны, а праз збег акалічнасцей, калі б ён пачаў сябе кепска адчуваць паміж сяброў, гэтак і без іх, калі б ён адчуў сорам і ў яго цяпер сапраўды не было б ні радзімы, ні сяброў, ці не было б нашмат лепш для яго, каб ён застаўся на чужыне — там, дзе ён быў цяпер? Хіба мажліва было ў гэткіх варунках думаць пра тое, што яму ў сапраўднасці тут пашэнціць болей?
Вось таму, калі ўвогуле яшчэ было жаданне падтрымліваць з ім перапіску, няможна было пераказваць яму ніякіх істотных паведамленняў, як бы гэта спакойна рабілася нават у дачыненні да самага аддаленага знаёмага. Сябар вось ужо больш як тры гады не быў на радзіме і спрабаваў гэта тлумачыць нестабільнасцю палітычнай сітуацыі ў Расіі, якая, маўляў, не дапусціла б нават кароткатэрміновай адсутнасці дробнага камерсанта — у той час як сотні тысяч расійцаў спакойна ездзілі сабе па свеце. На працягу гэтых трох гадоў, аднак, менавіта для Георга шмат што памянялася. Пра смерць Георгавай маці якія два гады таму — а з таго часу Георг меў са сваім старым бацькам агульную гаспадарку — сябар яшчэ даведаўся і ў лісце выказаў сваё спачуванне з такой сухасцю, якая магла тлумачыцца толькі тым, што на чужыне ўвогуле немагчыма сабе ўявіць жалобу з такой нагоды. Але Георг з тае пары — падобна як у дачыненні да шмат якіх іншых рэчаў — таксама ўзяўся з большым імпэтам за сваю справу. Магчыма, што, калі жыла маці, бацька перашкаджаў яму развіваць па-сапраўднаму сваю ініцыятыву, прызнаючы ў прадпрымальніцтве толькі свой пункт погляду; а, магчыма, бацька пасля матчынай смерці, хоць і працаваў па-ранейшаму ў фірме, зрабіўся больш памяркоўны; магчыма,— гэта нават было болей праўдападобна,— нашмат істотнейшую ролю адыгралі шчаслівыя выпадковасці, але, ва ўсялякім разе, прадпрыемства зусім нечакана за гэтыя два гады моцна развілося; яны мусілі падвоіць персанал; абарот павялічыўся ў пяць разоў, і, несумненна, у будучыні чакаўся далейшы поступ.
Але сябар не меў ніякага ўяўлення пра гэтую перамену. Раней, апошні раз, здаецца, у тым самым спачувальным лісце, ён хацеў намовіць Георга пераехаць у Расію і распісваў тыя перспектывы, што існавалі менавіта для Георгавай справы ў Пецярбурзе. Лічбы ягоныя былі мізэрныя ў параўнанні з тым узроўнем аб'ёмаў, якія за гэты час дасягнула Георгава прадпрыемства. У Георга, аднак, не было ніякай ахвоты пісаць сябру пра свае поспехі ў прадпрымальніцтве, а калі б ён зрабіў гэта цяпер, магло б узнікнуць дзіўнае ўражанне.
Гэтак Георг абмяжоўваўся толькі тым, што пісаў сябру пра другарадныя падзеі — так, як яны бязладна грувасцяцца адна на адну ў памяці, калі чалавек сабе задумаецца спакойнай нядзеляю. Ён жадаў адно таго, каб пакінуць нязменным і некранутым уяўленне, якое склалася ў сябра за доўгі час пра родны горад і з якім той ужо зусім пагадзіўся. Так, здаралася, што Георг тры разы ў досыць адлеглых адзін ад аднаго ў часе лістах паведамляў пра заручыны ўсё роўна якога чалавека з адной усё роўна якой дзяўчынаю,— аж і сапраўды сябар, насуперак Георгавым намерам, пачаў цікавіцца гэтай дзіўнай справаю.
Георг, аднак, куды болей ахвотна пісаў яму пра гэткія справы, чым захацеў бы прызнацца, што месяц таму сам заручыўся з нейкай паннаю Фрыдай Брандэнфэльд, дзяўчынай з заможнай сям’і. Ён часцяком размаўляў са сваёю нявестай пра таго сябра і пра тыя асаблівыя стасункі, якія ён з ім падтрымліваў праз перапіску. «Значыць, ён не прыедзе на нашае вяселле,— казала яна,— але ж я маю права пазнаёміцца з усімі тваімі сябрамі».— «Я не хачу парушаць ягонага спакою,— адказваў Георг,— зразумей мяне добра: ён бы, відаць, прыехаў; прынамсі, я так думаю; але адчуваў бы сябе несвабодным і пакрыўджаным; мажліва, зайздросціў бы мне і, напэўна, быў незадаволены і няздольны знішчыць у сабе гэтае незадавальненне; і ён бы зноў, самотны, вяртаўся да сябе дамоў. Самотны — ці разумееш ты, што гэта такое?» — «Добра, але ці не можа ён нейкім іншым чынам даведацца пра наша з табой вяселле?» — «Гэтаму запабегчы я, вядома, не магу, але пры ягоным ладзе жыцця гэта малаверагодна».— «Калі ў цябе гэткія сябры, Георг, дык табе ўвогуле не варта было жаніцца»,— «Згодзен, гэта наша супольная віна, але нават цяпер я не хацеў бы, каб было іначай». А калі пасля, узбуджаная ягонымі пацалункамі, яна яшчэ здолела вымавіць: «Гэта, уласна, усё ж мяне абражае»,— ён напраўду вырашыў, што няма ніякае рызыкі ў тым, каб пра ўсё напісаць сябру. «Гэткі я ёсць, і гэткім ён павінен мяне прымаць,— сказаў ён сам сабе,— я ж не магу выкраіць з сябе іншага чалавека, які быў бы, можа, больш прыдатны да гэтае дружбы, чым я».
Читать дальше