Ты адкінь, каханы, думку, што, знясіленая горам,
Станам зграбным, як таполя, дастануся каджам злым;
Без цябе я жыць не буду, не зламлюся я ў пакоры,—
Або нож пратне мне сэрца, або рыну са скалы.
Сонцам я клянуся — месяц твой другому не засвеціць,
Хоць прыйшлі б тры сонцы разам, каб красу яго сустрэць.
Лепш я кінуся ў бяздонне,— хай спрадвечны змрок прывеціць,
Хай душа ўзляціць на крылах,— ты ж даруй мне гэту смерць!
За мяне маліся богу, каб паслаў мне вызваленне,
Каб не даў ператварыцца пачуццю ў агонь і тло,
Каб мне крылы даў узняцца і тваім зрабіцца ценем,
Сузіраць цябе, нібыта сонца яснага святло.
Без цябе не будзе сонца, бо ты сам яго часцінка.
Неаддзельны спадарожнік, ты навекі зліты з ім!
Вобраз твой я ў ім убачу — задрыжыць слязы расінка;
Горка мне жылося — стань жа, смерць, салодкім сном маім!
Я, душу табе аддаўшы, смерці ў твар без страху гляну;
Але вечна ў нашых сэрцах дух кахання будзе жыць.
Хоць разлука ранай свежай да другой кладзецца раны,
Ты не плач па мне, каханы, памяць сэрца зберажы.
Лепш у Індыю спяшайся, бацька там без дапамогі
Не адолее асады ордаў ворагаў ліхіх.
Падтрымай яго ў нядолі, за мяне пазбаў трывогі,
Пра мяне згадай, пра рэкі несціханых слёз маіх!
Наракаць на долю годзе! Досыць скаргаў і праклёнаў!
Ведай: з сэрца — проста ў сэрца слова праўды пападзе.
За цябе памру — хай трызну мне пракаркаюць вароны,
Я жывая — буду плакаць па табе ў цяжкой нудзе!
На ўспамін я шлю істужку ад падоранага шаля,
Ты калісь, як знак кахання, мне той шаль з вайны прывёз.
Хай згадае нашы мары ён табе ў хвіліну жалю,—
Закружылася над намі кола ўсіх сямі нябёс!»
Дзева скончыла пасланне, перапоўненае смуткам,
І адрэзала ад шаля на ўспамін адзін шматок.
Абвілі, як змеі, плечы валасоў тугія скруткі,
І, нібы з таполі стройнай, пах даносіўся здалёк.
Чорны служка з Гуланшара зноў памчаўся ў дарогу
І Фацьме дакладна ў тэрмін вестку гэтую прынёс.
Пра палонную пачуўшы, Аўтандзіл уславіў бога,—
Поўны ўдзячнасці і шчасця, ён праліў нямала слёз.
Ён сказаў Фацьме: «Я рады, што збылася гэта справа.
Чым аддзякую табе я за стараннасць і дабро?
Ехаць трэба мне адразу да таго, хто з гордай славай
Разаб'е праклятых каджаў, нібы з неба грозны гром».
«Леў,— Фацьма яму сказала,— стаў агонь крыві пажарам,
Больш святло не льецца ў сэрца — прадчуваю змрок нуды.
Але ты павінен ехаць, затрымаць цябе не мару,
Бо раней прыбудуць каджы — не адолець іх тады!»
Віцязь склікаў слуг адданых, што належалі Прыдону,
І сказаў: «Ад сна нябыту ўсе мы зараз ажылі.
Доўга весткі мы чакалі — маем мы яе сягоння:
Час прыйшоў, і будзе вораг кроў сваю няшчадна ліць!
Перадайце гэту вестку вы свайму цару Прыдону,
Я спяшаюся і зараз немагчыма стрэцца нам.
Хай склікае гучным клічам войска вернага калоны.
А цяпер усё, што маю, вам да каліва аддам.
Паслужылі вы мне добра, вам я многа вінаваты:
Як сустрэнуся з Прыдонам — ўсё да рэшты заплачу.
А цяпер бярыце скарбы, што здабыў я ў піратаў,
І скупым не палічыце, скнарай быць я не хачу!»
Карабель аддаў багаты, з ім тавары ўсе і рэчы,
Хоць быў сам ён на чужыне і не меў багаццяў шмат.
Загадаў: «Цару Прыдону вы пры першай жа сустрэчы
Гэты скрутак перадайце, я пісаў, як брату брат!»
ПІСЬМО АЎТАНДЗІЛА ДА ПРЫДОНА
Ён пісаў: «Прыдон магутны, цар шчаслівы над царамі,
Сілай сэрца — леў сапраўдны, сонца нашага краса!
Кроў варожую чужынцаў льеш ты ў бойцы ручаямі!
Я, твой брат малодшы, гэта прывітанне напісаў.
За няшчасці ўзнагароду атрымаў я цалкам сёння:
Ўсё, аб чым я доўга марыў, да мяне цяпер прыйшло.
Я дазнаўся, што царэўна чэзне ў каджаў у палоне,
Што было б ільву ўцехай, калі б шчасце іх звяло.
Сонца тое бляск губляе, бо жыве ў высокай вежы,
Нам туды дайсці не цяжка па акрутных схілах гор.
Лье з нарцысаў дождж крыштальны, з ружы вее пахам свежым.
Хоць не шмат там зараз каджаў, але пільны іх дазор.
Сум развеяўся мой цяжкі, я ад шчасця толькі плачу.
Там, дзе ты і брат старэйшы,— не прадбачыцца нягод.
Бо заўсёды сустракала ў кожнай справе вас удача;
Што вам вораг? Перад вамі не існуе перашкод.
Читать дальше