З той пары працяты грудзі ў Фацьмы кап'ём пакуты,
Слёзы лье яна няспынна, кленучы пракляты лёс.
Я ёй тайну гэту выкрыў аб табе, няволяй скутай;
Бачыць бог, з тае часіны не ўсыхае лівень слёз.
Ды з'явіўся нейкі віцязь, станам зграбны, як таполя,
І Фацьма яму сказала пра тваю нуду-бяду.
Ён прайшоў амаль паўсвету, каб цябе вярнуць на волю,
Імі я сюды пасланы і да іх назад іду!».
Адказала дзева: «Веру, што прыйшоў ты без падману,
Але як маглі дазнацца вы пра горкі мой палон?
Пэўна, той жывы, хто грэе сэрца жарам палымяным.
Напішу, як сэрца цісне торкай долі злы праклён».
ПІСЬМО НЕСТАН-ДАРАДЖАН ДА ФАЦЬМЫ
Адказала сонца-дзева: «Даражэй ты мне за маці.
Бачыш, чым мяне спаткала доля злая ў горкі час?
Чым я вінна, што прымусіў бог мяне з няволяй знацца?
Мне прынесла толькі ўцеху вестка добрая ад вас.
Ад напасці нечаканай ты мяне ўратавала,
Але трапіла да каджаў выпадкова я ў палон.
Сцеражэ мяне ўсё войска, ўся варожая навала.
Дзе знайду цяпер уцеху, зменіць хто цяжкі мой кон?
Пра напасці і журботы мне яшчэ пісаць не варта.
Не вярнулася царыца, з ёю безліч каджаў там,
Хоць і тут на кожным кроку ўсюды ўзброеная варта.
Не, каб вызваліць адгэтуль, немагчыма й думаць вам.
Хто шукаць мяне сабраўся, той дарэмна траціць сілы,
Той дарэмна труціць сэрца, на агні пакут гарыць.
Аднаму зайздрошчу толькі — быў ён побач з сонцам мілым,
Без якога не пабачыць мне шчаслівае зары.
Аб сваім каханні палкім расказаць табе не смела,
Не хацела слёз дарэмных, не хапала сіл раней.
А цяпер прашу я слёзна папярэдзіць Тарыэля,
Каб жыццё сваё ў ахвяру не прыносіў з-за мяне.
Бо даволі ўжо няшчасцяў,. турбаваць не варта неба,
Не чакаю вызвалення — бог, відаць, мяне забыў.
Тарыэль памрэ, дык двойчы мне тады памерці трэба,
Застануся жыць — каменнем ты мяне тады забі!
Просіш ты, каб Тарыэлю я паслала знак кахання;
Шлю істужку я ад шаля, што калісь мне ў дар прынёс,
Бо ягоны падарунак сэрца цешыў спадзяваннем,
Хоць і мае чорны колер, нібы мой пракляты лёс!»
ПІСЬМО НЕСТАН-ДАРАДЖАН ДА КАХАНАГА
З плачам горкім і няўцешным да каханага пісала,
Слёзы жар душы гасілі, абуджалі толькі жаль.
Тым пісьмом любому сэрца вострым болем працінала,—
Скрозь пялёсткі ружы кволай мігацеў душы крышталь.
«Любы мой! Радкі прызнання я сваёй рукой пісала,
Быў пяром мне стан мой гнуткі, а чарнілам жоўць і кроў.
А паперай — тваё сэрца, што з маім сама з'яднала.
Дык нашто ты рвешся, сэрца, з тых чароўных ланцугоў?
Бачыш, любы, свет існуе скрозь няпраўдаю адною!
Як бы сонца ні свяціла — праглыне яго імгла.
Мудрацы, жыццё пазнаўшы, асудзілі ўсё зямное!
Гора мне! З табой разлука ў труну ледзь не звяла.
Разлучылі нас з табою свет і час, даўно пракляты.
Радасць нам не давялося ў згодзе між сабой дзяліць.
З сэрцам, што тваім каханнем, як кап'ём, наскрозь працята,
Што зраблю я? Хай твой розум дасць параду, як мне быць!
Я клянуся сонцам светлым, што не марыла жывога
Напаткаць цябе і сілам я не верыла сваім.
Зараз я ад шчасця плачу, праслаўляю літасць бога,—
Гора знікла, стала дыхаць я з табой жыццём адным.
Мне яно надзеяй свеціць, больш нічога і не трэба,—
Хоць параненае сэрца спапяліў агонь нягод.
Пра мяне ўспамін сардэчны хай табе згадае неба,
Я ж кахання рунь жывую зберагу ад непагод.
Што яшчэ ў пісьме скажу я, мой каханы і адзіны?
І язык стаміцца можа, і паверыць цяжка ў зло.
Мне Фацьма дала ратунак — вызваленне з рук двух злыдняў,
А цяпер па волі лёсу зноў няшчасце надышло.
Спалучыўшы з горам гора, свет дадаў пакут мне болей,—
Палічыў, відаць, што мала ён няшчасця мне прынёс:
Я да злых і дужых каджаў зноў патрапіла ў няволю.
Бачыш, любы, не шкадуе нам сваіх праклёнаў лёс!
Я сяджу ў высокай вежы, недасяжнай нават воку,
Патаемны ход пільнуюць вартавыя дзень і ноч,—
Далятаюць гулкім рэхам да мяне цяжкія крокі,
Смерць нясуць яны любому, хто прайсці сюды ахвоч.
Ты не думай, што іх войска ваяваць па-людску здольна!
Не шукай бяды,— загінеш, значыць, больш і мне не жыць.
Калі ўбачу нежывога — я згару, як трут, павольна;
Будзь скалы цвярдзей, трымайся, да спаткання каб дажыць!
Читать дальше