Дулардухт сказала ўладна: «Ажаню яе з Расанам,
Як жалобны тэрмін скончу і назад прыбуду к вам,
А пакуль няхай чакае скоры дзень майго вяртання».
Еўнух там пільнуе вежу, сонца-дзева чэзне там.
Узяла з сабой царыца войска з каджаў-чарадзеяў,
Бо нялёгкі шлях праходзіў небяспечнай стараной,—
Уладанні ж засталіся пад аховаю надзейнай,
Слёзы лье цяпер царыца над сястрыцынай труной.
Неадольны горад каджаў пільнаваў няспынна межы,
На скале высокай горда, як цвярдыня, ён стаяў.
У скале ж той ход падземны быў пракладзен аж да вежы,
Дзе, нібыта сонца з неба, твар красы дзівоснай ззяў.
Патаемны ход у горад варта пільна вартавала,
Дзесяць тысяч за сцяною войска добрага было,
Па тры тысячы атрады каля трох варот стаялі...
О жыццё, да горкай мукі ты мне сэрца давяло!»
Вестку гэтую пачуўшы, Аўтандзіл ажыў, нябога,
Хоць сваіх пачуццяў буру ў глыбіні душы трымаў.
За вялікія даброты ён аддаў падзяку богу
І сказаў: «Якую радасць ты прынесла мне, Фацьма!
Ты майго кахання варта, суняла ты ў сэрцы скруху,
Летуценняў патаемных ты адкрыла свет шырэй,
Але ты скажы па праўдзе, калі каджы — гэта духі,
Дык нашто ім плоць людская і навошта тлумны рэй?
Абудзіла ты спагаду да палонніцы бязвіннай,
Але што ім, бесцялесным, ад жанчыны за карысць?»
У адказ Фацьма сказала: «Растлумачыць я павінна.
Каджы — людзі, ў гэтых скалах пасяліліся калісь.
Людзі каджамі празвалі іх за цёмнае вядзьмарства,
Каджы могуць, калі схочуць, нас усіх заваражыць;
Не адолець іх, баяцца людзі злоснага каварства,
Біцца з імі — значыць, марна галаву сваю злажыць.
Вычвараць умеюць цуды, асляпляць умеюць вочы,
Уздымаць у моры буры, ў бездань кідаць караблі;
Не тануць — ісці па хвалях, дзень змяняць на цемру ночы,
Неба цёмнае паўночы дзённым бляскам асвятліць.
Вось таму і назву каджаў нездарма далі ім людзі,
Хоць на справе маюць самі, як і мы, такую ж плоць».
Аўтандзіл сказаў: «О шчасце! Жаль не цісне болем грудзі!
Ты агонь мой патушыла і пазбавіла ад слот!»
Аўтандзіл усёй істотай услаўляў скрозь слёзы бога:
«Божа, ты ў зямной юдолі шлеш збавенне, гоіш боль,
Вечна існы, недасяжны, асвятляеш нам дарогу,
Дорыш ласку нам дзясніцай, мы рабы перад табой!»
Так хвалу ўзносіў богу віцязь радаснай хвілінай,
Ды жаданнем прагавітым загарэлася Фацьма;
І хоць ён хацеў стрымацца, ды адолела жанчына
І з гарачым пацалункам абняла яго сама.
І ўсю ноч дзяліла ў ложку асалоду з Аўтандзілам,
Ён хоць моцна абдымаўся, сам жа думаў аб другой,
Цінаціну прыгадаўшы, сам сабе ён стаў нямілы,
І звярэла сэрца, нібы паляўнічы чула гон.
Аўтандзіл употай плакаў, утварылі б слёзы мора,
І чаўны вачэй-агатаў патаналі ў вір-падман.
«Гляньце,— думаў,— на міджнура, як ён здрадзіў любай скора,—
Не салоўка сеў на ружу, а на смецце сеў груган».
Раскрышыла б і каменне слёз няспыннае струменне,
Дзе гушчар цяністых веек бегу іх не мог пазбыць.
Салаўём Фацьма спявала — скуль з'явілася натхненне?
Побач з ружай і варона салаўём жадае быць!
Выйшла сонца на світанні ўмыцца свежаю вадзіцай,
І Фацьма яму паднесла ў дар адзенняў розных шмат,
Трункаў пахкіх і бялізны — ўсё упрошвала згадзіцца
Апрануць, што больш да твару, з тых шаўковых пышных шат.
Аўтандзіл рашыў: «Даволі мне прыкідвацца купчынай!»
Зняў гандлярскае адзенне і ранейшае надзеў.
Апрануўшыся, як віцязь, ён здзівіў сабой жанчыну;
Так у выглядзе геройскім стаў, як сонца, юны леў.
Розных страў Фацьма прынесла, запрасіла на сняданне.
Увайшоў прыгожы віцязь у даспехах, як герой,
І Фацьма, яго сустрэўшы ў спаспетавым убранні,
Лепятала: «О чароўны, хто ўстаіць перад табой?»
Захаплялася бясконца госцем зграбным і прыгожым,
Толькі ён на гэта моўчкі пасміхаўся сам сабе:
«Хто ў сапраўднасці такі я, распазнаць яна не можа.
Мне ж няма другога выйсця, покуль будзе друг гібець».
А пасля бяседы сытнай разышліся. Захмялелы,
У сваім пакоі пышным ён забыўся ўва сне.
Як прачнуўся надвячоркам, нібы ўсё заружавела,
Да Фацьмы паслаў ён служку: «Быць прашу я ў мяне».
І Фацьма прыйшла адразу і прамовіла ў запале:
«Ты — альяс мой любамілы, я загіну без цябе!»
Пасадзіў з сабою побач, і на момант ціха стала,
І на ружаў сад чароўны цень з хацінкі веек збег.
Читать дальше