Неразумна аддавацца толькі смутку ў час няшчасны,—
Хіба слёзы калі-небудзь ратавалі ад бяды?
Лепш спакойна ўсё узважыць і кірунак выбраць ясны,
Я знайду таго, хто станам, быццам ясень малады».
Зноў на пошукі паехаў па нязведанай краіне,
Ён шукаў і клікаў друга без спачынку ноч і дзень.
Трое сутак вандраваў ён па лясах і па далінах,
Толькі друга Тарыэля адшукаць не мог нідзе.
Гаварыў ён: «Божа мілы, я жыццю свайму не рады,
Чым я грэшны, што прыпала толькі скруха ды бяда?
Ты для ўсіх суддзя адзіны, адары сваёй спагадай,
Скараці жыцця гадзіны — перамогу толькі дай!»
АЎТАНДЗІЛ ЗНАХОДЗІЦЬ НЕПРЫТОМНАГА ТАРЫЭЛЯ
Ехаў віцязь невясёлы, на гару вяла дарога.
Глянуў зверху ў лагчыну, дзе зганяла цень святло.
Раптам бачыць са здзіўленнем паміж хмызаў варанога.
Крыкнуў ён: «Нарэшце шчасце к Тарыэлю прывяло!»
Ён ажыў адразу, радасць затапіла сэрца хваляй,
Знік адчай і горкі смутак, праясніўся далягляд.
Не паспеўшы звянуць, ружа хараством ізноў заззяла;
Паляцеў ён, нібы віхар, друга ўбачыўшы здаля.
Тарыэль не адгукнуўся, распасцерты на імшары,
Белы быў, нібы кранула смерць яго сваёй рукой.
На шматкі каўнер парваны, запяклася кроў на твары,
І здавалася, што вечны ахапіў яго спакой.
Побач леў валяўся мёртвы, востры меч дамаскай сталі,
Тыгр наводдаль нерухомы, як падкошаны, ляжаў.
Па абліччы Тарыэля слёзы горкія сцякалі,
І агнём гарэла сэрца, і ў вачах свяціўся жаль.
Непрытомнасцю скаваны, ён не мог расплюшчыць вочы,
Нібы вейкі закранула смерці чорнае крыло.
Аўтандзіл паклікаў друга. Не было адказу. Скочыў
Ён з каня. Абняў, як брата, і крануў рукой чало.
Выцер твар ён Тарыэлю асцярожнаю рукою,
На зямлю прысеў і клікаў, сонны будзячы разлог.
«Ты прачніся, дружа мілы, азірніся — я з табою!»
Той падняў крыху павекі, слова ж вымавіць не мог.
Я пра ўсё, што адбылося, песні шчырыя складаю:
Дапамог сяброўскі клопат — апрытомнеў Тарыэль.
Абняліся пабрацімы. Бачыць бог, ні ў якім краю
Не знайсці такіх асілкаў — абыдзі хоць сто зямель!
Тарыэль прамовіў: «Клятву я сваю стрымаў, як бачыш.
Да сустрэчы нашай братняй я ўсё ж такі дажыў.
А цяпер мяне пакінь ты, палічу я смерць за ўдачу:
Не аддай звяругам цела, а ў магілу палажы».
Аўтандзіл сказаў: «Даволі! Ты ліхой аддаўся звадзе.
Хто не быў міджнурам юным, хто каханнем не гарэў?
Але хто з людзей смяротных у вар'яцкім гінуў чадзе,
Хто даваў наўмысне д'яблу весці свой смяротны рэй?
Калі з мудрасцю сябруеш — ведай, мудрасць так гаворыць:
Муж адважным быць павінен, не губляцца анідзе,
Цвёрдым стаць перад навалай, не схіляцца ў пакоры,
Калі ж часам з глузду з'едзе — быць тады ліхой бядзе.
Ты, мудрэц, не разумееш, мудрых ісцін запаветы.
Як сярод звяроў пустэльні сцішыш ты кахання пал?
Як, загінуўшы, пабачыш тую, хто твой вечны светач?
Для чаго здаровым лекі альбо мёртвым кветак пах?
Хто, скажы, не быў міджнурам, не палаў агнём жадання?
Не адчуў салодкай мукі, чэмер горкі цяжкіх страт?
Што раджалася без болю? Дык нашто ж твае літанні?
Хто сарваў без церняў ружу, хоць і быў той ружы рад?
Запыталі неяк ружу: «Ты красою ўсіх чаруеш,
Дык чаму шыпамі раніш?» Адказала ружа так:
«Паспытаўшы смак гаркоты, асалоду лепш адчуеш.
А краса, што ўсім даступна, траціць свой прывабны смак».
Калі кветка нежывая так разумна адказала,
Хто ж тады здабудзе шчасце без нягод і без турбот?
Не было б ад зла ратунку, каб дабро не панавала.
Ганіць свет — дарма, калі ты не зазнаў яго даброт.
Слухай, што табе скажу я. На каня хутчэй садзіся,
Думкі змрочныя гані ты ад сябе далёка прэч.
Ты жаданням сваім прагным не паддайся, не скарыся,
І гару пакут сардэчных скіне розум светлы з плеч».
Тарыэль яму гаворыць: «Слоў няма на довад важкі.
Зразумець твае папрокі сіл не мае розум мой.
Калі гора гне другога, нам лячыць яго не цяжка.
Сваю радасць адшукаю там, дзе вечны супакой.
Аднае жадаю ласкі перад смерцю я ад бога,
Каб разлучаных на гэтым, ён злучыў на свеце тым.
Каб, сустрэўшыся з каханай, кроплю шчасця меў нябога.
Будзь, прашу я, верным братам да магільнае пліты.
Зноў спаткацца з любай сэрцу ўсёй душою я жадаю,
З ёю буду я шчаслівы, як на той з'яўлюся свет.
Калі любая заплача, у адказ я зарыдаю,
Вось найлепшая парада — не губляць за сэрцам след.
Читать дальше