Завальня. Жахлівыя рэчы, бачу, адбываюцца ў гэтым доме. Веру, што Бог злітуецца і ўсё пераменіць на лепшае, але бяда таму, хто, прагнучы багацця, прадае душу д'яблу!
Тамаш (пераходзіць на шэпт і раз-пораз азіраецца на чорныя дзверы). А каб вы пабачылі, васпане, што мы вылавілі ў Глухім возеры. Крый Божа такое і ў сне бачыць!
Завальня. Вы лавілі ў Глухім возеры? Але ж там ніхто ніколі не лавіў, сяляне як мага далей абыходзяць гэтую змрочную мясціну.
Тамаш. Куды падзенешся, нам загадаў пан Альберт. Выцягнулі — страх успомніць — поўны нерат маленькіх нячысцікаў. Не маючы сілы глядзець на страшыдлаў, кінуліся мы ўцякаць, але паспеў я заўважыць таго Чарнакніжніка, які хуценька збіраў маленькіх нячысцікаў сабе ў кош. I яшчэ — у яго была перавязана нага!
З чорных дзвярэй ненрыкметна выслізгвае Чарнакніжнік, хаваецца ў цёмным куце пакоя і падслухоўвае размову.
Завальня (неўразумела). Перавязана нага?
Тамаш. Усю дарогу да самага возера за намі ляцеў вялізны чорны крумкач. На беразе рыбар Родзька падпільнаваў птушку і патрапіў у яе каменем. Паранены крумкач схаваўся ў хмызняку, а пасля адтуль з'явіўся, кульгаючы, Чарнакніжнік з перавязанай нагой! Разумееце, васпане, у чым справа?
Завальня. Жах які!
Тамаш. Самы жах наперадзе — тае ж ночы Родзька памёр. (Змаўкае.)
Завальня. О Божа! (Задумліва.) Стары пан Марагоўскі, ведаючы легкадумны нораў сына, прасіў мяне не пакідаць маёнтак, што б ні здарылася. Але ці думаў ён, што пан Альберт захаўрусуе з Чарнакніжнікам, выкінуўшы з могілак бацькавы косці на здзек крумкачам?
Тамаш (згадаўшы). А па начах бачылі мы з аднавяскоўцамі на замчышчы нейкую кабету, якая плакала так жалосна, нібы гаротная маці па сваіх нешчаслівых дзецях. Старыя людзі кажуць, што яе так і завуць — Плачка, і што на месцы яе з'яўлення схаваны старажытныя скарбы і рэліквіі, а часам знаходзяць там чалавечыя косці і зброю. Вы, пане Завальня, чалавек вучоны і самі іншым разам нешта запісваеце ў кніжачку, ці не ведаеце, хто тая Плачка і што прадвяшчае яе з'яўленне?
Чарнакніжнік, з надзвычайнай увагай выслухаўшы Тамаша, знікае ў пакоях пана Альберта .
Завальня. У старых хроніках даводзілася мне чытаць, што Плачка з'яўляецца ў нашым краі перад разбуральнымі войнамі, перад голадам і паморкам, нібы хоча папярэдзіць сваіх дзяцей, каб рыхтаваліся да вялікіх няшчасцяў. I я здагадваюся, аб якім няшчасці папярэджвае нас Плачка зараз.
Тамаш. Ах, васпане, не палохайце беднага чалавека, кажыце лепш адразу, што ведаеце.
Завальня. У горадзе ходзяць чуткі, што магутная ўладарка, Белая Сарока, упадабала наш край і хоча сілай ці хітрасцю далучыць яго да сваіх бязмежных уладанняў.
Быццам збіраецца даслаць сюды сваіх бязлітасных ваяроў, і што быццам сярод нашых паноў шмат хто патаемна падтрымлівае з ёй сувязь і хоча добраахвотна перайсці пад яе карону.
Тамаш. Божухна, што з намі будзе, хто абароніць нас на гэтай зямлі, калі самі нашы гаспадары наводзяць на нас ворагаў?!
Нечакана расчыняюцца дзверы і на парозе свайго пакоя з'яўляецца пан Альберт. З-за спіны ягонай выглядае Чарнакніжнік .
Альберт (са злавеснай усмешкай). Добры вечар, пане аканом! Ці выканалі вы мае даручэнні, што так хутка вярнуліся?
Завальня. Вечар добры, пане Альберт. Вярнуўся, бо з даручэнняў выканаў толькі тыя, на якія хапіла грошай пані Амеліі.
Альберт (да Тамаша). А ты што тут робіш у гэткі позні час? I навошта прынёс кадзіла, чаду ад якога я не выношу?
Тамаш (спалохана). Я, паночку, адбываў чаргу начнога вартаўніка, абыходзіў усе пабудовы, стукаючы малатком аб жалезны брусок і вось сустрэў пана аканома. А кадзіла мне даў святар, загадаў, каб я акурыў пакоі ў панскім доме.
Альберт. Тут загадваю я, а не святар! Каб болей я гэтага чаду ў сваім доме не чуў! (Супакойваецца.) Зрэшты, не пра гэта зараз размова. Казалі мне (азіраецца на Чарнакніжніка), што сустракаў ты на замчышчы кабету, якую завуць Плачкай. Што гавораць людзі пра месца, дзе з'яўляецца тая кабета?
Тамаш (неахвотпна). Рознае гавораць, паночку, хіба ўсё запомніш?
Альберт. Не прыкідвайся дурнем, лайдак! Ты ведаеш, што на месцы з'яўлення
Плачкі схаваны каштоўныя скарбы і старажытныя рэліквіі. Правядзеш мяне і майго прыяцеля да замчышча і пакажаш, дзе бачыў Плачку. Можа, і пан аканом пойдзе з намі?
Читать дальше