У адказ на ягоныя словы з возера даносіцца гранне дудкі. Чарнакніжнік з кашом нячысцікаў у руках накіроўваецца да лесу, але, спатыкнуўшыся, хапаецца за параненую нагу і ўскрыквае ад болю.
Ну папомніш ты ў мяне, ёлуп, як кідацца каменнямі! (Знікае за дрэвамі.)
Глухое возера зацягваецца густым, непраглядным туманам, недзе ў глыбіні туману нябачны нячысцік грае на дудзе і спявае :
Пацяраў я дуду, іх-вох,
На паповым лугу, іх-вох,
А не дудка была, іх-вох,
Весялуха была, іх-вох,
Весяліла мяне, іх-вох,
На чужой старане, іх-вох.
Заслона
Вітальня панскага дома ў маёнтку Магільна. Вечар. За сталом сядзіць пан Альберт, паліць люльку і раскладвае карты. За спіной яго з'яўляецца Чарнакніжнік і непрыкметна кіруе раскладкай картаў .
Альберт. Сёння нейкі асаблівы вечар, ніколі карты не клаліся так удала. Мусіць, здарыцца нешта незвычайнае. Між тым сніў мінулае начы дурны сон: падаў я ў бездань, а здалёк мой бацька ўздымаў рукі да неба і маці млела, бо не маглі мне дапамагчы.
Чарнакніжнік (з-за спіны Альберта). Маеш рацыю, здарыцца сёння вечарам нешта надзвычайнае.
Альберт (падскоквае). Заўсёды ты з'яўляешся нечакана і палохаеш мяне. Не магу глядзець без агіды на твой страшны твар.
Чарнакніжнік. Слабыя нервы маеш. Калі будзеш глядзець на ўсё без прыкрасці і страху — лепш уладкуешся на свеце. Хачу цябе ўзрадаваць — пабачыш нарэшце маю гаспадыню — Белую Сароку. Ты добра падрыхтаваўся прыняць госцю, зараз яна прыляціць. Пастарайся ёй спадабацца і будзь у размове паважлівым.
Альберт прыбірае карты, прыводзіць сябе ў парадак, стаўляе на стол келіхі і віно.
Чарнакніжнік падыходзіць да акна.
Альберт. Столькі чакаў гэтае хвіліны, а цяпер вось прабірае мяне нейкі холад і жудасць.
Чарнакніжнік (глядзіць у акно). Хмары, здаецца, разышліся, толькі вецер шуміць. Надвор'е спрыяе нашым задумам.
Толькі сказаў гэта — залятае ў акно сарока, большая і зграбнейшая ад іншых сарок, пёры на ёй белыя, як снег, вочы чорныя. Апусцілася на падлогу — і ў міг вока стаіць пасярод пакоя кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці, на галаве і на ўсім адзенні зіхацядь дыяменты і каштоўныя камяні. Чарнакніжнік схіляецца ў паважлівым паклоне, пан Альберт аслупянела глядзіць на госцю, слова вымавіць не асмельваецца.
Вітаю цябе, шаноўная гаспадыня! Дазволь прадставіць табе нашага новага сябра, пана Альберта.
Белая Сарока. Здалёк спяшалася сюды, Альберт, спадзеючыся знайсці ў табе зычлівага прыяцеля і аднадумцу. Не памылілася ў спадзяваннях: бачу, што добра падрыхтаваўся да сустрэчы са мной і нават старыя могілкі перанёс падалей ад дому.
Альберт (прыходзіць у сябе). Так, пані, імя ваша нязменна было на маіх вуснах. Перад вамі — найшчырэйшы прыхільнік, зачараваны вашай прыгажосцю.
Белая Сарока сядае ў крэсла, якое паслужліва падсоўвае ёй Чарнакніжнік.
Уладкаваўшы гаспадыню, Чарнакніжнік бярэ віно і разлівае яго ў келіхі.
Белая Сарока. Ты мне падабаешся, Альберт. Ведай, я ўмею цаніць вернасць і паслужлівасць, і несупынна клапачуся пра шчасце сваіх падданых. Ахвярую табе гэты падарунак, каб быў верны сам і суседзяў сваіх заахвоціў служыць мне. (Узнагароджвае Альберта прыгожым дыяментам на стужцы.)
Чарнакніжнік. Вып'ем за здароўе нашай гаспадыні. (Раздае келіхі.)
Альберт. Няхай жыве пані Белая Сарока!
Альберт і Чарнакніжнік выпіваюць свае келіхі да дна, Белая Сарока каштуе віно і ставіць келіх на стол.
Белая Сарока. Калі ляцела, дык бачыла прыгожыя горы і лясы, шмат азёраў у гэтым краі.
Альберт. Так, пані. Нашыя мясціны прырода адарыла ўсім, што патрэбна чалавеку. Не дала толькі такой мудрай і пекнай гаспадыні, як вы.
Белая Сарока. Я даўно мелася пабываць тут, спазнаць гэты край і яго жыхароў. Спадзяюся, тутэйшыя жыхары ахвотна пойдуць пад маю ўладу.
Альберт. Шмат хто будзе мець за шчасце славіць пані.
Белая Сарока (да Чарнакніжніка). А ты што скажаш? Ці ўсё падрыхтавана да майго з'яўлення?
Чарнакніжнік. Моладзь на нашым баку, гаспадыня, а вось старыя людзі не хочуць зразумець свайго шчасця. Балбочуць нешта пра запаветы продкаў, пра сумленне і веру ў Бога.
Читать дальше