Карпа. Няма ў тым чорным пакоі ні золата, ні нячысціка, толькі мноства дзіўнага посуду з рознымі вадкасцямі і парашкамі. Ага, на дне гэтай шклянкі аселі нейкія блішчосныя крупінкі! Можа, яны — залатыя?
Чарнакніжнік (выхоплівае рэторту). Гэта твой гаспадар навучыў цябе залезці ў мой пакой і ўзяць рэторту для алхімічных вопытаў?
Карпа (спалохана). Даруй, даруй мне, пане! Не па гэтую пасудзіну я забраўся ў пакой, я шукаў цябе!
Чарнакніжнік (іранічна). Навошта тады ўзяў рэторту? Можа, цябе вабяць навукі?
Карпа (асмялеўшы). Не навукі даюць шчасце чалавеку, а багацце. Шмат хто на свеце не гібее над кніжкамі, а жыве раскашуючы. Жыць так, як хочаш, нічога сабе не забараняючы, — вось пра што я мару.
Чарнакніжнік. Чуў я, чуў нешта падобнае ад твайго гаспадара. Таксама казаў мне, што марыць жыць так, як хоча, а хоча, на самай справе, толькі грошай. Табе таксама патрэбны грошы, лёкай? А ці ведаеш ты, што, атрымаўшы іх, ты страціш душу?
Карпа. А навошта ў гэтым свеце душа, калі няма грошай?
Чарнакніжнік. Добра, я навучу цябе, як стаць багатым. Пойдзеш сёння ноччу ў старую капліцу на могілках. Пабачыш там тры труны. Апоўначы нябожчыкі пакінуць свае труны і разбрыдуцца па вёсцы. Ты забярэшся ў крайнюю злева труну і будзеш чакаць яе гаспадара.
Карпа. Бр-р-р!
Чарнакніжнік. Калі ты такі баязлівец, забудзься на грошы, на Агапку і заставайся ўсё жыццё лёкаем.
Карпа. Не-не, кажы далей, пане!
Чарнакніжнік. Напрыканцы ночы нябожчыкі вернуцца, каб зноў залезці ў труны. Агледзеўшы, што яго месца занятае, твой нябожчык пачне прасіць цябе вызваліць труну. Ты ж не пускай яго, пакуль не скажа, дзе ён закапаў перад смерцю скарб. Быў пры жыцці багатым, але сквапным чалавекам, і як памёр — дзецям не пакінуў ні шэлега.
Карпа. Дзякуй табе, пане! Хоць і боязна мне, але зраблю ўсё так, як ты параіў. (Выходзіць з вітальні.)
Чарнакніжнік (задаволена рагоча). Як казала мая гаспадыня, Белая Сарока, не грэбуй ні душой пана, ні душой лёкая, бо па сваёй сутнасці яны аднолькавыя. (Знікае ў сваім пакоі.)
Заслона
Поўнач. Старая капліца. У паўзмроку відаць тры труны. Уваходзіць, крадучыся, Карпа, хаваецца за мармуровы надгробак. Неўзабаве дзве труны «ажываюць», з іх выходзяць два нябожчыкі, зачыняюць за сабой века.
Першы нябожчык. Эх, слаўная выдалася ночка, разамнем свае косцейкі!
Другі нябожчык. Ух, здаецца мне, жывым чалавечым духам тхне. Давай паклічам ваўкалака, няхай ён пашукае.
Першы нябожчык. Ахвота табе час марнаваць. Што жывому чалавеку рабіць ноччу ў капліцы. Жывыя людзі ноччу лічаць грошы.
Другі нябожчык. Альбо мілуюцца з чужымі жонкамі. Ах, сапраўды, пайду пагляджу, з кім сёння забаўляецца мая кабеціна.
Другі нябожчык (шэптам). А я пайду праверу, ці не дабраўся які шылахвост да майго скарбу.
Сыходзяць. З-за мармуровага надгробка высоўваецца збялелы Карпа.
Карпа. Ну і жахі, лепш бы я пайшоў да Змяінага каменя. Добра яшчэ, што ваўкалака не паклікалі... Пачакай, а дзе ж Трэці нябожчык? Здаецца, іх было два, а Чарнакніжнік казаў пра трох. (Чакае хвіліну, затым выходзіць з-за надгробка і аглядае труны.) А можа, ён меў на ўвазе тры дамавіны, а не трох нябожчыкаў? Можа, трэцяя дамавіна — пустая? Ага, адзін з нябожчыкаў пайшоў пільнаваць закапаны скарб. Вось у ягоную дамавіну мне і трэба залезці. Т-а-а-к, павінна яна быць трэцяю злева. (Стоячы спіной да ўваходу ў капліцу, паказвае левай рукой на крайнюю труну.) Гэтая. (Падыходзіць бліжэй, раптоўна задумваецца, паварочваецца тварам да ўваходу: зараз левая рука паказвае на іншую труну.) А цяпер — гэтая. Гм, якая ж з іх? (Разглядае труны.) Мусіць, усё ж такі гэтая — яна прыгожа аздобленая, што выдае на багатага гаспадара.
Карпа здымае века і зазірае ў труну. Насустрач яму з труны ўзнімаецца нябожчык. Нейкае імгненне яны асалапела глядзяць адзін на аднаго, затым разлятаюцца ў розныя бакі .
А-а-а-а! Нябожчык! (Хаваецца за мармуровы надгробак.)
Трэці нябожчык. У-у-у-у! Чалавек! (Выбягае з капліцы.) Браткі, тут жывы чалавек!
Карпа (высоўваецца з-за надгробка, спалохана). Ну ўсё, зараз налятуць! Трэба ўцякаць, д'ябал з ім, з тым скарбам. (Бяжыць да выхаду, але, зірнуўшы за дзверы, вяртаецца назад.) Не паспеў — яны вярнуліся! Што ж рабіць? (Азіраецца.) Эх, была не была! (Забіраецца ў труну Трэцяга нябожчыка, зачыняе за сабой века.)
Читать дальше