Завальня (ціха). Няшчасце чакае паненку Амелію, калі, крый Божа, дасць згоду гэтаму ветрагону. Хаця і ёсць прыказка: хто ажэніцца, той пераменіцца.
Тамаш (шэптам). Не, пане дабрадзею, кажуць людзі, што калі родзіцца жарабя з лысінкай, дык з той самай лысінкай і ваўкі з'ядуць.
Выходзяць.
Пан Альберт узнімае галаву і аглядае апусцелы пакой.
Альберт. Фартуна канчаткова адвярнулася ад мяне. Зусім нядаўна без шкадавання раскідваў жмені грошай направа і налева, а зараз вымушаны шукаць шлюбу толькі дзеля таго, каб атрымаць дзве тысячы талераў і сплаціць частку даўгоў і падаткаў. А што, калі ганарлівая дзяўчына сапраўды адчуе няшчырасць, пра ўсё здагадаецца і не дасць свае згоды на шлюб? Ах, падзякаваў бы і д'яблу, калі б паспрыяў ён мне ў справах і дапамог здзейсніць задуманае!
На далёкай вежы б'е дванаццаць, адмярае поўнач гадзіннік у куце вітальні, патухаюць на імгненне васковыя свечкі, і ў пакоі невядома адкуль з'яўляецца худы, бледны незнаёмец у доўгай чорнай вопратцы.
Чарнакніжнік. Пачуў я твае памысныя словы і гатовы табе дапамагчы.
Альберт (спалохана). Вох! Які жахлівы твар! Відаць, перада мною злы дух!
Чарнакніжнік. Не крычы, я падобны да цябе і магу табе шмат карыснага зрабіць.
Альберт. Хто ты?
Чарнакніжнік. Я — Чарнакніжнік. Я днём спачываю, а пасля захаду сонца блукаю па свеце і выведваю, пра што людзі думаюць, пра што гавораць, што ядуць і п'юць. Маю вока зыркае, а слых такі тонкі, што нават за мураванаю сцяною магу чуць шэпт. Па рысах твару пазнаю характары людзей, змушаю іх гаварыць паміж сабою і памятаю пра ўсё. Заходжу праз маленькую шчылінку, і дзверы не рыпяць, калі іх адчыняю, а сабакі не брэшуць, калі праходжу паўз іх.
Альберт. А сюды чаго ты прыйшоў?
Чарнакніжнік. Я дапамагу табе пабрацца з Амеліяй і атрымаць за ёй маёнтак і дзве тысячы талераў.
Альберт. А якую ўзнагароду запатрабуеш ты за свае паслугі?
Чарнакніжнік. Я чалавек беспрытульны, а для алхімічных вопытаў мне патрэбны невялікі пакойчык. Дазволь мне пасяліцца ў тваім доме, пра астатняе ж не клапаціся.
Альберт. Заўтра збіраюся ехаць да Амеліі з прапановаю шлюбу...
Чарнакніжнік. Тады — за справу. Мы зробім так, што паненка абавязкова дасць сваю згоду. Чорныя духі дапамогуць нам. Нічога не бойся і нічому не здзіўляйся.
Чарнакніжнік вымае са складак адзення вялізную, у старадаўняй вокладцы кнігу і кладзе на стол. Малюе на падлозе крэйдай магічнае кола, цэнтр пазначае трохкутнікам. Пасля вымае чорную свечку, крывы нож і вяроўку, падыходзіць да пана Альберта.
Чарнакніжнік. Для варажбы спатрэбіцца кропля твае крыві.
Альберт (насцярожана). Дзіўныя і богапраціўныя рэчы вырабляеш ты, Чарнакніжнік! Ці не будзе мне ад гэтага якой шкоды?
Чарнакніжнік. Шкоды ад гэтага не будзе ніякае. Ты ж такі, як і я. Пабачыш і не такія дзівосы, калі бліжэй пазнаёмішся з чорнай магіяй.
Чарнакніжнік праводзіць лязом нажа па руцэ пана Альберта. Кладзе акрываўлены нож і вяроўку ў цэнтр магічлага кола, стаўляе туды чорную свечку. Схіляецца над раскрытай кнігай і варожыць над ёй.
Свечка загараецца сама па сабе яркім полымем, валіць куродлівы дым, раптоўна чорная свечка гасне, разам з ёй і ўсе астатнія свечкі ў пакоі.
Пана Альберта і Чарнакніжніка паглынае цемра.
Калі змрок крыху рассейваецца — узнікае спачывальня паненкі Амеліі. Вакол ложка дзяўчыны снуюць у паўзмроку розныя прывіды, народжаныя варажбой Чарнакніжніка. Паволі іхняя хаатычная мітусня афармляецца ў асэнсаваны сюжэт: ігральныя карты накідваюць вяроўку на шыю пана Альберта і збіраюцца яго павесіць.
Голас Альберта. Амелія, я гіну. Дапамажы мне, Амелія. Ты, толькі ты можаш выратаваць мяне...
Паненка Амелія на імгненне прачынаецца, прывіды хаваюцца па цёмных кутах спачывальні, знікаюць .
Амелія. Божухна, які кашмарны і ў той жа час рэальны сон! Няўжо нешта здарылася з Альбертам? Гэтыя карты хацелі яго задушыць, а ён клікаў мяне на дапамогу. Але што я магу зрабіць, калі ён сам адштурхнуў мяне і насмяяўся над маімі пачуццямі?
Стомленая Амелія засынае. А вакол ложка зноў пачынаюць снаваць прывіды, але цяпер іх мітусня афармляецца ў іншы сюжэт: пана Альберта, апранутага ў акрываўленую, разарваную кашулю, акружаюць раз'юшаныя вярцепныя фурыі з крывавымі нажамі ў руках.
Читать дальше