Доўгая дарога, бясконцыя балоты, гаі, хвойнікі... Жоўтае і чырвонае лісце трапеча абапал.
Міжволі ўспамінаецца Біруце напаўзабытае цвіценне белых акацый, сярод якіх адзін з рыцараў, стройны юнак, у кальчузе, у шлеме, стаў перад ёй, шаснаццацігадовай Бірутай, на калені і папрасіў, каб яна, Бірута, дазволіла яму напісаць яе імя на сваім шчыце. Як успыхнулі яе шчокі і вушы ад тае просьбы! Мінуў месяц. Аднойчы ёй прынеслі шчыт таго рыцара — пашчапаны, з плямамі крыві... Бірута паклялася: ні на адно чужое плячо яна болей не схіліць сваю галаву! З таго моманту яна стала вайдзялоткаю (жрыцай). Жыць яна пачала ў цёмным лесе, у каменным храме. Там, ля багіні Праурымы, акружанай высокімі сценамі, разам з другімі, такімі ж як яна, вайдзялоткамі — пры белай сукенцы, пры зялёным фартушку са званочкамі, пры зялёным дубовым вянку на галаве — яна дзяжурыла, падкідаючы паленцы свяшчэннага дуба ў Зніч — вечны агонь. Аднойчы выйшла Бірута за агароджу ў лес — раптам з-за хвоі высунулася постаць таго рыцара. Не можа быць! Паленцы выпалі з рук Біруты. Праўда, прыгледзеўшыся, Бірута расчаравалася... Хаця якое падабенства — можа, так захацелі багі... Хударлявая постаць юнака — з чорнай бародкаю, з лукам за плячыма — неадступна потым стаяла ўваччу. Біруце хацелася, каб паленцы яшчэ хоць раз выпалі з яе рук і балюча ўдарылі па назе.
Глыбокай поўначчу з трэскам разляцеліся дзверы храма. Незнаёмцы пры чорных масках уварваліся ў адпачывальню вайдзялотак. Пылалі паходні, тупалі дзесяткі ног. Жылістыя рукі таго юнака падхапілі сонную Біруту і вынеслі яе за каменныя сцены ў лес.
Ах, якая ж яна, Бірута, была дурненькая! Гэта ж так прыемна аддаць сябе ва ўладу гэтых рук, сядзець у Кейстута на каленях, ляжаць з ім на мядзведжых скурах у цяньку пад дубам, калі ён скідвае сваю сарочку і адшпільвае пояс з кінжалам, ручка якога ўсыпана дыяментамі... Гэта ж так пацешна падкідаць угору сынка Вітаўта!
Трохі пасівелі ад тых часоў валасы ў Біруты. Літоўскім князем стаў Ягайла — пляменнік Кейстута. Свайго дзядзьку Ягайла прыкончыў залатым шнурком, сарванымз дзядзькавай адзежы, а Біруціну радню перасаджаў на калы і палажыў на дубовыя плашкі пад вострыя сякеры. Сама ж Бірута паспела ўскочыць у фурманку і крыкнула фурману: «Паганяй!»
I вось двое коней пад ноканне фурмана бягуць па даразе. Ужо даўно адарвалася Бірута ад пагоні, але ўсё ж не-не ды азірнецца часам назад: ёй так і здаецца, што з-за тоўстага камля выскачыць Ягайлава пагоня, схопіць яе. А ты ж была вайдзялоткаю? Ты ж давала клятву не выходзіць замуж? Могуць, схапіўшы, ёй так сказаць. А ты хіба забыла, што робяць з тымі, хто парушае клятву? Бірута ўяўляе, як, па загаду Ягайлы, яе за парушэнне клятвы хапаюць, зашываюць у скураны мяшок разам з камянямі, кошкай, сабакам і змяёй, потым прывозяць у тым мяшку да Нёмана на дзвюх чорных каровах і блёхаюць у ваду.
Фурман, не драмі! Фурман, не шкадуй пугі і конскіх сцёгнаў!
Драбней і драбней затахкалі капыты, больш напорыста пабеглі асіны колеру таго вострага ляза, што паднята над Біруцінай раднёй.
Коні праскочылі забалочаную лагчыну... Пратарахцелі па ламаччы... Прашлэпалі паручаі... Аб'ехалі кусты арэшніку...
Фурман, не драмі! Фурман, яшчэ раз страсяні лейцамі!
Цэлы дзень ляскаюць колы па карэннях... Здаецца, пагоні ніякае няма. Марудна паўзе на ўзвышак воз. Што там чарнее на ім?
Хай трохі ачахнуць коні.
Бірута саскаквае з воза.
Яе малітву слухае прыдарожны камень.
Гэта быў валун.
Пятнаццатае стагоддзе
1411 год .
Андрэй ідзе з войска дадому, успамінае бацьку, што з раніцы да вечара прастойвае на каленях з долатам, абкіданы смалістымі стружкамі, а потым выдзеўбаныя і свежа прасмаленыя чаўны цягае да зарослага сітняком берага, дзе гулліва ўсплёскваюць шчупакі. Ідзе Андрэй, і хочацца яму хутчэй дабрацца да тых стружак, дарыбацкіх сетак... Калі сцямнее і заквакаюць жабы, ён пераскочыць суседскі пляцень, падкіне сабаку хлебны мякіш, пачэша вуха яму і засвішча. На ягоны свіст шаргануцца дзверы, выбежыпь гнуткая, як вербалозіна, Кася. Пад плёскат вёслаў, седзячы ў чаўне, яна будзе, як і раней, сварыцца, бо ў яго, Андрэя, пацалункі шалёныя. Эх, а як будзе слухаць Кася, калі ён раскажа ёй пра Грунвальдскую бітву... пра Грунвальдскае поле з узгоркамі, з адзінокімі дубамі, дзе на абочыне лесу, яшчэ добра не абсушаныя пасля начных бліскавіц, пасталі ў тры рады ратнікі з прывязанымі да кальчуг пучкамі саломы, пасталі плячо да пляча, сціскаючы дзіды, сякеры, мячы, і між радамі прагарцаваў вялікі князь Вітаўт на кані, і харугвы, паслухмяныя яго загаду, пастроіліся клінам, і лепш узброеныя воіны выйшлі наперад... Як будзе слухаць Кася, калі ён, Андрэй, раскажа, як насупраць іх на санцапёку, бліскаючы бранёю, з вышыні закаваных у латы коней, праз вузкія шчыліны надзетых на галовы жалезных гладышак на іх узіраліся рыцары, з салодкім прадчуваннем, што іхнія капыты ўтопчуць яго, Андрэеву, галаву, разам з другімі галовамі ў чырвоную пужыну... Эх, Кася, каб толькі ты бачыла, скажа, абдымаючы яе ў лодцы, Андрэй, каб толькі ты бачыла-чула, як затрубілі трубы, як усе заспявалі гімн, як бабахнулі нямецкія пушкі, як прасвісталі каменныя ядры і як пачалася бітва — як затрашчалі і пачалі ламацца дзіды, як заляскалі мячы, як забразгалі сякеры — гром, скрыгат, енк... і як дрогнула было правое крыло нашага войска, і як пабеглі былі нашы ў балота, і як сам Вітаўт, збялелы, дарэмна размахваў перад уцекачамі мячом і крычаў... і як Смаленскія харугвы, што стаялі ў цэнтры...
Читать дальше