Валун не скажа нам пра гэта.
Але вось некалькі згадак:
Трынаццатае стагоддзе
1263 год .
Іскрыцца раса вакол і ціўкаюць птушкі. Пад гулкі тупат насустрач Даўманту, што прыгнуўся ў сядле, ляціць зялёнае галлё хвой.
Дзён колькі таму Міндоўг, вялікі князь Вялікага Літоўскага княства, паслаў Даўманта разам з войскам за Дняпро. На адным з прывалаў, калі забулькала ў катлах пшонная каша, Даўмант украдкаю адвязаў ад хвоі свайго каня, ускочыў на яго і прышпорыў назад, у зусім процілеглы бок. Конь нясе яго назад — да Літвы, да Кернова, дзе на кургане, на беразе Віліі, узвышаюцца зубчатыя сцены замка.
Мінулым летам у гэтым замку памерла жонка Міндоўга. Даўмант на пахаванне не паехаў, а паслаў туды сваю Алісу. Як-ніяк яго жонка Аліса была сястрою нябожчыцы. Як перадалі потым Даўманту — жрацы доўга і слёзна славілі княгіню ў малітвах, нарэшце паднялі яе на плечы, панеслі ў поле і апусцілі ў падпаленае ламачча, куды паляцелі рэчы нябожчыцы, а таксама лапы мядзведзя, каб было ёй чым лезці на гару, калі бог пакліча на споведзь. Як перадалі потым Даўманту — за памінальным сталом, дзе ўсе елі моўчкі, дзе жрэц спяваў малітву і кідаў пад стол яду, каб падсілкавалася душа нябожчыцы, захмялелы Міндоўг, седзячы побач з яго жонкаю Алісай, непрыкметна апусціў сваю валасатую руку на Алісіна калена. Фурман з таго пахавання прыехаў дадому адзін — без Алісы. Ашпараны навіною Даўмант сарваў са сцяны меч і, як стаяў, амаль голы, кінуўся да каня, але на ім ён так і не дамчаў: спуджаны воўкам конь скінуў яго на паўдарозе... Даўмант месяцы два не мог ступіць нагою, скрыгатаў зубамі і ў мёртва-апусцелым пакоі крамсаў мячом адзінае, што асталося ад жонкі,— Алісін куфар.
Да замка Міндоўга ён прыдыбаў тады трохі ахалоджаны, але ўсё ж стражнікі ля замкавай брамы пакасіліся і адшпілілі ад яго пояса меч. Насустрач свайму былому мужу на высокі ганак харом выйшла Аліса, трымаючы на ланцуту прыручанага здаравеннага мядзведзя. Яна кінулаяму ўсяго тры-чатыры словы і, як бы апраўдваючы сябе, падхапіла на рукі маленькага сына Міндоўга. Мядзведзь бразгаў перад ім ланцугом і шчэрыў зубы. Даўмант пастаяў, потым моўчкі павярнуўся і панёс свой гонар да замкавай брамы. Яго аклікнулі. З вышыні замкавай вышкі трохі весела, але разам з тым і вінавата, галёкаў яму Міндоўг: маўляў, пачакай, будзь госцем, пагаворым. Даўмант толькі адвярнуўся моўчкі. Ля замкавай брамы яму аддалі яго меч.
Усё гэта вельмі жыва прыпомнілася зараз Даўманту ў сядле. Пад конскія капыты бягуць бясконцыя павароты дарогі, лясны халадок студзіць абпаленыя сонцам шчокі. Далёка Даўманту да Літвы. Недзе ў керноўскім замку Міндоўг соладка разводзіць пальцамі свае доўгія вусы: ён жа паслаў яго, Даўманта, на вайну, а з вайны вяртаюцца не ўсе.
Абапал дарогі бягуць насустрач каню алешыны і грабы, ды перабягаюць часам дарогу зайцы.
Далёка Даўманту да таго замка, дзе ў адным з пакояў за сталом Міндоўг дастае, мабыць, з чатырохвугольнай падстаўкі акаваны золатам тураў рог і налівае ў яго віно і падае Алісе — яна ж весела ўзмахвае рукамі, але, урэшце, паддаецца на ўгавор і нясмела губамі дакранаецца да напоўненага рога. Няўжо гэтатая ж самая Аліса? Няўжо гэта яна на цёмнай пляцоўцы замкавай вежы аднойчы знянацку гарэзліва падкралася ззаду да яго, загуліўшы яму далонямі вочы, а ён не разгубіўся і адпомсціў ёй тады пацалункам?
Даўмант на міг аж прыжмурвае вочы, ахоплены гэтай згадкаю, потым прышпорвае каня. Ашалела ляціць насустрач зялёнае галлё.
Хоць і баяцца Міндоўга тэўтонскія рыцары, якіх ён смажыць на агні ў гонар свайго бога Пяркуна, але гэта яшчэ не значыць, што яго баяцца ўсе...
Хоць і зламаў ён хрыбет татарам ля Крутагор'я, але гэта яшчз не значыць, што ён можа зламаць хрыбет усім!
Гэта яшчэ нічога не значыць, думае Даўмант, і прышпорвае каня.
Хутчэй бы даскакаць да перакіднога моста керноўскага замка!
Ён бы, Даўмант, прыстаўшы на страмёнах, на ўсім скаку пераляцеў бы праз той мост, праз тыя зубчастыя сцены! Пераляцеў бы разам са сваім мячом, які так лёгка вырываецца з ножан!
Імчыцца на кані Даўмант. Зялёнае вецце хвошча па яго грудзях.
Раптам нешта велізарнае, каменнае, зачарнела наперадзе.
Даўмант спыніўся, саскочыў з сядла і, шэпчучы клятву, прыпаў ілбом да таго велізарнага і каменнага...
Гэта быў валун.
Чатырнаццатае стагоддзе
1382 год .
Пад ноканне фурмана двое коней бягуць па дарозе. На заднім сядзенні воза, на пругкім ахапку сена, задумалася саракагадовая Бірута.
Читать дальше