Ідзе Андрэй... Хістаюцца сонечныя плямы і цені хвой на пяску. Ломячы рагамі кусты белай чаромхі, збоку прабег лось, і Андрэй мацней сціснуў рагаціну на сваім плячы.
Хутка ён, Андрэй, будзе расказваць Касі пра вечар, калі ўлёгся густы пыл бітвы і ў паветры стаяў пахкрыві... пра ордэнскіх рыцараў, што ў белых— з чорнымі крыжамі — плашчах падалі з плачам на калені... пра іхнія павозкі, з якіх ён, Андрэй, выкідваў ланцугі...
Ідзе Андрэй і спыняецца... За паваротам дарогі звіняць падвешаныя да дуг бомы... Звіняць бліжэй і бліжэй...
Андрэй збочвае... Хай вазок праплывае міма... I раптам, бываюць жа нечаканасці на свеце, знаёмы голас:
— Андрэй!
Фурман прытрымлівае лейцы. У вазку, у вышытай сінімі васількамі сукенцы, Андрэй пазнае... Касю і падбягае да яе. Адкуль ты? Куды? Чаго? Колькі ж гэта лет-зім мы з табою не бачыліся? Кася, а ты слова, што давала мне, помніш?
I толькі тут заўважае Андрэй слёзы на Касіных вачах.
— Можа, памёр хто ?
— Не, ніхто...— замагільным голасам адказвае яна.
— Ну дык чаго ж ты?
Касін дрыжачы голас, і тое, што яна паведаміла Андрэю, і слёзы яе — усё гэта адбылося ліхаманкава— нібы кінуў хто Андрэя ў халодную ваду.
— Як? Не можа быць! Цябе прадалі другому князю? — рагаціна выпала з рук Андрэя.
— Не суджана быць нам з табою, Андрэйка...
Фурман узмахнуў лейцамі, і воблака пылу пакацілася за коламі вазка.
За бярэзнікам замерлі бомы... Што рабіць? Зараз жа, зараз жа павярнуць назад і ісці аж у Вільню! Аж да самога Вітаўта! Упасці перад ім, напомніць яму, што гэта яго, Андрэева, рагаціна выбіла з сядла ў часе бітвы аж самага вялікага магістра ордэна Ульрыха фон Юнгена... Напомніць яму, што гэта ён, Вітаўт, падарыў яму свой кінжал.
I Андрэй ударыў рагацінаю ў прыдарожны камень.
Гэта быў валун.
Шаснаццатае стагоддзе
1560 год .
Траскучы агонь абвуглівае сцены, клубы дыму выпаўзаюць з акон двухпавярховага дома, бушуе полымя, грыміць і абвальваецца дах разам з кроквамі. Натоўп мужыкоў, сціскаючы сякеры, нажы і косы, усё яшчэ пазірае... Няўжо праз ахопленыя полымем дзверы не выскачыць сам гаспадар гэтага дома? Няўжо ён — у жоўтых з залатымі шпорамі ботах — не ўпадзе перад іхнімі лапцямі на калені? Не будзе цалаваць аборы на іхніх лапцях?
Абвалілася сцяна, і Даніла, адзін з мужыкоў, пабрыў па чыста падмеценай алеі, спыніўся перад статуяй жанчыны, якая, выйшаўшы з вады, выціралася ручніком... Даніла хацеў плюнуць — цьфу, паскудства! — але нешта яго ўстрымала... Нешта ёкнула ў яго сярэдзіне... Статуя была падобна на яго жонку Марту... Жонка хадзіла ў панскі двор з дайніцаю, але чамусьці вярталася дадому з чыстымі, як сыр, рукамі і пахла нечым далікатным, чаго ён, Даніла, зроду не нюхаў. Мужыкі пачалі з Данілы падсмейвацца. Няўжо праўда? Даніла пачаў сачыць зажонкаю. Аднойчы, перад тым як ісці даіць кароў, Марта палезла на вышкі, выцягнула з сена празрыстую, нібы вытканую з паветра, сарочку... Значыць, мужыкі мелі рацыю...
Даніла трушком пабег па алеі, яшчэ раз ірвануў дзверы альтанкі — пуста... Няўжо ён не знойдзе ЯГО і не праткне віламі ЯМУ глотку? За сябе. За жонку Марту. За ўсіх, хто сціскае сякеры і косы.
Усюды буяла зелень. Даніла ўлавіў: нешта як бы заварушылася і кашлянула ў густым малінніку... Наставіўшы вілы, ён ступіў туды... І раптам белая кашуля ледзь не з-пад самых ног яго падскочыла і шмыгнула ўбок. Ён! Пан! Хутка-хутка замільгалі, уцякаючы, жоўтыя, з залатымі шпорамі, боты... Ах, гад! Засвістаў у Данілавых вушах вецер, засцёбала па каленях бадыллё... Вось-вось вастрыё яго віл увап'ецца ў белую кашулю з залатымі шлейкамі... Кашуля шмыгнула паўз дуб... Даніла таксама шмыгнуў паўз дуб... Кашуля затрашчала па вербалозніку... I Даніла — па вербалозніку... Кашуля прабегла па кладцы праз канаву... Кладка вузкая, зялёная... Даніла паслізнуўся і блёхнуўся ў гразь... Калі ён падняўся і азірнуўся, звінеў угары жаўранак і мелка дрыжала жылка над брывом... Прыглядаючыся, ці не шасне дзе-небудзь трава, ці не трэсне сучок, Даніла ступіў наўгад... Наперадзе яго зноў шмарганулася тая ж кашуля... «Зноў гад уцячэ!» Даніла шпурнуў наўздагон вілы... Яны прасвісталі паўз кашулю і ўторкнуліся ў грудок зямлі... I ў той жа міг вілы падхапіў пан і павярнуўся да Данілы... Зараз ужо трохзубая Данілава зброя ў панскіх руках і была нацэлена на яго, і ён міжволі, бачачы налітыя крывёю вочы, стуггіў крок назад... назад... назад... Вастрыё як бы раздумвала, што рабіць, і зрабіла крок на яго... на яго... на яго... Даніла рвануў наўцёкі... За яго спіною трашчала галлё, чуўся тупат панскіх ног, і ён адчуваў толькі, як вось-вось тры загноеныя зубы ўвап'юцца... увап'юцца... ніжэй лапаткі... ніжэй лапаткі... у шыю... у шыю... Але, здаецца, тупат ног адстае ад яго спіны... адстае... адстае... Вось яго ўжо і не чутно...
Читать дальше