Ён вывеў яе пад руку з-за фікусаў, i яна нясмела паклала яму руку на плячо. Яна нават не глянула ў той бок, дзе сядзела кампанія.
— Чорт пабяры, — сказаў у захапленні Лявон. — Сапраўдная рэдкасць вы, вось што.
Ён паглядаў скоса на кампанію i бачыў, як яны вырачылі вочы, калі ён, дачакаўшы такта, вывеў дзяўчыну на сярэдзіну пляцоўкі. Валасы Марыі на паваротках ледзь адчувальна датыкаліся да яго шчакі.
І глядзела яна на яго з кранаючым даверам, такімі дзіцячымі, зачараванымі вачыма, што ў Лявона сэрца зайшлося ад радасці i жаху: а раптам ён не варты гэтага, не апраўдае гэты давер.
Ён бачыў, што i тыя, за сталом, заўважылі гэта. Грабоўскі заскроб шчаку кончыкамі пальцаў, i ў голасе яго адчулася небывалае здзіўленне:
— М-да.
— М-да, — у тон яму, але з'едліва працягнуў Моршч.
— Пажартавалі, — сказаў Грабоўскі.
Запанавала маўчанне. Пасля Моршч рэзка кінуў:
— Так, пажартавалі. Бачыце цяпер ці не? Права на казку прадалі, а гэты чакаў — i дачакаўся. Я ж казаў, што вы застанецеся ў дурнях нават i з практычнага боку.
I з'едліва:
— Вялікі сэрцазнаўца, рэжысёр. Не мог душы гэтай дзяўчыны разгледзець. A гэты, паэцік даверлівы, ёлуп у сардэчных справах — гэты разгледзеў. Варта было, бо гэта... ах, якая дзяўчына! "Купілі" што называецца чалавека, зрабілі яму горш сваім неразумным.жартам. Над кім, пытаюся я вас, будзе цяпер Мінск смяяцца, га?
Грабоўскі пачырванеў. Сядзеў, не зводзячы вачэй з танцуючай пары, на якую многія ў рэстаране пазіралі цяпер з адкрытым захапленнем.
— А глядзіць як, — сказаў ён, — вось каб на мяне...
— Рылам не выйшаў, — падкалоў крытык. — Не для цябе кармушку ставілі.
Калі яны адыходзілі з рэстарана, Грабоўскі спыніў Моршча i вельмі цixa сказаў яму:
— Даруй, Вінцук, я быў дурань i, шчыра кажу, свіння. Хочаш, я папрашу прабачэння ў Касачэўскага.
— Нашто? — прагудзеў Моршч. — Ты ж iм горш зрабіў. I не лезь ты да ix, iм зараз i без нашых храп добра.
Грабоўскі прамаўчаў i толькі пасля сказаў цixa i ўпэўнена:
— Трэба верыць.
А Марыя і Лявон даўно ўжо ішлі па беразе мора ўсё далей ад горада. Maўчaлi. Ён проста трымаў яе пад руку i ішоў далей i далей ля гэтага мора, што слаба ўздыхала пад бледным паўночным небам.
Толькі пасля сказаў:
— Дзякуй яму, гэтаму дурню.
— Дзякуй гэтаму "Лятучаму Галандцу", — сказала яна. — Такія вялікія гарады i так губляюцца ў ix людзі. І вось з карабля-прывіду прыйшоў ліст. Добрыя-добрыя старыя начоўкі.
— Вы зусім не такая сёння, — ціха сказаў ён. — Вы такая пакорлівая лёсу, і гэтаму небу, і мору.
— Так, — сказала яна. — Можна хоць тут апусціць рукі, адчуваць сябе звычайнай, слабай дзяўчынай.
Касачэўскі павярнуўся да яе, да любых стомленых вачэй у зорным сяйве небагатага неба.
— Марыя, — цвёрда i любоўна сказаў ён. — Мне не хочацца расставацца з вамі, Марыя. Мы ведаем адно аднаго не тры дні, а трыста год. Iсці другой вуліцай, не ведаць вас, забыць пра вас — гэта будзе няшчасцем.
Яна ў адказ апусціла вei i ледзь чутна абапёрлася на яго руку.
Непрыкметна ўздыхала спакойнае мора, коцячы з глыбінь на пясок ашчапкі янтарнага палаца, разбітага некалі з-за першага на зямлі моцнага кахання. У бірузовым тумане, у лёгкім вэлюме, што ўкрываў сонныя воды, імчаліся недзе ў моры караблі-прывіды.
Алесь Наўроцкі
Некалькі згадак
На Белай Русі — зямлі маіх продкаў — непадалёку ад гарадка Мір на захадзе серабрыцца Уша, трохі далей — Сервеч. Недзе на сярэдзіне між гэтымі рачулкамі, прытокамі Нёмана, узвышаецца валун. За больш чым мільён гадоў пяць разоў распаўзаліся па Еўропе ледавікі, шліфуючы і пераціраючы абломкі горных парод, спуджваючы статкі мамантаў і насарогаў, выворваючы глыбокія даліны, пакідаючы пасля сябе азёры, рэкі і валуны.
Апошні вюрмскі ледавік амаль не закрануў Гродзеншчыну. Значыць, валун, што ўзвышаецца між рачулкамі, занесла перадапошняе Вялікае абледзяненне, якое было трыста тысяч гадоў таму, калі змрочныя пушчы маўчалі: валасатыя рукі яшчэ не замахваліся крамянёвай сякераю і не высякалі дубіны.
Чаго толькі не бачыў гэты трохметровы кавалак Скандынавіі на сваім вяку!
Бачыў ён нема разяўленых ад спалоху і здзіўлення маіх продкаў, што асцярожна падсоўваліся да хвоі, у якую толькі што грымнула з неба нешта сляпучае, вогненнае, тое, ад чаго чырвона трашчаць і абвугліваюцца сукі і галіны, што прыемна грэла.
Мінаюць тысячагоддзі, а валун камянее на адным і тым жа месцы, і чалавек, ідучы, апіраўся і апіраецца аб яго, скідваючы са сваіх плячэй то кавалак маманта, то кошык з балотнай рудой, то рыбацкую сетку, то мяшок мукі. Хто ведае, магчыма, які-небудзь князь і яго дружыппікі, вяртаючыся з паходу, раздзьмухвалі пры ім гарачае вуголле, смажылі медзвяжаціну, а пасля вячэры спалі, палажыўшы галовы на сёдлы.
Читать дальше