Вадзік слухаў і дзівіўся, адкуль дзед столькі ведае. Жыццё, відаць, навучыла, мноства тайнаў прыроды адкрыла. Ды з пакалення ў пакаленне, ад майстра да майстра перадаваліся гэтыя тонкасці, беражліва захоўваліся ў народных умельцаў, каб ад паўзабытага зноў адрадзіцца ў сучаснасці. Быў ён сяды-тады на дачах сваіх сяброў, бацькі якіх усярэдзіне ўсё з дрэва зрабілі. А на адной бачыў нават свяцільнік у форме кола з воза.
Дзед Максім браў у рукі брускі, гладзіў заскарузлымі далонямі, паказваў спілы розных дрэў, гадавыя кольцы на іх, зноў расказваў пра кадкі і кубельцы... А Вадзіку чамусьці ўяўлялася іхняя каманда, ігракі, падагнатыя адзін да аднаго, як клёпкі ў дзедавай бочцы, надзейна і гожа...
Вечарам Віка з Вадзікам з'ехалі з вёскі апошнім аўтобусам.
* * *
Ля стадыёна гулі і спрачаліся балельшчыкі. Кожны даказваў сваё, але ўсе сыходзіліся на адным: у першай гульні на выездзе будзе цяжка. Галандскі "Аякс" дома будзе рваць і кідаць, але перамогу не выпусціць.
— Гэта — не жартачкі, — гарачыўся высокі бландзін. — У нашых міжнароднага вопыту няма, адзін імпэт. У галандцаў — тэхніка і ігракі, як на падбор. А варатар? Чэмпіён свету і Еўропы! Паспрабуй забі такому.
— А ты помніш, як Францыя Бразілію раскалаціла? Хаця ўсе зараней ёй чэмпіёнства аддавалі, — невысокі таўсцячок расхінуў куртку. — I тут можа быць тое ж.
— Ну ты і загнуў! У нас жа такога, як Зідан, няма пакуль. Не веру я, што нашы ў наступны круг выйдуць. Не дараслі яшчэ.
— Хлопцы, хлопцы, супакойцеся. Мяч круглы і ўсякае можа быць. Вядома, "Аякс" гуляе класна. Але і нашы ім нервы папсуюць, — чырванашчокі кірпаты мужчына паправіў гальштук, газетай паказаў у бок футбольнага поля. — Я трэніроўку іх учора глядзеў. Хлопцы — закачайся! Рыўкі, удары, абводка... Сярэдняя лінія, як заведзеная працуе. Ды і абарона па росту іхнім не ўступае. Нападзенне, праўда, слабейшае. Адзін Ясінскі не выцягне: зажмуць, закрыюць ці пакалечаць. Але — пачакаем. Не трэба адчайвацца.
Гаворка з Кубка чэмпіёнаў пераскоквала на свой чэмпіянат, плыла ў даўнія ўспаміны, зноў вярталася назад.
— Ну, адгуляюць там, у Галандыі, нават няхай пару мячоў прайграюць. А што дома? Перад адказнай сустрэчай — фінал свайго кубка. Куды федэрацыя глядзіць? Можна было б і перанесці. Ці ж сляпыя яны? Хто ж перад такой гульнёй за тры дні кубак прызначае? Здурнелі...
— Што праўда, то праўда. Ці ж паспеюць яны сілы аднавіць. Кажуць, федэрацыя ўперлася, не хоча пераносіць: кажуць, дата нашага кубка была раней вядомая...
— А што важней — наш ці еўрапейскі? Тут і гаварыць няма чаго. Хіба што грошы не апошняе слова маюць: у нас — меншыя, там — вялікія. А, можа, хлопцы самі згадзіліся? Хто яго ведае.
— Можа, і так. Тут — выйграюць. На наступны год у Кубку кубкаў згуляюць. А там праляцяць. Дык чаго і ўпірацца?
Невысокі таўсцячок павярнуў гаворку на іншую тэму:
— Многае, хлопцы, ад судзейства залежыць. Там судзіць немец, а тут — італьянец. Калі не купілі іх, то ўсё справядліва павінна быць.
— А колькі іх купляюць! Кінулі мільён зялёных — і засудзіць. Пляваць яму, што дыскваліфікацыя свеціць. Да канца жыцця, як сыр у масле, жыць будзе.
— I гэта бывае, — высокі чарначубы мужчына гадоў пад сорак праціснуўся наперад. — Цяпер не толькі суддзю можна купіць, але і ўсю каманду. Гадоў пяць назад і я гуляў на першынство рэспублікі. У нападзенні, за мінскую "Арбіту". Апошняя гульня нам заставалася ў Барысаве. Мы і так бронзу заваявалі, нічога больш не свяціла. Барысаўчане, калі выйгравалі ў нас, на адно ачко Бабруйск абыходзілі і станавіліся чэмпіёнамі. Трэнеры, відаць, перагаварылі і дамовіліся: калі мы здадзім гульню, шаснаццаць крыштальных ваз нам падораць. Ну, пускаем у першым тайме адзін. У другім асабліва не ўпіраемся. А я тады ў нападзенні гуляў па левым краі. За мінут дзесяць да канца нехта мне ўразрэз закінуў. Выходжу я к варотам і думаю: "Трэба ж як-небудзь прамазаць". Размахваюся, а мяч у апошні міг ад нейкай купіны падскочыў і ў мяне з нагі зрэзаўся. Я абамлеў: у самую "дзевятку" ляціць! Варатар застыў, як укапаны. Слава Богу, мяч па перакладзіне чыркнуў і за вароты вылецеў. Хлопцы на віскі пальцамі паказваюць: ты што, дурны? Трэба ж яшчэ адзін тады прапускаць. Адыйшоў я бліжэй да абароны і там да свістка дагуляў. А пасля ад'ехаліся мы ад стадыёна — іхні ПАЗік нас дагнаў. У стружках і апілках нам перадалі шаснаццаць велізарных ваз. Не падманулі.
— Такое і цяпер бывае. Толькі стаўкі большыя. Асабліва ў канцы чэмпіянату. Аддаюць ачкі камандам знізу табліцы, каб не вылецелі з вышэйшай лігі. I не дакажаш. На маёй памяці такога не было.
Читать дальше