Алесь Камароўскі
Пенальці
Мяч з сілай урэзаўся ў крыжавіну варот, падскочыў пару разоў уверх-уніз і паволі пакаціўся насустрач, а потым, як заварожаны, спыніўся на белай адмеціне — пенальці! Варатар, не дацягнуўшыся да мяча ў адчаянным кідку, бяссільна ляжаў ля штангі. Абаронцы застылі, бо ведалі, што гэты не прамахнецца, такі момант не выпусціць. Суддзя паднёс свісток да губ: пасля ўдару рука ўпэўнена пакажа на цэнтр.
Такі мяч можна было забіць па-рознаму. Тры думкі імгненна мільганулі ў галаве... Можна было падхапіць мяч і рыўком уварвацца з ім у сетку, не баючыся, што варатар падымецца і перашкодзіць. Можна было шчочкай нагі лёгка качануць мяч у пустыя вароты, пусціць яго нават па цэнтру — і ніхто не перагародзіць яму дарогу. Гэтыя два шляхі — самыя лёгкія і надзейныя. Але Вадзіку хацелася забіць з шыкам, з сілай прыклаўшыся да мяча, укалаціць эфектна, магутна, каб наструненая сетка спружынна адкінула стракатае ядро назад, у поле. Такіх удараў і чакае стадыён, дзеля іх балелыпчыкі з ранку займаюць чаргу ў касы або запознена перакупліваюць білеты. Ён добра ведаў гэта. I таму дзве першыя думкі імгненна зніклі. Вадзік паскорыў бег і з сілай замахнуўся правай нагой...
* * *
Яшчэ і цяпер у яго вобліку было нешта юнацкае, маладое. Густы чуб, перавіты сівізной, прыгожа навісаў над разлётам броў. Вочы — глыбокія, удумныя, як быццам у іх вірах прытомлены клад вопыту і мудрасці, які — не-не, дый выблісне ў зрэнках гарачымі іскрынкамі... Роўны, з ледзь прыкметнай гарбінкай нос збераглі сотні падзенняў і паветраных дуэляў. Хаця рэдка хто з футбалістаў — о, колькі такіх выпадкаў ён мог успомніць! — заканчваў футбольную кар'еру, не пазнаўшы смаку крыві, тупы боль пераломаў, цягучых, вярэдлівых вывіхаў і расцяжэнняў. Губы — як ад прыкусу, налітыя, вычарчаныя... Упарты, злёгку раздвоены падбародак...
Гэта ён такі, калі глядзець збоку, з левага пляча. А калі з правага... Адразу ж успомніцца заліхвацкі казак, адважны і суровы, з шабляй, у парыве лёту на ўдалым кані. Глыбокі шрам, што рвана пралёг ад кутка губ да самага вока, яшчэ больш падкрэслівае гэтае падабенства. Роўныя сцяжкі сіне-белых швоў на шраме, як лесвіца, вядуць у памяць, у той далёкі красавіцкі матч з палякамі...
— Брыйся хутчэй, а то бульба астыне! — паклікала з кухні жонка.
Леанід Мікалаевіч апошні раз правёў лязом па шчацэ, падставіў станок пад струмень вады...
I тады цякла вада... Па шчоках, губах, вісках...
Але гэта было пасля, як яго вынеслі за поле... А перад гэтым... Што ж было перад гэтым?
Тры хвіліны заставалася да канца гульні. Тры хвіліны і — па нулях... Атакі глухлі на подступах да штрафной палякаў. Амаль уся каманда адцягнулася на сваю палавіну поля, выстраіла трайны заслон, які пераадолець было не так лёгка. Высокія абаронцы гасцей усе верхавыя мячы ўмела адбівалі, а тыя, што навешваліся на вароты, спакойна лавіў варатар. I вось тут Слава Паронін, левы крайні нападзення, прастрэліў нізам у штрафную. Мяч ішоў не напрамую, а ад падрэзкі рабіў дугу ў бок адзінаццаціметровай адзнакі, ад варатара. Таму варатар і не пайшоў на гэты нізкі, падкручаны мяч. Абаронцы звыкліся, што ўсе мячы ішлі толькі ў бок варот...
Ён рвануўся на гэтую перадачу на апошнім выдыху сіл. Імгненна ацаніў момант: прамы ўдар не пойдзе — стопер закрыў шлях і варатара; прабіць левай або правай ён не паспее — не дацягнецца; левы вугал варот на метр—паўтара адкрыты... Адштурхнуўся і нырнуў уніз, укладаючы ўсё ва ўдар галавой. Прабіў і не бачыў, як нечая буца запазнілася адбіць мяч і па інерцыі дайшла да віска... Не бачыў, як мяч слізгануў у ніжні вугал варот упрыцірку са штангай... Не чуў, як хутка прагучаў судзейскі свісток...
Па шчоках, губах, вісках цякла вада... А, можа, і кроў...
Але гэта было даўно, ой, як даўно...
* * *
Колькі разоў бачыў Сямён Міхайлавіч, як хітра і тонка пляце свае цянёты павук-крыжавік. Між дрэў ці галін ён сваю першую нітку замацоўвае адразу ўверсе, пасля спускаецца з ёй і пачынае раскалыхвацца, пакуль не захопіць бакавы ствол. Але самае цяжкае для яго — нацягнуць папярочку, нацягнуць туга, каб сетка пасля адчувальна вібрыравала ад лёгкага дотыку ахвяры. Нарэшце, калі аснова рамкі гатова, крыжавік пачынае пускаць радыяльныя павуціны-промнікі, а пасля лёгка злучае ўсе радыусы канцэнтрычнымі кругамі. Не ўсе ніткі, з якіх сплецена сетка, аднолькавыя: пасярэдзіне, дзе сядзіць павук, яны гладкія, сухія і шаўкавістыя, а вось далей ад цэнтра — клейкія, з мноствам вузялкоў.
Читать дальше