Першы спектакль быў пастаўлены ў адным гарадку, дзе цар скамарохаў наняў у багатага чалавека вялізны сарай пад часовы тэатр-цырк.
Прадстаўленне «Смерць у табакерцы» карысталася вялікім поспехам. Прыходзілі і старыя і малыя...
З гэтым спектаклем скамарохі вандравалі аж два гады па розных мясцінах і краінах.
Сарокі паведамілі сваёй роднай пані Сарачынскай, гэта значыць каралеве Лялі, пра гэтае прадстаўленне. Каралева Ляля была вельмі задаволена і запрасіла скамарохаў у каралеўскі палац. Дзіда-дзед не захацеў туды ехаць. Тады каралева Ляля задумала прыехаць на адзін са спектакляў.
Кароль Пінг-Понг не меў на гэта вялікай ахвоты, але што было рабіць, калі жонка загадала. Кароль вельмі баяўся каралевы, каб не зацкавала яго Мопсікам-Смерцю.
— Ехаць, дык ехаць,— сумна сказаў ён.
— Чаго так сумуеш, дарагі муж! — сказала каралева.— Трэба ж хоць раз паказацца народу, а то мы ніколі народу не паказваемся. Вечна сядзім у палацы, як у мармурова-залатым астрозе. Для твайго здароўя, мілы Пінг-Понг, гэта паездка вельмі карысная.
Кароль і каралева, канцлер, міністры, і царадворцы, і фрэйліны, і пажы, і камергеры, і камердынеры — усе-ўсе рыхтаваліся ў дарогу.
Тысячы бегуноў, танканогіх, мускулістых, лёгкіх, як алені, загарэлых, без вопраткі, апрача пурпуровых кароткіх штаноў, трубілі па ўсіх дарогах у сярэбраныя трубы і крычалі:
— Саступайце з дарогі! Едзе кароль Пінг-Понг, а з ім каралева Ляля! Каралева Ляля трымае на залатым ланцужку Мопсіка-Смерць!
— Смерць! Смерць! Смерць! — перадавалі людзі адзін аднаму вельмі спалоханыя і не толькі саступалі з дарогі, але ўцякалі на некалькі міль ад дарогі.
Прыдарожныя вёскі, мястэчкі і гарады апусцелі. Насельніцтва пахавалася па лясах. Нягледзячы на тое, што каралева Ляля набыла славу добрай, людзі баяліся, каб яна не спусціла на іх Смерць з залатога ланцужка. Як гэта кажуць: авечка баіцца не пастуха, а яго пугі.
За тысячамі каралеўскіх бегуноў ішоў полк лейб-гвардыі і рассцілаў па дарозе пышны аксаміт. За войскам былі расстаўлены абапал дарогі скрыпачы і гарманісты, дудары і флейцісты, барабаншчыкі і арфісты, гусляры і цымбалісты. Яны і ўдзеыь і ўночы гралі маршы ў чэсць караля Пінг-Понга і каралевы Лялі. Па дарозе раз'язджалі каралеўскія пажы з пальмавымі галінамі ў правай руцэ і вядзерцамі з духмянамі ў левай. Яны апырсквалі духмянамі пышны аксаміт на дарозе, каб смачна пахла.
За пажамі ехалі на белых сланах каралеўскія кухары з паходнымі кухнямі, у якіх гатавалася ежа. За імі ішлі лакеі ў доўгіх рыжых парыках, апранутыя ў белыя рэйтузы, у жоўтыя камзолы з залатымі галунамі і расстаўлялі абапал дарогі сталы, засцеленыя пурпуровымі абрусамі. Яны расстаўлялі на сталах ежу і розныя дарагія віны з лепшых княжацкіх скляпоў усяго свету.
Гэта на той выпадак, калі па дарозе каралеўскай сям'і захочацца есці.
З правага і з левага боку кожнага століка стаяла па адной прыгожай нявольніцы з распушчанымі валасамі, у блакітным адзенні з крыллямі за спіною, па-мастацку зробленымі з белага шоўку. Яны чакалі праезду караля і каралевы другія суткі з бакалам віна ў правай руцэ і з веткай вінаграду ў левай.
Калі каралеўскія міністры агледзеліся, што апусцелі гарады і сёлы, яны паслалі войска ў лясы па народ, які зганялі на дарогу бізунамі. Народу было строга загадана стаяць абапал дарогі з сагнутымі да самай зямлі галовамі, пакуль не праедзе залатая каралеў ская карэта, якую вазіла дванаццаць ільвоў.
У людзей балелі спіны, кружыліся галовы, аднак, баючыся гневу каралевы, яны стаялі сагнутыя ў крук.
Урэшце каралеўская карэта, а за ёю цэлы карнавал бліскучай світы прыехалі на спектакль.
Цэлыя два тыдні сарай, дзе гралі скамарохі, убіралі найлепшыя майстры з каралеўскага двара. Знутры і звонку ён быў пакрыт дарагімі персідскімі дыванамі. Простыя сасновыя ўслонкі для сядзення былі пакрыты пушыстым пурпурам. Пад столлю, перафарбаванай найлепшым каралеўскім маляром у сіняе неба з месяцам і зоркамі, віселі на бронзавых ланцужках сярэбраныя лампады з маслам, дзесяткі агеньчыкаў якіх нагадвалі жывыя зоркі.
Навокал сарая, які быў падобны цяпер да дзіўнай вялізнай будкі, не віданай нідзе на свеце, хадзілі з узнятымі палаючымі паходнямі адборныя веліканы — чорнабародыя, высокія, тоўстыя — і пужалі народ сваімі тупымі бычачымі вачыма.
* * *
Кароль і каралева сядзелі ў сараі ў першым радзе перад самой сцэнай. За ім сядзелі міністры, князі і княгіні, графы і графіні ды іншая знаць. Многім з іх прыходзілася стаяць на двары, бо сарай быў перапоўнены.
Читать дальше