А што да твайго Рамана, то ты, відаць, маеш рацыю. Можа і сапраўды так здарыцца, што ты даб'ешся яго прыхільнасці, а сама тады астынеш. Не будзе стымула. Зараз стымул у цяжкасці дабіцца свайго. А калі даб'ешся? Я проста не ведаю, што табе параіць. Падумай сама і я таксама падумаю да наступнага пісьма.
Будзь! Да чарговай пісьмовай сустрэчы."
"Прывецік, мой цвецік! Ад каго? Ну, вядома ж, ад мяне, Зінкі, і як ты дадаеш — Карзінкі.
У нас тут у асноўным наступіў зацішак. Усе грызуць граніт навукі. А ты? Я думаю, не толькі з Дзімай кадрыш да пра Рамана думаеш. А чаму ты пішаш, што ў мінулым жыцці ты была каменем? I чаму менавіта цёплым? У цябе хіба было другое жыццё? Ці ты нечым новым захапілася, што да нас яшчэ не дакацілася? Раскажы. I абавязкова патлумач, як разабрацца, чым хто быў ў ранейшым жыцці. Я таксама хачу ведаць, хто я ў мінулым. Толькі не кажы нікому, бо тады, калі я нейкай ненармальнай істотай ці прадметам акажуся, мяне зацюкаюць.
А цяпер пра некаторыя школьныя справы.
Ці помніш ты Юрку? Ён стаў такім прыдуркам, што проста сілы няма. Не выручае і ягоная прыгажосць. Каб жа да яе ды яшчэ розум. Учора ён радасна расказваў ўсім, як карася напаіў. Бацька яго з'ездзіў на рыбалку. Прыехаў позна і ўвесь улоў выпусціў ў ванну. Калі Юра прыйшоў са школы разам з хлопцамі, яны вырашылі трохі прычасціцца. А нехта прапанаваў: "Давай карася напоім." Юра злавіў вялікага карася, раззявіў яму рот (ці пашчу?) і ўліў гарэлкі. Той ў вадзе круціўся, як шалёны, ледзь з ванны не выскакваў. Ці мо ён хацеў укусіць свайго крыўдзіцеля? Ну, хіба не прыдурак?
А ён жа яшчэ і дастае ўсіх, прыкалваецца... Як той п'яны карась. Раней, у 5 класе, ён быў нармальным хлопцам. А зараз такая дастача, што я з ім нават не хачу размаўляць. Часта ён на перапынках падбягае да мяне і стукае далонню па задніцы. Аднойчы я не вытрымала і так заехала яму, што ён кулём адляцеў. А тады іншыя хлопцы пачалі шчыпаць мяне за попу. I нават Нінка, няўжо яна лезбі? I чаго ім далася ў знакі мая задніца? Попа як попа, ёсць на чым сядзець і чам хлопцаў звабліваць. А ў класе толькі адзін нармалёвы хлопец — Лёнік. Іншыя ж альбо бабнікі, альбо зануды...
Быў у нас у школе страшны прыкол. Мы — я і Наташка ідзём на перапынку ў туалет. А адтуль — не паверыш, Коля. Выскачыў, як апараны. Яму, відаць, так прыспічыла, што ён пераблытаў дзверы і заляцеў у дзявочы. Але пасля гэтага ён не толькі ў мужчынскі не пайшоў, а пасярод хіміі ўцёк з урока, бо ўсе на яго паглядвалі і хіхікалі. Хімічка супакойвала нас, але мы толькі яшчэ больш разыходзіліся і ледзь не качаліся са смеху. Тады Коля не вытрымаў і сігануў. А тўстуха Тома-Тона пра ўсё расказала хімічцы. Пасля гэтага, калі хто хацеў некага падкалоць, то казаў: "Вы не ведаеце, дзе туалет!? Туалет знайсці вельмі проста: па калідоры прама, пасля направа, а далей — па паху". Коля ж ажно з сябе выходзіў. Але чым больш ён злаваўся, тым больш яго даймалі. Так што наш клас пастаянна ўмее вылучацца. Мо таму яго і збіраюцца расфарміраваць?
Бывай здарова, як твая вясковая карова (прыкол).
Твая Зінка."
"Прывецік, Анжэла!
Нешта ты даўно мне не пісала, ці , можа, пісьмы не даходзяць? У нас у асноўным усё нармальна. Толькі ў класе не надта добра. Лёва стаіць на выключэнне. У нас новенькі з'явіўся (такі дэ(ды?)біл, што страх). Адным словам, адмарожаны. Ён сядзіць са Светай. А на мяне пазірае так ласа, як кот на кілбасы. Альбо як ліса на вінаград. Гена зараз на ўсю моц за Соняй бегае. Яна яго не пераносіць, а яму хоць кол на галаве чашы: ён сваё права правіць. Во фокус. У хлопцаў, гэтых каністраў, зараз манія з'явілася рукам волю даваць — задзіраюць кофты. А пад імі ў дзяўчат звычайна маек няма, толькі ліфоны. Ну, і... сама разумееш.
Дарэчы, я, Каця, Надзя, Галя, Ілля і Лёнік ходзім у клуб экалогіі. Зараз мы працуем над японскім праектам "кіслотныя дажджы" і перапісваемся з класам-партнёрам з-за мяжы. Мы замяраем радыяцыю ў паветры, кіслотнасць дажджу. Для нас гэта вельмі цікава. Калі будзе дастаткова матэрыялу, паляцім ажно ў Японію. Але яшчэ невядома, калі тое свята будзе, мо і на святое ніколі.
Нядаўна ў нас таксама быў КВЗ з 7"А" класам. Толькі твой клас там выйграў, а мы тут прайгралі. Відаць, таму, што ў нас не было Алекса і Дзімы. Жартую. Некаторыя прынялі пройгрыш так блізка да сэрца, што ледзь не расплакаліся, а пасля ўстроілі скандал. Але ж гэта можна перажыць. Гэта ж не без хлопца застацца. Добра, што іх у нас хапае, да таго ж на розны капыл. Праўда, і адмарожаных поўна, нават больш чым трэба. Ды і ты, мяркуючы па пісьму, не надта там сумуеш без хлопцаў. Толькі не захапляйся вельмі, каб не пераесці, а то і цукеркі бываюць горкімі, калі іх празмерна налопацца. I яшчэ, не надта перажывай з-за Рамана. Тут можа быць (так здаецца мне) альбо шчырае вяртанне да цябе, калі ты яшчэ не перагарыш, альбо попа да попы і квіты.
Читать дальше