I днямі да забруджанай яшчэ казакамі, жоўтай ад конскага гною дварчанскай рампы падагналі састаў з ронаўцамі.
Не чакаючы загаду на выгрузку, салдатня, адзетая ў зношаную, спісаную з рэгулярнага войска нямецкую форму, толькі з новымі жоўтымі шаўронамі на рукаве «РОНА» [10] РОНА — так званая Российская Освободительная Народная Армия Камінскага, фашысцкага паслугача.
, распаўзлася па мястэчку, шукаючы самагону.
Панапіваліся яны да паўсмерці і ўжо, як быкі, раз за разам хадзілі да ветру, дават сярод вуліцы перад блізкімі вокнамі, нікога ўжо не тоячыся і не саромеючыся. Паліцыянты ды самаахоўцы яшчэ так-сяк асцерагаліся, пабойваючыся немцаў ды наровячыся блізкай радні, што была тут, у мястэчку, ці ў недалёкай вёсцы. А для гэтых ні боязі, ні брыдкасці, ні страху ўжо не было. На душы асталіся толькі прыхованая помста, злосць і той цяжкі і мулкі, як ярмо, і ўжо не раз перапакутаваны боль, што звароту дадому няма, як не будзе, калі што,— літасці і даравання. I каб гарката не ела душу, лепш заліць вочы гарэлкай, тады свет адразу перайначваецца, харашэе, тады наўме толькі бабы...
Іх чацвёра п’яных, дужых мужчын, змовіўшыся, затаіліся на бруднай з скарынкай лядку сцежцы між штабялёў старых шпал. Яны чакалі, вядома, маладзіц, а трапілася ім чатырнаццацігадовае дзяўчо — дачка акалотачнага майстра, што з’явіўся тут у Дварчанах яшчэ перад вайною, прыехаўшы аднекуль з Цэнтральнай Польшчы і пасяліўшыся ў драўляным дамку пры самай чыгунцы. Далікатны, абыходлівы з людзьмі і відны сабою мужчына поруч з худою, чарняваю з касматымі нагамі, жонкаю выклікаў у старонніх людзей нейкую заўсёды непрытоеную спагаду.
Дзве іхнія дачкі — адна чатырнаццаці, другая сямі гадкоў — былі падобныя да бацькі: курносыя, з чыстымі бялявымі тваркамі, і заўсёды дагледжаныя, выпешчаныя і прыбраныя, як знарок, на бяду. Большая з іх у бурай, вязанай з ангорскага пуху шапачцы, з доўгімі, завязанымі пад бародкай вушамі, у караткаватым бежавым палітцо, з якога прыкметна вырасла, выдаючы ўжо на рослую не па гадах дзяўчыну, варочалася якраз са школы...
Дзяўча агледзілі ўжо беспрытомным недалёка ад гэтай ледзяной сцежкі...
I бабы з блізкіх ад чыгуначнай станцыі завулкаў кінуліся з плачом і гвалтам адны — да акалотачнага майстра, другія — у недалёкі адсюль паліцэйскі ўчастак.
Адзін з гэтых чатырох, не ўспеўшы ўцячы, здурэлы ад атрутнага самагону, ракам поўзаў яшчэ тут за штабялямі шпал.
Камендант паліцыі, выцягнуўшы з кабуры «вальтэр», чарпануў ботам п’янага, але тут якраз надарыўся афіцэр з орсткамендатуры, спыніўшы на шашы свой шары, заўсёды адкрыты «Фіят». Немец загадаў каменданту даставіць п’янага да эшалона і далажыць пра ўсё старшаму ронаўскаму начальству. На гэтым усё і скончылася.
Сёння адзін з тых чатырох, як пазналі дварчанскія кабеты, з’явіўся на рынку. З ім быў яшчэ адзін — высокі, з вогненна-рыжымі валасамі, што тырчалі з-пад пілоткі, з плямістым ад рабаціння тварам і, здаецца, менш п’яны.
Міця падышоў да гаманлівага рынку якраз тады, калі гэтыя двое, злосна крывячы кісла-п’яныя губы і сутаргава пацёпваючы плечукамі, прыставалі да старэнькага сутулага дзядка з падагнутымі каленьмі і ўпалымі, зарослымі сівай шчацінай шчокамі:
— Чё искоса смотришь? Партизан, гад? Мать...
— Вялікі гонар на цябе глядзець. Раскараку,— адступіўся дзядок, моргаючы сваімі чырванавата-слязлівымі вачмі і трымаючы ў абедзвюх руках зеленаваты лазовы кошык з вечкам, у якім, пэўна, ляжала ў мякіне ці грэцкай лусцэ капа яец.
— Чё он сказал? — азірнуўся кругом сябе высокі, папраўляючы на рыжавата-вогненнай галаве чубатую пілотку.
— Да какой чёрт іх здеся поймёт. Стрелять всех надо! — пахіснуўся меншы, шкрабучы з пляча караткаватую бельгійскую вінтоўку.
Нешта нядобрае, злое ўдарыла Міцю ў сэрца. Але што зробіш адзін супраць двух узброеных? З пякучай крыўдай і дасадай Міця прайшоў міма п’яных ронаўцаў і перапалоханага, збялелага дзядка, што цішком туліўся да людзей.
Кірмаш — невялікая, у сотню людзей, купка, што чарнела ўздоўж вуліцы,— гула прыцішаным, як зімовы вулей, гудам. Над ім узвышаўся хіба адзін зычны голас:
— Каму газэты! Каму газэты!
Міця, узрадаваўшыся і абмінаючы пастаўленыя на брудны, засыпаны чорнаю семачкаваю лускою лёд расчыненыя чамаданы з рознаю драбязою — сахарынай, каменьчыкамі для запальнічак, алюмініевымі расчоскамі і грабянцамі — пайшоў на знаёмы голас. Пахла алеем. Міця павярнуў нос на свойскі хатні пах: на драўляным табурэціку стаяла талерка яшчэ цёплых, бо курыліся парай, пухлых грэцкіх аладак. Каўтнуўшы даўкую сліну, выйшаў туды, адкуль чуўся сіплавата-зычны голас:
Читать дальше