Калі аднак пані Зося, крыху прынамсі, ведае вашу асобу, можаце спадзявацца на традыцыйнае: “Каву ці гарбату?”
Вы, пэўна, прыкмецілі ўжо, што ў горадзе ўсе сустрэчы, як прыватныя, так і афіцыйныя, службовыя, пачынаюцца піццём кавы або, прынамсі, гарбаты. Асабліва моцна трымаюцца за гэты абрад маладыя жанчыны, якія не так даўно прыехалі сюды з навакольных вёсак. Занадта рана аблажыўшыся патомствам і хатнімі, празаічнымі абавязкамі, мрояць пра вялікі, бліскучы, бачаны ў тэлевізары свет. І апошняй ніткай, якая спалучае іх з гэтай тэлевізійнай ілюзіяй, з’яўляецца кубак ранішняй кавы. Так яно бывае з паспалітымі, шэрымі жанчынамі. А вось у пані Зосі жаданне пачаставаць вас гарбатай мае зусім іншыя прычыны, бо справа тут не ў комплексах, але ў звычайнай гасціннасці, далікатнасці і культурнасці. Такая ўжо яна , пані Зося.
Другі год адыходзіць у нябыт, як дантыстычны тэхнік Апенька зрабіў ёй шлюбную прапанову, а пані Зося з за далікатнасці не адказвае ні так, ні не. Староннія людзі, бо толькі яны ўсё і пра ўсіх ведаюць, пашэптваюць тайком, што Зосіна сэрца назаўжды захапіў непрысутны ўжо ў горадзе мастак Шура. Мо і праўда, каханне іхняе, безумоўна, было найвышэйшага гатунку і справы ішлі туды, куды трэба, значыць — пад вянец.
— А акварэль, гэта рыба марская ці прэснаводная? — спытала дзяўчына, не здагадваючыся нат, што такі нявінны, на першы погляд звычайны сказ перайначыць і сённяшні дзень, і так дакладна абдуманую будучыню. Мастак Шура натужліва якраз змагаўся з Зосіным актам, дабываючы з уяўлення (зласліўцы кажуць, што не толькі з яго) дзявочыя грудзі, каб перанесці іх у раёны даступныя і іншым пачуццям. Пачуўшы ад Зосі такое пытанне, спачатку ён збялеў, потым пачырванеў раптоўна, а яшчэ пазней, элегантна паклаўшы пэндзаль, заявіў пра неадкладную патрэбу схадзіць у кіёск па папяросы. І больш яго ў мястэчку не бачылі.
Хваліўся пасля наш мясцовы цырульнік, што сустрэў аднойчы Шуру ў Варшаве на Ружыцкім базары. У парваным пінжаку, ашчацінелы, ён прагульваўся між ларкамі, час ад часу пакрыкваючы:
— Макрэль — акварэль — селядцы! Акула — бамбула — кіт!
Людзі праходзілі абыякава, часам толькі той ці сёй спыняўся, каб больш дакладна распытаць пра выгляд ці харчовыя звычаі незвычайнай рыбы бамбулы.
Пані Зосі, у памяць раптоўна закончанага кахання, застаўся выразна незакончаны партрэт: там, дзе жанчыны звычаёва носяць грудзі, калечыць вочы парожняе месца. І, магчыма, як цяпер задумоўваюцца спецыялісты, хто і чаму акалечыў мілоскую Венеру, так у далёкай прышласці нейкі аматар мастацтва задумаецца: хто і чаму адняў грудзі Зосі з Гайнаўкі?
Пайшло далёка за поўнач, калі нехта застукаў у акно. Стары пралупіў вочы і, стрымаўшы дыханне, стараўся вылавіць з мораку нейкі знаёмы і прыязны шум. Стук за акном паўтарыўся, аднак ён не быў ні знаёмы, ні прыязны.
— Хто там? — спытаў стары, прытуліўшы душу да касяка.
— Рыцар, змагар за праўду і справядлівасць. І за волю таксама, — адказаў голас з-за сцяны.
Стары вокамгненна перабраў у памяці доўгі пералік усякіх камандзіраў, якія за апошнія дзесяцігоддзі швэндаліся пад ягонымі вокнамі. Праўда, былі там і змагары за волю, і змагары за справядлівасць, трапляліся і змагары за праўду. Дык каб адразу ўсе тры ў адной асобе — цяпер гэта першы раз.
— Вы з лесу, пане? — спытаў. Спытаў абы спытаць, абы перапыніць цішыню, якая непатрэбна ўстаялася па абодва бакі сцяны. Вядома было, калі ўжо нехта прыходзіў сюды, дык абавязкова з лесу.
— З горада іду, змарыўся, — адказ быў зусім нечаканы.
— Нічога, пане, няма ў мяне. Няма хлеба, няма мукі, сала няма...
— А мне нічога і не трэба.
Не, такое яшчэ не чуў. Змаганне за волю і справядлівасць заўжды адбывалася з дапамогай дзедавай мукі, хлеба і сала, а цяпер уся тая зброя аказваецца — лішняй?
— Э-гэ-гэ! Як гэта — сала непатрэбнае? — недаверлівасць аказалася большай за страх і прамовіла голасам крыху ганарыстым , а крыху і раздражнёным.
— Ёсць у мяне ўсё. І хлеб, і да хлеба. Я ж сучасны рыцар. А дзверы — адчыніце. Запрашалі ж, — той пачаў траціць цярплівасць.
Стары змагаўся ўжо з клямкаю. Яшчэ хвіліна і — дзверы расчыніліся. Стаялі адзін насупраць аднаго, перакідваючыся позіркамі.
— Вось я і тут, — азваўся першым прышлы. — Вы мяне клікалі і, як бачыце, два разы паўтараць няма патрэбы.
— Што? — не зразумеў стары.
— Клікалі, клікалі. Апошняй ночы, праз сон. Памятаць не памятаеце, вядома. Усе вашы сны — во тут яны, — далікатным пальцам пастукаў у сваю скронь.
Читать дальше