Хто яго ведае? Мо высока пастаўленыя людзі, знаёмыя з яшчэ вышэйшай сілай, здагадваюцца, што адно добрая надзея — не найлепшы пропуск у будучыню, і на ўсякі выпадак інвестуюць свой капітал у іншыя вуліцы. У вуліцы, якія вартуюць якраз справядлівыя анёлы.
Не валэндаюцца людзі ў горадзе без парадку і прычыны. Здараецца, аднак, што ў наваколлі першага або дзесятага дня месяца некаторыя асобені з гарадскога роду паводзяць сябе так, быццам наведала іх гвалтоўнае жаданне вярнуцца да найранейшых вытокаў. Такія індывіды дастаюць з сябе гукі, падобныя на мяўканне і кваканне; бывае, што прымаюць пляската-гарызантальную выпраўку, стараючыся магчыма найшчыльней прытуліцца да ігнараванай у звычайныя дні зямелькі-матулі. У такіх выпадках прыбягаюць да іх, адзіныя тут, прадстаўнікі папярэдняй, менш дасканалай формы нашага існавання, усякія Шарыкі і Бурыкі, каб з дапамогай фізіялагічнага сакрэту пазначыць нехарактэрны дадзенаму месцу прадмет.
Раней бачыў я падобныя выпадкі і на вёсцы, не мелі яны, аднак, ніякага дачынення да канкрэтнага дня месяца, а ішлі ўпоруч з важнейшымі рэлігійнымі святамі, часам ступалі ўслед за бычкамі і кабанчыкамі, паспяхова адпраўленымі ў бойню.
Так вось пачаў я назіраць за жыццём новага для сябе асяроддзя, а бацькі яшчэ доўгі час курсіравалі між вёскай і мястэчкам, стараючыся разблытаць складаныя вузлы і ўзгаданы баласт перавезці на новае месца. Што ў натуральнай, а што ў ператворанай у грошы форме.
Першыя ўражанні, першыя назіранні, гэтаксама як і першае каханне — павярхоўныя наогул, а час бесцырымонна выварочвае ўсё дагары нагамі, і з пад бліскучай ды фальшывай скуры паказваецца дзяружнае, шорсткае палатно. Заглыбляючыся ў вуліцу, заглядаючы пад яе падшыўку, бачыш тое, што хочаш бачыць, а не тое, што табе паказваюць. І зусім нечакана даходзіш да высновы, што Шарыкі і Бурыкі — не адзіныя тут прадстаўнікі звярынага роду. З хлеўчыкаў, наспех змайстраваных, заканспіраваных у глыбіні панадворкаў, на курашаўскім дыялекце заяўляе сваю прысутнасць — сывараткай адкормлены — парсюк, зацягвае па-семяноўску певень, цвёрда, па-чаромхаўску замыкае кароўка.
А на вуліцы ўсё памаленьку выгладжваецца, уніфікуецца, саветызуецца. І семяноўскае “што”, і чаромхаўскае “шчо”, неахвотна, хаця непазбежна ўступаюць месца агульназразумеламу “цо там, пані, слыхаць?”
Танкі не прыязджаюць. Чацвёрты дзень працягваецца вайна, выпаўзае з тэлевізараў, трывожна бурчыць вуснамі радыёпрыёмнікаў, а на нашай вуліцы — цішыня і спакой. Мо толькі мужчыны пасталелі, раптоўна пахаладзелі, выпраставаныя брыдуць у заснежанае, акалелае ад холаду мястэчка, быццам бы ступаюць насупраць сваёй, заўжды аднолькавай у ваенны час мужчынскай долі. І вопыт у вайсковай справе, які ў мужчын аб’яўляецца невядома адкуль, ці не сам па сабе нават, загадвае ім паглядаць на сябе недаверліва і падазрона. Вайна ж прадказваецца грамадзянская, ды не адгадаць, хто прыяцель тут, а хто вораг. Мо заўтра ўжо пакліча радзіма, а сёння, пакуль што, ідуць на фабрыку. Дома развітваюцца з жанчынамі, ганарыста і жорстка, як ганарыстай і жорсткай бывае мужчынская ваенная справа. Пасля барацьбы, пасля перамогі — будзе час ласкі і пяшчот, а цяпер, абмінаючы жаночыя вочы, на пытанне, што будзе далей, адказваюць: не плач, баба, нармальна будзе. І бабы не плачуць. Паглядзеўшы з за фіранак на адыходзячыя ў замець постаці, канчаюць рыхтаваць сняданак, будзяць дзяцей і таксама адпраўляюцца ў свет. Зусім недалёка той бабскі свет. Абы-як пафарбаваны на зялёны колер прадуктовы кіёск, бы пузаты смок, акружаны бабамі, паўзе ў глыбокі снег, доўгім, пакручаным хвастом адбіваючыся ад белай, нахабнай мухаўні. Час ад часу выштурхне з сябе буханку хлеба або кілаграм солі, і бабы, схапіўшы і хлеб, і соль, зрываюцца з хваста, шыбуюць дамоў, усміхаючыся ад малога шчасця. А дом пухне ад солі, прасякае соллю, насычаецца. Бо соль вандруе шляхам вайны і завітвае ў хаты раней, чым плач і смерць.
Тым часам дзеці, сяк-так накормленыя, рассыпаюцца ўздоўж вуліцы, цікуючы, адкуль прыедуць танкі. Ці ад Хітрай, ці ад Кляшчэляў? Вялікія гарады запаўняюцца танкамі, зелянеюць ад мундзіраў вуліцы, а тут хоць ты плач: цішыня, спакой, задрыпонія.
І толькі, прафануючы незвычайны, сур’ёзны час, у канец вуліцы, недзе ад хітранскіх палёў, папярэджаныя званочкамі, пад’язджаюць сані. Палоззе паскрыпвае, рэжа снег на дзве доўгія каляіны, а далікатны ветрык падбірае з шыткаў восеньскі арамат атавы ды развейвае яго ўздоўж дарогі. І конь, схапіўшы гэты пах у раздутыя ноздры, штораз адварочвае галаву, аглядаецца на захутанага ў доўгі кажух гаспадара.
Читать дальше